МАНТЭ́Т,

летні сорт яблыні канадскай селекцыі. Атрыманы ад свабоднага апылення Грушаўкі маскоўскай. На Беларусі пашыраны ў аматарскім садаводстве.

Дрэва сярэднярослае, з авальнай рэдкай кронай і моцнымі шкілетнымі галінамі, накіраванымі ўверх. Пладаносіць на 5-ы год, ураджайнасць высокая, але нерэгулярная. Сорт сярэднезімаўстойлівы, пашкоджваецца паршой. Плады сярэдняй велічыні, круглавата-канічныя, зеленавата-жоўтыя з ярка-чырв. румянцам. Мякаць белая, сакаўная, пахучая, кіславата-салодкая.

З.​А.​Казлоўская.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНДЗО́РСКАЯ,

сорт грушы, выведзены ў Нідэрландах. На Беларусі (акрамя Віцебскай вобл.) рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве.

Дрэва моцнарослае, крона пірамідальная, сярэдняй гушчыні. Пачынае плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, высокаўраджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г). Скурка зеленавата-жоўтая, з невял. карычняватым румянцам. Мякаць белая, сярэдняй сакавітасці, паўмасляністая, кіславата-салодкая, крыху даўкая, здавальняючага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў пач. жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Віндзорская груша.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДЫ́ЗКА, райка, райская яблыня,

разнавіднасць яблыні нізкай. Радзіма — Закаўказзе. Выкарыстоўваецца як карлікавая прышчэпа для яблыні. Ва ўмовах Беларусі малазімаўстойлівая.

Слабарослае дрэва або куст. выш, да 2 м, з дробнаразгалінаванай і неглыбокай каранёвай сістэмай. Плады рознай формы і афарбоўкі, часта плоска-круглявыя, дыяметрам 1,5—2 см і болей на кароткіх пладаножках. Мякаць дробна-зярністая, кіславата-салодкая, прыемная. Парадызка Будагоўскага, або ПБ 9, — клонавая прышчэпа. Характарызуецца павышанай зімаўстойлівасцю і слабаросласцю, добра размнажаецца атожылкамі. Лісце і сцёблы цёмна-чырвоныя.

З.​А.​Казлоўская.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)