тэмпература кіпення

т. 16, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПСАТЭРМО́МЕТР (ад грэч. hypsos вышыня + тэрмометр),

гіпсаметр, тэрмабарометр, прылада для вымярэння атмасфернага ціску па т-ры кіпення вадкасці. Закіпанне вадкасці пачынаецца, калі пругкасць пары, якая ўтвараецца ў ёй, дасягае велічыні знешняга ціску. Кожнаму паказчыку атм. ціску адпавядае канкрэтная т-ра кіпення вадкасці. Гэта дазваляе па спец. табліцах па т-ры закіпання вады вызначаць атм. ціск. Гіпсатэрмометр складаецца са спец. тэрмометра, які дазваляе адлічваць т-ру з дакладнасцю да 0,01 °C, і метал. кіпяцільніка з дыстыляванай вадой. Існуюць таксама гіпсатэрмометры, у якіх дзяленні на шкале тэрмометра нанесены ў адзінках ціску (мм ртутнага слупка або мілібары). Выкарыстоўваецца ў экспедыцыйных умовах у гарах.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУС РЭАМЮ́РА,

адзінка тэмпературы. Абазначаюцца °R. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: т-ра плаўлення лёду (0 °R) і т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску (80 °R). Прапанаваны франц. вучоным Р.​А.​Рэамюрам у 1730. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАУ́ЛЯ ЗАКО́НЫ,

колькасныя залежнасці, якія звязваюць канцэнтрацыю раствору з ціскам насычанай пары растваральніку над растворам ці са зменай т-ры кіпення (замярзання) раствору. Сфармуляваныя Ф.​М.​Раулем у 1882—88 пры даследаванні ўласцівасцей разбаўленых раствораў.

Паводле аднаго з Р.з. адноснае паніжэнне парцыяльнага ціску пары растваральніку над растворам роўнае малярнай долі растворанага рэчыва (xB) : (pA0 − pA)/pA0 = xB, дзе рА — парцыяльны ціск растваральніку, pA0 — ціск насычанай пары чыстага растваральніку. Растворы, для якіх гэты закон выконваецца пры ўсіх канцэнтрацыях для абодвух кампанентаў, наз. ідэальнымі. Паводле 2 інш. Р.з. павышэнне т-ры кіпення ці паніжэнне т-ры замярзання раствору ў параўнанні з адпаведнымі т-рамі для чыстага растваральніку прама прапарцыянальна канцэнтрацыі растворанага рэчыва (гл. Эбуліяскапія, Крыяскапія). Растворы электралітаў не падпарадкоўваюцца Р.з., што абумоўлена электралітычнай дысацыяцыяй.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУС ФАРЭНГЕ́ЙТА,

адзінка тэмпературы. Абазначаецца °F. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: т-ра плаўлення лёду (32 °F) і т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску (212 °F). Традыцыйна выкарыстоўваецца ў некат. краінах, напр. у ЗША. Прапанаваны ням. фізікам Д.​Г.​Фарэнгейтам у 1724. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАВА́ЛАВА ЗАКО́НЫ,

2 законы, якія вызначаюць сувязь паміж саставам аднароднай вадкай сумесі двух лятучых кампанентаў і саставам і ціскам насычанай пары, што знаходзіцца ў раўнавазе з вадкасцю. Тэарэтычна абгрунтаваны і эксперыментальна пацверджаны Дз.П.Канавалавым у 1881—84.

Першы К.з.: пры пастаяннай т-ры ціск насычанай пары раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі ў ім таго кампанента, колькасць якога ў пары большая (меншая), чым у растворы; пры пастаянным ціску т-ра кіпення раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі таго кампанента, колькасць якога ў пары меншая (большая), чым у растворы. Другі К.з.: у пункце экстрэмуму на крывой залежнасці ціску ад саставу раствору (пары) пры пастаяннай т-ры (на крывой канцэнтрацыйнай залежнасці т-ры кіпення пры пастаянным ціску) саставы вадкасці і пары, што суіснуюць у раўнавазе, аднолькавыя. К.з. з’яўляюцца асновай пры распрацоўцы метадаў рэктыфікацыйнага раздзялення рэчываў.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУС ЦЭ́ЛЬСІЯ,

пазасістэмная адзінка тэмпературы. Абазначаецца °C.

Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты па Міжнар. практычнай тэмпературнай шкале: т-ра трайнога пункта вады (0,01 °C) і т-ра яе кіпення пры нармальным атм. ціску (100 °C). Выкарыстоўваецца нараўне з кельвінам. Прапанаваны швед. вучоным А.​Цэльсіем у 1742. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННЕ ХІМІ́ЧНАЕ,

хімічна індывід. рэчыва, у якім атамы аднаго ці розных элементаў злучаны хімічнай сувяззю. Адрозніваюць арганічныя злучэнні і неарганічныя злучэнні. Большасць З.х. падпарадкоўваецца пастаянства саставу закону і кратных адносін закону (гл. Стэхіяметрыя). З.х. характарызуецца пэўнымі фіз. канстантамі (шчыльнасць, т-ры плаўлення, кіпення і інш.). Атрымліваюць у выніку рэакцый хімічных. Састаў запісваюць у выглядзе формул хімічных.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТ (ад лац. punctum кропка),

1) месца, якое прызначана для пэўных мэт, напр., населены П., камандны П. (гл. Пункт камандны).

2) Асобны раздзел, параграф якога-н. тэксту, які абазначаецца лічбай або літарай.

3) Момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння, напр., кульмінацыйны П.

4) Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан, напр., П. кіпення, П. плаўлення.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ў хіміі,

аб’яднанне ў растворах аднолькавых ці блізкіх па прыродзе малекул або іонаў у групы (асацыяты) міжмалекулярнымі сіламі ўзаемадзеяння. Уплывае на фіз.-хім. ўласцівасці раствораў. Асацыяцыя малекул вады абумоўлівае захаванне ў вадзе фрагментаў структуры лёду і вызначае некат. яе анамальныя ўласцівасці (высокую т-ру кіпення, залежнасць шчыльнасці ад т-ры і інш.). У растворах электралітаў існуюць асацыяты з соцень і тысяч іонаў, вынікам гэтага з’яўляецца іх анамальная электраправоднасць.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)