Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НАВАР (ад грэч. kinnabari),
мінерал класа сульфідаў, сульфід ртуці, HgS. Мае 86,2% ртуці. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя або ромбаэдрычныя.
Агрэгаты тонказярністыя, шчыльныя ці зямлістыя. Колер чырвоны да карычнева-чырвонага. Бляск алмазны ў чыстым мінерале або зямлісты, цьмяны (з прымесямі). Паўпразрысты. Цв. 2,5. Шчыльн. 8—8,2 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Пашыраны ў выглядзе ўкрапін і жыл паблізу маладых вулканічных парод і гарачых крыніц. Трапляецца ў асацыяцыі з пірытам, марказітам, стыбнітам, сульфідам медзі ў жыльных пародах. Буйныя радовішчы на Украіне, у Іспаніі. Асноўная руда ртуці, таксама сыравіна для вырабу маст. фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУ́ЦІ СУЛЬФІ́Д,
злучэнне ртуці з серай, HgS. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: чырв. і чорнай (у прыродзе адпаведна мінералы кінавар і метацынабарыт). Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Узаемадзейнічае з канцэнтраванымі растворамі сульфідаў шчолачных металаў, чым карыстаюцца для вылучэння ртуці з сульфідных руд. Прыродную кінавар выкарыстоўваюць у вытв-сці ртуці, штучную — як матэрыял для фотарэзістараў, пігмент, каталізатар. Таксічны, ГДК у вадзе 0,005 мг/л (у пераліку на ртуць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ртутная падманка, гл.Кінавар
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМІ́Н (франц. carmin ад араб. кірміз — кашаніль + лац. minium кінавар),
чырвоны фарбавальнік, які здабываюць з цел бяскрылых самак насякомых кашанілі. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі гісталагічных прэпаратаў, як харч. і парфумерны фарбавальнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАДЭ́Н (Almaden),
ртутнае радовішча ў Іспаніі, самае вял. ў свеце і унікальнае па якасці руды. Распрацоўваецца з 1-га тыс. да н.э. Руды — кварцыты ў ніжнепалеазойскіх сланцах, маюць у сабе кінавар і самародную ртуць (да 1/20). У 1980-я г. здабыча ў межах 1,2—2 тыс.т металу. Запасы ацэньваюцца ў 250 тыс.т. Здабыча вядзецца ў глыбокіх шахтах. Самародная ртуць, якая сцякае ў ачышчальныя вырабаткі, збіраецца асобна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУ́ТНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы ртуці. Гал. рудны мінерал — кінавар (мае ртуці 86,2%), другасныя — метацынабарыт, самародная ртуць, лівінгстаніт і інш. Р.р. падзяляюцца на вельмі багатыя або штуфныя (5—10% і больш Hg), багатыя (каля 1%), радавыя (0,2—0,3%), бедныя (0,06—0,12%), убогія (0,02—0,06%) і ртуцьзмяшчальныя (0,01—0,00001%). Паклады пластападобныя і кантактавыя, жылы, гнёзды, штокверкі. Радовішчы нізкатэмпературныя гідратэрмальныя, радзей вулканагенныя, адзначаны выпадкі сучаснага адкладу ртуці з вод тэрмальных крыніц (штат Невада, ЗША; Новая Зеландыя; Камчатка). Найб. значныя запасы Р.р. у Іспаніі, Італіі, ЗША, Турцыі, Алжыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́РБЫмастацкія,
спецыяльна прыгатаваныя вадкія цестападобныя або цвёрдыя рэчывы і саставы, якія маюць павышаныя колеравыя якасці паводле здольнасці афарбоўваць і ўстойлівасці. Падзяляюцца на мінеральныя (неарганічныя, солі або вокіслы металаў) і арганічныя (складаныя злучэнні, пераважна расл. і жывёльнага паходжання). Бываюць натуральныя і штучныя. Колеравая аснова Ф. — парашкападобныя пігменты. У залежнасці ад сувязных рэчываў вылучаюць акварэль, гуаш, пастэль, сангіну, соус, тэмперу, а таксама алейныя фарбы, клеявыя фарбы і васковыя (гл.Васковы жывапіс). Ф. бываюць празрыстыя, непразрыстыя і лесіровачныя. Вядома каля 150 Ф. для жывапісу. З іх найб. выкарыстоўваюцца цынкавыя і свінцовыя бялілы, хромы, вохры, умбра, чырвоная і зялёная кінавар, ізумрудная зелень, кобальт, ультрамарын, паленая слановая косць і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ АКТЫ́ЎНАСЦЬ,
здольнасць актыўнага асяроддзя выклікаць вярчэнне плоскасці палярызацыі святла, што праз яго праходзіць. Натуральная аптычная актыўнасць абумоўлена несіметрычнай будовай малекул рэчываў (цукар, камфора, вінная кіслата і інш.; гл.Аптычная ізамерыя) або выклікана спецыфічнай арыентацыяй малекул (іонаў) у элементарных ячэйках крышталёў (кварц, кінавар і інш.). Крышталі такіх рэчываў не маюць пунктаў, восяў і плоскасцяў сіметрыі, заўсёды існуюць у 2 люстраных формах — правай і левай (гл.Энантыямарфізм). Штучная аптычная актыўнасць выяўляецца ў выніку вонкавых уздзеянняў, напр., магн. поля (гл.Фарадэя эфект). Аптычная актыўнасць вымяраецца з дапамогай палярыметраў, цукрамераў, спектрапалярыметраў і інш. На аснове аптычнай актыўнасці ў малекулярнай фізіцы і хіміі распрацаваны метады даследавання прасторавай структуры малекул, палімераў, крышталёў, унутры- і міжмалекулярных узаемадзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік усх.-слав. пісьменства 14 ст. Укладзена кн. Васілём Міхайлавічам Друцкім і яго жонкай Васілісай у царкву Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі р-н), у 1441 — віленскім месцічам Коканам у царкву Уваскрэсення Хрыстова ў Вільні, у 18 ст. належала архіепіскапу наўгародскаму Феадосію Яноўскаму.
Напісана на царк.-слав. мове ўставам на 376 старонках фарматам «у аркуш». Тэкст размешчаны ў 2 калонкі па 25—28 радкоў у кожнай. Важнае культ.-гіст. значэнне маюць запісы ў канцы рукапісу, якія сведчаць пра існаванне Друцка ўжо ў 10 ст. і пабудову першай царквы ў гэтым горадзе ў 1001. Маст. аздабленне — застаўкі і 54 ініцыялы тэраталагічнага характару, выкананыя чырвонай фарбай (кінавар). Зберагаецца ў б-цы Сібірскага аддзялення Рас.АН.
Літ.:
Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968. С. 9—11.