АСТАПКО́ВІЧ (Ігар Вячаслававіч) (н. 4.1.1963, г. Наваполацк),
бел. спартсмен (лёгкая атлетыка — кіданне молата), засл. майстар спорту СССР (1991), Беларусі (1995). Скончыў Наваполацкі політэхн.ін-т (1986). Чэмпіён Еўропы (1990), пераможца гульняў Добрай волі (1990), сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1992), чэмпіянатаў свету (1991, 1993, 1995), Кубка Еўропы (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛЕ́ТЫКА,
у шырокім сэнсе — фізічныя практыкаванні, якія развіваюць сілу, вынослівасць, спрыт і інш. якасці (гл.Атлетызм). З 19 ст. адрозніваюць цяжкую атлетыку (бокс, барацьбу, гіравы спорт) і лёгкую атлетыку (бег, кіданне, скачкі). З 1946 цяжкай атлетыкай наз. спорт, у аснове якога толькі падыманне цяжару (штангі, гіры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЗЯНКО́Ў (Васіль Васілевіч) (н. 3.5.1931, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. і рас. спартсмен (лёгкая атлетыка, кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1962). З 1957 у Маскве. З 1969 трэнер па цяжкай атлетыцы. Чэмпіён XVII Алімп. гульняў (1960, Рым). Чэмпіён СССР (1959, 1960, 1961). Рэкардсмен Еўропы, СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СТРА (грэч. palaistra ад palaiō змагаюся),
прыватная гімнастычная школа ў Стараж. Грэцыі. Звычайна ў П. займаліся хлопчыкі ва ўзросце 12—16 гадоў (на в. Самос была П. для дарослых мужчын). Праграма навучання ў П. ўключала бег, барацьбу, скачкі, кіданне кап’я і дыска (т.зв. сістэма пяцібор’я), гімнаст. практыкаванні, плаванне. П. мелі адкрытыя пляцоўкі, гімнаст. залы, басейны. Часам П. існавалі пры гімнасіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАНО́САЎ (Міхаіл Пятровіч) (н. 1.5.1929, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 11.11.1994),
бел. спартсмен і трэнер па лёгкай атлетыцы (кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1954). Засл. трэнер Беларусі (1965), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Канд.пед.навук. Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1953) і працаваў у ім (заг. кафедры, з 1976 прарэктар). Сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія). Чэмпіён Еўропы (1954, Берн), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1958, Стакгольм). Чэмпіён СССР (1952, 1954—58). Рэкардсмен свету (6 рэкордаў), СССР (11 рэкордаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІДА́ННІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,
спартыўныя практыкаванні ў кіданні на далёкасць спарт. снарадаў (кап’ё, дыск, молат, мяч, граната), у штурханні ядра. Спаборніцтвы па кіданні дыска і кап’я ўваходзілі ў праграму стараж.-грэч.Алімп. гульняў (з 708 да н.э.). К.л. ўключаны ў праграму сучасных Алімп. гульняў (кіданне дыска і штурханне ядра — з 1896, кіданне молата — з 1900, кап’я — з 1906), чэмпіянатаў свету, Еўропы па лёгкай атлетыцы і інш. буйнейшых спаборніцтваў. На Беларусі спаборніцтвы па Кл. праводзяцца з 1913 (г. Гомель, кіданні дыска і кап’я). Першы чэмпіянат рэспублікі па лёгкай атлетыцы, у т. л. па Кл., адбыўся ў 1924 (Мінск).
Бел. спартсмены неаднаразова дасягалі перамог: у кіданні дыска — Г.Калнаотчанка (уладальнік Кубка свету, 1985, чэмпіён СССР, 1983, 1985), Э.Зверава (чэмпіёнка свету, 1995); у кіданні кап’я — М.Грэбнеў (уладальнік Кубка Еўропы, 1977, чэмпіён СССР, 1977), Н.Каленчукова (дзявочае Ермаловіч; чэмпіёнка СССР, 1984—85, 1987), Н.Шыкаленка (сярэбраны прызёр XXV Алімп. гульняў, 1992, г. Барселона, Іспанія, чэмпіёнка свету, 1995); у кіданні молата — І.Астапковіч (сярэбраны прызёр XXV Алімп. гульняў, чэмпіён Еўропы, 1990), А.Балтоўскі (чэмпіён СССР, 1962), Р.Клім (чэмпіён XVIII Алімп. гульняў, 1964, Токіо, сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў, 1968, Мехіка, чэмпіён Еўропы, 1963, 1965—66, шматразовы чэмпіён СССР); М.Крываносаў (сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў, 1956, г. Мельбурн, Аўстралія; чэмпіён Еўропы, 1954; чэмпіён СССР, 1952, 1954—55, 1957—58); В.Рудзянкоў (чэмпіён XVII Алімп. гульняў, 1960, Рым, чэмпіён СССР, 1959—61); у штурханні ядра — С.Каснаўскас (рэкардсмен СССР, 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМ (Рамуальд Іосіфавіч) (н. 25.5.1933, в. Хвоева Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. спартсмен (лёгкая атлетыка, кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1964), майстар спорту СССРміжнар. класа (1965). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1956). З 1997 праф.кансультант Акадэміі фіз. выхавання і спорту. Чэмпіён XVIII (1964, Токіо) і сярэбраны прызёр XIX (1968, Мехіка) Алімп. гульняў. Чэмпіён (1966, Будапешт) і сярэбраны прызёр (1969, Афіны) чэмпіянатаў Еўропы па лёгкай атлетыцы. Уладальнік Кубкаў Еўропы (1965, Осла; 1967, Кіеў). Чэмпіён (1967, 1971), бронз. прызёр (1963) Спартакіяд народаў СССР, чэмпіён (1966—68, 1971), сярэбраны прызёр (1965, 1969) чэмпіянатаў СССР па лёгкай атлетыцы. Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. projectio літар.кіданне наперад),
відарыс прасторавай фігуры на плоскасці ці інш. паверхні.
Адрозніваюць цэнтральную, паралельную, прамавугольную П. Цэнтральная (канічная) П.: выбіраюць адвольны пункт S прасторы (цэнтр праектавання) і плоскасць α′ (плоскасць П.), якая не праходзіць праз пункт S; праз дадзены пункт A (правобраз) прасторы і цэнтр П. S праводзяць прамую SA да яе перасячэння ў пункце A′ з плоскасцю α′. Пункт A′ (вобраз) наз. цэнтральнай П. пункта A. П. фігуры наз. сукупнасць П. усіх яе пунктаў. Паралельнай (цыліндрычнай) П. пункта A на плоскасць α′ наз. пункт A′ перасячэння гэтай плоскасці і прамой p, якая праходзіць праз A паралельна зададзенай прамой a. У выпадку перпендыкулярнасці прамой n і плоскасці α′ П. наз.прамавугольнай (артаганальнай). Цэнтр. П. — аснова перспектывы. Цэнтр. і паралельная (у прыватнасці, артаганальная) П. знаходзяць дастасаванні ў нарысоўнай геаметрыі. Спец. віды праектавання на плоскасць, сферу, эліпсоід і інш. паверхні выкарыстоўваюцца ў астраноміі, геаграфіі, крышталяграфіі, тапаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАБО́Р’І ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,
спартыўныя практыкаванні, якія складаюцца з некалькіх (ад 3 да 10) відаў бегу, скачкоў і кіданняў. Класічнымі мнагабор’ямі лічацца: у мужчын дзесяцібор’е (бег на 100, 400, 1500 м і 110 м з бар’ерамі, скачкі ў вышыню, даўжыню, з шастом, кіданні дыска, кап’я і штурханне ядра), у жанчын пяцібор’е (бег на 100 м з бар’ерамі і 800 м, скачкі ў вышыню і даўжыню, штурханне ядра) і сямібор’е (акрамя відаў пяцібор’я — бег на 200 м і кіданне кап’я).
Паходзяць з часоў Стараж. Грэцыі; на Алімп. гульнях асн. відам спорту лічыўся пентатлон (пяцібор’е). Першыя спаборніцтвы па дзесяцібор’і праведзены ў Швецыі (1911), у праграму Алімп. гульняў уключаны з 1912 (Стакгольм). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1934, камандныя спаборніцтвы на Кубак Еўропы па мнагабор’ях — з 1973. Першыя міжнар. спаборніцтвы па пяцібор’і адбыліся на жаночай Алімпіядзе (1922, г. Монтэ-Карла, Манака), чэмпіянаты Еўропы праводзіліся ў 1950—80, у праграме Алімп. гульняў — у 1964—80. Спаборніцтвы па сямібор’і праводзяцца з 1981; у праграме Алімп. гульняў — з 1984 (г. Лос-Анджэлес, ЗША).
Сярод беларускіх мнагаборцаў вызначыліся: у дзесяцібор’і — Дз.Сухамазаў, бронз. прызёр Універсіяды (1995, Японія); у сямібор’і — жаночая каманда ў складзе Т.Алісевіч, А.Атрошчанка, С.Бурага, Н.Сазановіч, пераможца Кубка Еўропы (1995, Нідэрланды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
1) агульнаэлінскія святкаванні і спарт. спаборніцтвы ў Стараж. Грэцыі. Адбываліся раз у 4 гады ў Алімпіі ў гонар бога Зеўса. Звестак пра першыя Алімпійскія гульні не захавалася, іх адлік вядзецца ад 776 да н.э., калі былі ўведзены запіс пераможцаў і нумарацыя Алімпіяд. Складаліся з культавых абрадаў і спарт. спаборніцтваў. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх грэч. дзяржаў. На час Алімпійскіх гульняў абвяшчаўся абавязковы для ўсіх грэкаў «свяшчэнны мір» і не вяліся ваен. дзеянні. Да спаборніцтваў дапускаліся толькі вольнанароджаныя грэкі (пазней і рымляне) і толькі мужчыны. Кіравалі гульнямі эланодыкі (суддзі). Спаборніцтвы праводзіліся спачатку па бегу на 1 стадый (дыстанцыя, роўная даўжыні стадыёна — 197,27 м), затым на 2 і больш стадыі; з 708 да н.э. — таксама па барацьбе, пенталоне (пяцібор’е — бег, кіданне дыска і кап’я, скачкі ў даўжыню, барацьба), кулачным баі, гонках на калясніцах і інш. Пераможцаў Алімпійскіх гульняў (алімпіёнікаў) узнагароджвалі аліўкавым вянком, іх ушаноўвалі як нац. герояў на радзіме і па ўсёй Грэцыі (атрымлівалі сац. і паліт. прывілеі), часам абагаўлялі, у іх гонар ставілі статуі, чаканілі манеты. Алімпійскія гульні праводзіліся і пасля падпарадкавання грэч. зямель Рыму. Пасля ўсталявання хрысціянства Алімпійскія гульні як праява паганства забаронены ў 394 н.э.рым. імператарам Феадосіем I.
2) Буйнейшыя міжнар. комплексныя спарт. спаборніцтвы сучаснасці. Праводзяцца з 1896 кожны высакосны год летам паводле правілаў і палажэнняў, вызначаных Алімпійскай хартыяй. Праграмныя і арганізац. асновы Алімпійскіх гульняў, як і ўсяго алімпійскага руху, закладзены П. дэ Кубертэнам. Па яго ініцыятыве Парыжскі міжнар.спарт. кангрэс (1894) прыняў рашэнне пра аднаўленне Алімпійскіх гульняў. Арганізуе і праводзіць гульні алімпійскі горад і нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) краіны, у якой горад знаходзіцца, пад кіраўніцтвам і кантролем Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Парадкавы нумар Алімпійскіх гульняў захоўваецца незалежна ад таго, праводзіліся яны ці не (гл.табл.). Праграма Алімпійскіх гульняў уключае не менш як 15 алімпійскіх відаў спорту (абавязкова — лёгкая атлетыка, гімнастыка, плаванне, цяжкая атлетыка, барацьба, бокс, фехтаванне, веславанне, веласпорт, футбол, баскетбол). Арганізатары гульняў могуць уключаць і паказальныя выступленні па 1—2 відах спорту, не прызнаных МАК. На час Алімпійскіх гульняў удзельнікі размяшчаюцца ў алімпійскай вёсцы.Пачынаючы з 1924 праводзяцца і зімовыя Алімпійскія гульні, якія маюць уласную нумарацыю і адбываліся да 1994 у адзін год з летнімі. Апрача агульнай алімпійскай сімволікі Алімпійскія гульні маюць і ўласную (эмблемы, талісманы і г.д.).
Сярод традыц. рытуалаў Алімпійскіх гульняў — запальванне алімпійскага агню ў час адкрыцця гульняў (агонь, запалены ў стараж. Алімпіі ад сонечных промняў, эстафетай спартсменаў дастаўляецца ў алімпійскі горад), алімпійская клятва, якую ад імя ўсіх удзельнікаў прамаўляе адзін з лепшых спартсменаў краіны правядзення Алімпійскіх гульняў, клятва суддзяў, узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў алімпійскімі медалямі, узняцце дзярж сцяга і выкананне нац. гімна ў гонар пераможцы. З 1908 на Алімпійскіх гульнях пашыраны т.зв. неафіц. агульнакамандны залік — вызначэнне месца нац. камандаў на колькасці медалёў і заліковых ачкоў. Алімпійскім гульням спадарожнічае пэўная культ. праграма, выпускаюцца алімпійскія сувеніры, манеты, значкі, маркі і інш атрыбутыка.
Бел. спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх г. з 1952 у складзе зборнай каманды СССР, аб’яднанай каманды СНД (1992), з 1994 (зімовыя Алімпійскія гульні ў Лілехамеры) — самастойнай нац. камандай. Імі заваявана (у т. л. і на зімовых Алімпійскіх гульнях) 81 залаты, 39 сярэбраных і 36 бронзавых медалёў. Шматразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі былі гімнасты С.Багінская, В.Корбут, В.Шчэрба (6 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне), фехтавальшчыкі А.Бялова, Т.Самусенка і В.Сідзяк, барэц А.Мядзведзь, вясляр У.Парфяновіч і інш.
Літ.:
Олимпийская энциклопедия. М., 1980.
Г.К.Кісялёў.
Алімпійскія гульні
Алімпіяды
Год правядзення
Месца правядзення
Прадстаўленыя нац. алімпійскія к-ты
I
1896
Афіны
13
II
1900
Парыж
21
III
1904
Сент-Луіс
12
IV
1908
Лондан
22
V
1912
Стакгольм
28
VI
1916
Берлін*
VII
1920
Антверпен
29
VIII
1924
Парыж
44
IX
1928
Амстэрдам
46
X
1932
Лос-Анджэлес
38
XI
1936
Берлін
49
XII
1940
Токіо, пасля адмовы — Хельсінкі*
XIII
1944
Лондан*
XIV
1948
Лондан
58
XV
1952
Хельсінкі
69
XVI
1956
Мельбурн
67
XVII
1960
Рым
84
XVIII
1964
Токіо
94
XIX
1968
Мехіко
113
XX
1972
Мюнхен
122
XXI
1976
Манрэаль
88
XXII
1980
Масква**
81
XXIII
1984
Лос-Анджэлес
140
XXIV
1988
Сеул
160
XXV
1992
Барселона
172
XXVI
1996
Атланта
* Гульні не праводзіліся ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.
** Адзін з групавых турніраў Алімпіяды па футболе праводзіўся ў Мінску.
Да арт.Алімпійскія гульні: эмблема Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996); запальванне алімпійскага агню ў Лілехамеры (1994; уверсе); вокладка часопіса «World of Gymnastics» з выявамі чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў у Барселоне; дэлегацыя Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры, 1994.Да арт.Алімпійскія гульні. Алімпійскі агонь на вуліцах Мінска. 1980.Да арт.Алімпійскія гульні. Старт фінальнага забегу на 100 м на гульнях 1-й Алімпіяды (1896).Да арт.Алімпійскія гульні. Спаборніцтва па стральбе з пісталета на гульнях 5-й Алімпіяды (1912).Да арт.Алімпійскія гульні. Беларуская гімнастка В.Корбут — уладальніца 3 залатых медалёў на гульнях у Мюнхене (1972).