Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХЦІЧЫ,
вёска ў Сямёнавіцкім с/с Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 5 км на ПнЗ ад Узды, 79 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Негарэлае. 538 ж., 221 двор (1998).
У 2-й пал. 16 ст. сяло і двор (цяпер пас. Першамайск) у Менскім пав.ВКЛ. Да 17 ст. ўласнасць Кавячынскіх, якія на тэр. двара ў сярэдзіне 16 ст. пабудавалі кальвінскі збор (з 17 ст. касцёл і капліца-пахавальня). З 1590 мястэчка. У 17—19 ст. уласнасць Завішаў. З 1793 у складзе Рас. імперыі ў Ігуменскім пав Мінскай губ. У 1795 у К. 51 двор, у пач. 19 ст. 417 ж., 55 двароў, бровар, млын, кузня, медная ф-ка (1827). У 1-й пал. 19 ст. замест драўлянага пабудаваны мураваны сядзібны дом. У 2-й пал. 19 ст. ў К. жыў археолаг і этнограф Я.К.Завіша. У 1897 у вёсцы 817 ж., 118 двароў, царква, магазін. У 1972 у К. 742 ж., 239 двароў.
Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАТУ́ЦЬ,
рака ў Дзяржынскім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Уса (бас. Нёмана). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 344 км². Пачынаецца за 1,4 км на ПнЗ ад в. Лучыцы Дзяржынскага р-на, цячэ па паўд. схілах Мінскага ўзв. і каля г.п. Негарэлае. Упадае ў Усу на З ад в.Кухцічы Уздзенскага р-на. Даліна на вял. працягу невыразная, месцамі трапецападобная. Пойма пераважна роўная, месцамі пад хмызняком. Рэчышча ў верхнім цячэнні і на асобных участках сярэдняга цячэння каналізаванае, яго шыр. 8—10 м, зрэдку да 15 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,2 м²/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЧУ́Н (Уладзімір Рыгоравіч) (14.3.1914, в.Кухцічы Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 25.6.1998),
Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Мінскі трансп.-эканам. тэхнікум (1933), Сталінградскае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1939).
У Чырв. Арміі з 1936. У Вял.Айч. вайну з крас. 1943 на Паўд., 4-м Укр., 3, 1 і 2-м Прыбалт., Ленінградскім франтах. Камандзір авіяэскадрыллі штурмавікоў, капітан. К. зрабіў 133 баявыя вылеты на разведку і бамбардзіроўку войск праціўніка, знішчыў 27 танкаў, 112 аўтамашын з грузам і жывой сілай, 3 самалёты на аэрадромах і 2 у паветр. баі, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. Да 1957 у Сав. Арміі, падпалкоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХЦІЦКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму і барока. Фарміравалася ў 16—1-й пал. 19 ст. ў в.Кухцічы (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага р-на Мінскай вобл.). У комплекс уваходзілі палац, флігелі і парк з капліцай-пахавальняй Завішаў.
Палац (захаваліся бакавыя флігелі) — разгорнутая па фронце 3-часткавая кампазіцыя, цэнтрам якой быў 1-павярховы П-падобны ў плане аб’ём з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе. Флігелі — лаканічныя па архітэктуры 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі, вось сіметрыі якіх вылучана 4-калоннымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. Бутавая муроўка сцен дэкарыравана атынкаванымі пілястрамі, вуглы раскрапаваны руставанымі цаглянымі лапаткамі. Гал. фасады апяразаны фрызамі з трыгліфамі. Палац знаходзіўся ў маляўнічым пейзажна-рэгулярным парку. Капліца-пахавальня размешчана ў паўн.-ўсх.ч. парку. Пабудавана ў 2-й пал. 16 ст. як кальвінскі збор уладальнікамі маёнтка Кавячынскімі, у 17 ст. касцёл, у канцы 18 ст. капліца-пахавальня. Мураванае кампактнае 12-граннае ў плане збудаванне (таўшчыня сцен да 1,5 м) з конусным шатровым дахам і кубападобнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны цыліндрычнымі вежамі з шатровымі дошкамі і вузкімі байніцамі. У дэкоры выкарыстаны ляпныя гірлянды, геральдыка, слаістыя пілястры.