РАЎДВЕ́Э (Сільвія Янаўна) (н. 21.8.1927, в. Лехцэ Ярваскага пав., Эстонія),
бел. і эстонская мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Дзярж.маст.ін-т Эстоніі (1961). З 1961 мастак шклозавода «Нёман» у г.п. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл. З 1974 жыве ў Эстоніі, некат. час працягвала супрацоўніцтва са шклозаводам «Нёман». Аўтар узораў маст. посуду, які вызначаецца пастэльным каларытам, выяўленчасцю дэкору, высокай прафес. культурай, дызайнерскім падыходам: наборы «Універсальны» (1967), «Чырвона-сіні» (1968), «Масква золатагаловая» (1972), «Кухонны» (1973), «Гульня з шарамі» (1974), «Ветразі», «Поле» (абодва 1977), кубкі «Званочкі» (1971), «Талін», «Тарту» (абодва 1984), прыборы для крушону «Нектар» (1969), наборы падсвечнікаў «Люты» (1978), кампазіцыі «Флора», «Вясна», «Старыя лямпы» (усе 1969), анімалістычныя скульптуры, вострахарактарныя маскі, гратэскныя партрэты і інш. Аўтар вітража ў будынку гасцініцы пасольства Беларусі ў Маскве (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Створаны ў 1936 як арцель «Металабытрамонт». Вырабляў калёсы, падковы, конскую збрую, кухонны посуд, метал. тару, рамантаваў гадзіннікі, веласіпеды, матацыклы і інш.быт. тэхніку. У Вял.Айч. вайну эвакуіраваны ва Ульянаўскую вобл. У 1944 аднавіў вытв-сць. З 1966 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1996): пыласосы, шпрыцы аднаразовыя, гучнагаварыцелі рознапраграмныя, мэбля з лазы, вёдры і тазы, дзіцячыя цацкі, зубныя шчоткі і інш. тавары нар. ўжытку — усяго больш за 100 найменняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ,
прылады, апараты і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для вядзення дамашняй (кухоннай) гаспадаркі.
Найб. пашыраны: для захоўвання харч. прадуктаў (халадзільнікі дамашнія) і іх перапрацоўкі (мясарубкі, сокавыціскалкі, кухонныя універсальныя машыны — камбайны і інш.), для прыгатавання ежы і напояў (эл. і мікрахвалевыя печы, газавыя пліты, міксеры, кававаркі і інш.), для падагрэву вады (чайнікі, самавары, газавыя воданагравальныя апараты) і інш.Кухонны камбайн звычайна мае электрапрывод з рэдуктарам, зменныя насадкі мясарубкі, міксера, цестамяшалкі-збівалкі, кавамолкі, сокавыціскалкі, агароднінарэзкі, хлебарэзкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГУНО́ВЫ,
рускія архітэктары. Прыгонныя графаў Шарамецевых. Фёдар Сямёнавіч Аргуноў (каля 1732 — каля 1768). Прадстаўнік рус. барока. Дваюрадны брат жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве палаца Шарамецева ў Пецярбургу (1750—55). Па яго праектах пабудаваны кухонны флігель (1775), павільён «Грот» (1755—75), магчыма, аранжарэя (1761—64) у Кускове (Масква). Павел Іванавіч (каля 1768—1806). Прадстаўнік класіцызму. Сын жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве драўлянага палаца-тэатра Шарамецевых у Астанкіне (цяпер у межах Масквы, 1791—98); па яго праектах створаны інтэр’еры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСАРА́Б (Basarabi),
археалагічная культура жал. веку (8 — сярэдзіна 7 ст. да нашай эры) на тэр. Румыніі і Малдовы; адна з культур т.зв. фракійскага гальштату. Назва ад даследаванага тагачаснага паселішча каля в. Басараб (Румынія). Насельніцтва жыло на гарадзішчах і селішчах у лёгкіх наземных драўляных пабудовах, часам абмазаных глінай. Пахавальны абрад — трупаспаленні ў урне або яме і трупапалажэнні пад курганным насыпам або ў грунтавой магіле. Для керамікі характэрны чорнаглянцаваны сталовы посуд, нярэдка з белай інкрустацыяй; слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі і выступамі. Прылады працы, зброя, упрыгожанні належаць да ўсходнегальштацкага (ілірыйскага) тыпу старажытнасцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУЦЕ́НІ (Cucuteni),
энеалітычнае пасяленне ў Румыніі. Выяўлена за 12 км ад г. Ясы. Ранняя фаза датуецца 3380, позняя — 3000 да н.э. Выяўлены рэшткі глінабітных дамоў. Для ранняй фазы К. характэрна кераміка з трохколернай спіральнай размалёўкай і з паглыбленым спіральным арнаментам, грубы кухонны посуд, прылады працы з крэменю, косці, рогу і медзі, гліняныя схематызаваныя жаночыя статуэткі. Позняя фаза адметная керамікай з аднаколернай (чорнай) размалёўкай па аранжава-жоўтай паверхні, грубым кухонным посудам і керамікай са шнуравым арнаментам, глінянымі жаночымі статуэткамі з чорнай размалёўкай, фігуркамі жывёл, меднымі кінжаламі, сякерамі, нажамі, шыламі, бранзалетамі. Тэрмінам «К.» наз. культуру размаляванай керамікі, аналагічную трыпольскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАГРУ́ДАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (11—9 ст. да нашай эры) на тэр. лесастэпавай часткі Правабярэжнай Украіны. Назва ад т.зв. «попельнікаў» (разнавіднасць культавых помнікаў) у Белагрудаўскім лесе каля в. Пікавец (Чаркаская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах, у вялікіх (5 × 9 м, 10 × 12 м) паўзямлянках, заглыбленых да 1 м, вырабляла бронзавую зброю (кельты, кінжалы, наканечнікі коп’яў), упрыгожанні (скроневыя падвескі, бранзалеты, пярсцёнкі), каменныя прылады працы (укладышы для сярпоў, скрабкі, сякеры і інш.). Аснова гаспадаркі — земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы і трупаспаленне пад курганамі і ў грунтавых магілах. Характэрны цюльпана- і слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі, сталовыя міскі, кубкі, чарпакі, арнаментаваныя зубчастым штампам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАСІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з в. Дарасіно Любанскага р-на Мінскай вобл. Промысел вядомы з 18 ст., росквіту дасягнуў у канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі кухонны, сталовы, тарны посуд з гліны светлага ці шэра-чорнага колеру, глазуравалі празрыстай ці зялёнай палівай. Формы вырабаў светлага ці светла-чырвонага колеру ўпрыгожвалі прамымі і хвалістымі выціснутымі або ангобнымі паяскамі. Бытаваў таксама чорназадымлены посуд. У 1930—40-я г. працавала ганчарная арцель, цяпер — ганчарны цэх (майстры М.Прышчэпа, М.Філіпеня, В.Юхневіч). Традыцыі Д.к. прадаўжаюць таксама ў ганчарнай майстэрні пры Любанскім раённым цэнтры культуры.
Створаны ў 1993 у Мінску. У яго ўваходзяць 15 фабрык маст. вырабаў: Аршанская, Бабруйская, Баранавіцкая, Барысаўская, Бешанковіцкая, Брэсцкая, Гомельская, Жлобінская, Магілёўская, Мазырская, Пінская, Полацкая, Слонімская, Слуцкая, Хойніцкая, якія выпускаюць жаночае і дзіцячае верхняе адзенне з тканіны і трыкатажу, аздобленае вышываным бел.нац. арнаментам, сталовую і пасцельную бялізну, вырабы ручнога ўзорнага ткацтва, з лазы і саломкі, дрэва, дэкар. пано (размалёўка, разьба, інкрустацыя саломкай), сувеніры з ільновалакна.
Н.В.Пачынава.
Да арт.Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Беларускія лялькі. 1996.Да арт.Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Кухонны набор. 1996. Брэсцкая фабрыка мастацкіх вырабаў.Да арт.Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Плеценыя вырабы з лазы. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.