БЕ́ЛГАРАД,

горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Белгародскай вобл., на р. Северскі Данец. 315,7 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Аэрапорт. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэмент, мел, вапняк і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (энергет. машынабудаванне, прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная прам-сць і інш.), хім. (сінт. паўфабрыкаты, вітаміны), харч. (плодаагароднінная, кансервавая, мясная і інш.) прам-сць. 5 ВНУ. Белгарад — цэнтр н.-д. і праектных работ па асваенні Курскай магнітнай анамаліі. 2 тэатры, 2 музеі. Музей-дыярама «Курская бітва». Арх. помнікі 18—19 ст.

Упершыню ўпамінаецца ў 1237. У 1598—1785 горад-крэпасць, цэнтр Белгародскай абарончай лініі супраць крымскіх татараў на паўд. межах Расіі. З 1708 у Кіеўскай губ. З 1719 цэнтр Белгародскай прав., з 1727 у Курскай губ. З 1779 павятовы горад Курскага намесніцтва, з 1796 — Курскай губ. У 1869 праз Белгарад пракладзена Курска-Харкаўская чыгунка. У Вял. Айч. вайну ў раёне Белгарада ў ліп.жн. 1943 адбываліся цяжкія баі (гл. ў арт. Курская бітва 1943). З 1954 цэнтр Белгародскай вобл.

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

устаноўка для пераўтварэння энергіі ветру ў эл. энергію. Складаецца з быстраходнага ветрарухавіка, электрычнага генератара, аўтам. прылад кіравання імі, збудаванняў для іх устаноўкі і абслугоўвання. На некаторых ветраэлектрычных станцыях ёсць рэзервовы цеплавы рухавік, які выкарыстоўваецца ў перыяд бязветранасці.

Магутнасць ветраэлектрычнай станцыі да некалькіх мегават, ккдз ветрарухавікоў, якія выкарыстоўваюцца ў ветраэлектрычнай станцыі, да 48%. Маламагутныя ветраэлектрычныя станцыі (да 3 кВт) прызначаны пераважна для зарадкі акумулятараў, больш магутныя — для сілкавання электрарухавікоў і асвятлення памяшканняў. Ветраэлектрычныя станцыі выкарыстоўваюцца ў мясцовасцях, дзе сярэднегадавая скорасць ветру перавышае 5 м/с і якія аддалены ад сетак цэнтралізаванага энергазабеспячэння (у сельскіх і горных раёнах, у стэпавых, паўпустынных, арктычных і да т.п. зонах). Перспектыўныя і як нетрадыцыйныя крыніцы энергіі ў вял. энергетыцы — для энергазабеспячэння (гл. Ветраэнергетыка). Праблему электразабеспячэння за кошт энергіі ветру распрацоўвалі У.П.Вятчынкін, А.Г.Уфімцаў і інш. На аснове іх работ пабудаваны першыя ў б. СССР ветраэлектрычныя станцыі магутнасцю 8 кВт (1930, каля Курска) і 100 кВт (1931, каля Севастопаля).

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,

галіна энергетыкі, звязаная з распрацоўкай тэарэт. асноў, метадаў і тэхн. сродкаў для ператварэння ветравой энергіі ў эл., мех. і цеплавую. Займаецца таксама вызначэннем галін і маштабаў мэтазгоднага выкарыстання энергіі ветру ў нар. гаспадарцы. Ветраэнергетыка абапіраецца на аэралагічныя даследаванні, на базе якіх распрацоўваецца ветраэнергет. кадастр (па ім выяўляюць раёны са спрыяльным ветравым рэжымам). Аснова ветраэнергетыкі — ветраэлектрычныя станцыі (ВЭС).

Першыя ветрарухавікі (барабаннага тыпу) выкарыстоўваліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, у 7 ст. н.э. персы будавалі больш дасканалыя — крыльчатыя. Мяркуюць, што ветракі з’явіліся ў Еўропе і на Русі ў 8—9 ст., пашырыліся з 13 ст. (асабліва ў Галандыі, Даніі і Англіі), з 15 ст. — на Беларусі. Выкарыстоўваліся для пад’ёму вады, размолу зерня, прывода розных машын. У пач. 20 ст. М.Я.Жукоўскі распрацаваў тэорыю быстраходнага і высокапрадукцыйнага ветрарухавіка, пачалася прамысл. вытв-сць сродкаў ветраэнергетыкі. Былі пабудаваны першыя ВЭС: у Расіі каля Курска (1930, магутнасць 8 кВт), на Украіне каля Севастопаля (1931, 100 кВт), у Казахстане (пач. 1950-х г., 400 кВт). У канцы 1960-х г. у СССР створаны уніфікаваныя быстраходныя ветраэнергет. агрэгаты ВБЛ-3, ВПЛ-4, «Беркут» і інш., прызначаныя ў асноўным для пад’ёму вады на жывёлагадоўчых фермах, аддаленых пашах і інш. Перспектыўным лічыцца стварэнне магутных ветраэнергет. комплексных сістэм, якія спалучаюцца з дзейнымі энергасістэмамі і маюць эфектыўныя ветраагрэгаты (іх асаблівасць — паваротная вежа з двума ветраколамі, якія маюць 50-метровы размах лопасцей).

На Беларусі работы ў галіне ветраэнергетыкі пашырыліся з 1986. Уведзена ў дзеянне больш як 25 ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Распрацавана ВЭУ малой магутнасці БВ-305 (5,5 кВт, дыяметр ветраротара 8 м, макс. скорасць яго вярчэння 100 аб/мін, дыяпазон рабочых скарасцей ветру 3,5—20 м/с, гадавая выпрацоўка электраэнергіі 12—15 МВт·гадз); доследная партыя зроблена на Мінскім НВП «Ветрамаш». Распрацоўваюцца ВЭУ магутнасцю 30 кВт для ацяплення аўтаномных аб’ектаў, ветрамех. ўстаноўка для перапампоўвання вадкасці з свідравін. Перспектыўныя ветраагрэгаты серыі ВТН (навук.-вытв. фірмы «Ветэн», Расія), прызначаныя для электразабеспячэння аўтаномных аб’ектаў: ВТН8-4 магутнасцю 4 кВт, для раёнаў з сярэднегадавой скорасцю ветру v ≥ 3,5 м/с; ВТН8-8 — 8 кВт, v ≥ 5 м/с; ВТН16-30 — 30 кВт, v ≥ 5 м/с. Эканам. работа ВЭУ забяспечваецца пры сярэднегадавых скарасцях ветру больш за 3,5 — 4 м/с на вышыні 10 м (на Беларусі 3—3,5 м/с у паўд. ч., 4—4,5 м/с у цэнтр., 4—5 м/с зімой у цэнтр. і паўн.-зах. ч.). Патрэбнасць Беларусі ў сродках ветраэнергетыкі на бліжэйшую перспектыву ацэньваецца ў 150 шт. агульнай магутнасцю 900 кВт. Найб. мэтазгодна камбінаванае выкарыстанне энергарэсурсаў — у гібрыдных устаноўках, дзе спалучаецца выкарыстанне энергіі ветру з энергіяй сонца, бія- і арган. паліва і інш.

Літ.:

Энергия ветра: Оценка технич. и экон. потенциала: Пер. с англ. М., 1982;

Шефтер Я.И. Использование энергии ветра. 2 изд. М., 1983.

Ю.Дз.Ільюхін, У.М.Сацута.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)