ЧАРО́ТНІЦЫ (Gallinula),

род птушак сям. пастушкоў атр. жураўлепадобных. 12 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды, пераважна ў тропіках Паўд. Амерыкі і Афрыкі. Жывуць у зарасніках вакол вадаёмаў. На Беларусі 1 від — Ч. звычайная (G. chloropus), нар. назвы вадзяная курка, вял. вадзяная курачка. 2 яе падвіды (гавайскі і гуамскі) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 35 см, маса да 450 г. Цела сціснутае з бакоў. Апярэнне шыферна-чорнае або зеленавата-сіняе, падхвосце белае. Характэрна невял. налобная бляшка — чырв., блакітная, жоўтая або зеленаватая. Дзюба кароткая, вострая. Ногі і пальцы доўгія. Нясуць 4—12 яец. Кормяцца пераважна расл. кормам, радзей насякомымі і іх лічынкамі і інш. Аб’екты палявання.

Чаротніца звычайная.

т. 17, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЫ́ЛКА,

невялікі вершаваны твор, часцей гумарыстычнага характару, з дапамогаю якога вызначаецца чарговасць у гульні, выбіраюцца яе ўдзельнікі або вядучыя; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. Паходжанне Л. звязваюць са стараж. вераваннямі, варажбой, з даўнімі часамі, калі людзі вучыліся лічыць. Паводле тэматыкі розныя: ад стараж. цуранняў да сучасных сюжэтаў (пра космас і інш.). Паводле зместу падзяляюцца на сюжэтныя і бессюжэтныя. У залежнасці ад лексічнага складу, кампазіцыйнай будовы і эмацыянальна-гукавой арганізацыі сярод сюжэтных вылучаюцца Л. з пералікам (накшталт «Раз, два, тры, чатыры, пяць...»), з элементамі мудрагелістасці («Энікі-бэнікі...», «Анцы, цванцы, трычы, рычы...») і без пераліку і мудрагелістасці («Бегла курка па таку...»). Важныя элементы выканання Л. — міміка, рухі, якія супадаюць з рытмікай верша (лёгкага для вымаўлення).

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Мельников М.Н. Русский детский фольклор. М., 1987;

Довженок Г.В. Український дитячий фольклор. Київ, 1981.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 9, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)