Куравай, гл. Астрагал

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАВА́Й, астрагал (Astragalus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я, пераважна ў засушлівых абласцях. На Беларусі 4 віды К.: дацкі (A. danicus), нутавы (A. cicer), пясчаны (A. arenarius), саладкалісты (A. glycyphyllos, нар. назвы паўзун лесавы, пельзач лясны, гарох воўчы, слічны ясь) і 7 інтрадукаваных. Трапляецца ў хваёвых лясах, на пясчанай глебе, у поймах рэк.

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, травы, паўкусты, невял. кусты. Лісце няпарна- ці парнаперыстае, часам з калючкай на канцы чаранка. Кветкі няправільныя, у пазушных гронках або галоўках. Плод — струк. Кармавыя, лек. і дэкар. расліны.

Куравай.

т. 9, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАГА́Л (Astragalus),

род кветкавых раслін, гл. Куравай.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБО́ВЫЯ, матыльковыя (Fabaceae, Leguminosae),

сямейства двухдольных раслін з парадку бабовакветных. Каля 650 родаў, больш за 18 тыс. відаў. Пашыраны па ўсёй сушы зямнога шара. На Беларусі 20 родаў (найб. вядомыя баркун, вязель, гарох, гарошак, жаўтазель, зяновец, канюшына, куравай, лубін, люцэрна, пералёт, рабінія, рутвіца, чына, эспарцэт) і больш за 80 дзікарослых відаў. Рэдкія віды бабовых занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Адна- і шматгадовыя травы, паўкусты і кусты, ліяны і дрэвы. Лісце пераважна чаргаванае, складанае, з прылісткамі. Кветкі найчасцей у гронка-, коласападобных і галоўчатых суквеццях, звычайна зігаморфныя. Плод — боб. На каранях бабовых утвараюцца клубеньчыкі, у якіх знаходзяцца бактэрыі, здольныя фіксаваць атм. азот. Тэхн., лек., харч., кармавыя, дэкар. і сідэратныя расліны; ёсць ядавітыя, якія маюць алкалоіды і выкарыстоўваюцца як лек. і інсектыцыдныя.

Літ.:

Флора СССР. Т. 11. М.; Л., 1945;

Тахтаджян А.Л. Система и филогения цветковых растений. М.; Л., 1966;

Яго ж. Система магнолиофитов. Л., 1987;

Флора Европейской части СССР. Т. 6. Л., 1987.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),

аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 1—2), 6. М., 1980—82;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

Пакрытанасенныя. Двухдольныя (1—12). Складанакветныя: 1 — нівянік звычайны; 2 — піжма звычайная; 3 — васілёк перысты. Бабовыя: 4 — цэзальпінія Джыліса; 5 — чына лясная; 6 — куравай эспарцэтавы. Казяльцовыя: 7 — боцікі клабучковыя; 8 — сон-трава расчыненая; 9 — пылюшнік водазбіральналісты. Ружавыя: 10 — дуброўка гусіная; 11 — яблыня ягадная; 12 — вятроўнік звычайны. Аднадольныя (13—20). Злакі: 13 — трыснёг звычайны; 14 — купкоўка зборная; 15 — авёс пасяўны; 16 — кукуруза. Архідныя: 17 — дэндробіум высакародны; 18 — катлея Трыяны; 19 — ятрышнік Фукса; 20 — чараўнік двухлісты.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)