Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«КУПА́ЛІНКА»,
жаночы вакальны квартэт. Існаваў у 1966—87. Створаны пры Дзярж.нар. хоры Беларусі па ініцыятыве Г.Цітовіча. З 1976 у складзе харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У розныя гады ў ім працавалі В.Антонава, В.Марозава, Н.Баканава, Н.Бранковіч, Н.Гумянюк, А.Цялькова. Рэпертуар «К.» ўключаў апрацоўкі бел.нар. песень (каляндарна-земляробчых, любоўна-лірычных, сямейна-быт., жартоўных), арыгінальныя творы бел. кампазітараў. Квартэт вылучаўся высокай вак. тэхнікай і выканальніцкай культурай, дакладнасцю ў перадачы стылявых асаблівасцей розных фалькл. жанраў. У 1983 на бел. тэлебачанні зняты фільм-канцэрт «Купалінка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАВА (Валянціна Васілеўна) (н. 2.10.1932, Мінск),
бел. спявачка. Засл.арт. Беларусі (1966). З 1952 салістка Дзярж.нар. хору БССР (падгалосачнае сапрана), створаных пры хоры актэта і квартэта «Купалінка». У 1975—80 у фальклорна-харэагр. ансамблі «Харошкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАВА (Валянціна Васільеўна) (1.12.1935, Мінск —8.11.1990),
бел. спявачка (нізкі альт). Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла БДУ (1966). У 1952—79 салістка Дзярж.нар. хору Беларусі, удзельніца створаных пры хоры вак. актэта і квартэта «Купалінка». Спявала ў нар. і акад. манеры, выконвала сольныя партыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВА́ТАЯ (Раіса Уладзіміраўна) (н. 11.3.1953, г. Асіпенка, Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). Працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва (з 1975). Сярод работ: габелены «Першыя камедыянты» (1980), «Сланечнікі» (1982), «Купалінка» (1983), «Ноч на Беразіне» (1986), трыпціх «Вытокі» (1988), «Герберы» (1989), «Каляды» (1991), «Ціхая затока» (1996) і інш. Стварае таксама касцюмы для самадз.фалькл. калектываў. У яе творах — сучасныя рытмы, багацце фарбаў, якія спалучаюцца з глыбокімі нац. традыцыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНКО́ВІЧ (Ніна Несцераўна) (н. 18.11.1951, в. Хрыса Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. спявачка (альт). Засл.арт. Беларусі (1992). Скончыла Брэсцкае муз. вучылішча (1973). З 1974 у квартэце «Купалінка» (з 1976 у складзе фалькл.-харэагр. ансамбля «Харошкі»), у 1987—96 у Бел. філармоніі. Манеры выканання спявачкі найб. блізкія бел.нар. песні лірычнага плана («Каля майго церама», «Павей, ветрык», «Шумяць вербы», «Зялёны гай», «Купалялё»). У складзе квартэта зрабіла шмат запісаў на радыё і грампласцінкі, у т. л. кампакт-дыск (Парыж, 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭСЬ (Аляксандр Яўхімавіч) (н. 22.5.1951, г. Брагін Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў БПІ (1981). Працуе на Мінскім электратэхн. з-дзе імя В.І.Казлова (з 1973). Вучыўся ў свайго бацькі — нар. майстра Я.С.Грэся, працуе пераважна з жонкай — нар. майстрам Г.С.Грэсь. Аўтар твораў утылітарнага і дэкар. прызначэння з саломкі, лазы, бяросты, чароту і інш.: куфэркі, цукерніцы, хлебніцы, вазы, капелюшы, пацеркі, бранзалеты і інш. Аформіў саломкай інтэр’ер пакоя музея М.Багдановіча ў Мінску (1983). Аздабляе касцюмы фалькл. калектывам «Белая Русь», «Агмень», «Купалінка», «Крэсіва», «Жавароначкі», «Бяседа» і інш. Творчасці ўласцівы нар. матывы, завершанасць кампазіцыі і пластычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ФІЛАРМО́НІЯ, Беларуская дзяржаўная філармонія. Створана ў 1937 у Мінску. Вядзе канцэртную, лекцыйную, муз.-асв. дзейнасць. У складзе філармоніі (1996): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Р.Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, ансамблі нар. музыкі «Свята», інструментальны «Кантабіле», вакальны «Камерата», філармонія для дзяцей і юнацтва (з 1992), аддзел камернай музыкі, тэатр пантамімы «Рух», вакальны гурт нар. песні «Купалінка», бел. паэтычны т-р аднаго акцёра «Зніч». У 1939 у самаст. арг-цыю вылучаны сектар эстрады «Белдзяржэстрада». Маст. кіраўнік Ю.Гільдзюк (з 1983).
Літ.:
Загородний Г.Н. Белорусская государственная филармония. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁМКІНА (Вольга Васілеўна) (н. 30.4.1953, в. Забаенне Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак дэкар,прыкладнога мастацтва. Скончыла Рэсп. школу-інтэрнат па музыцы і выяўл. мастацтве (1971), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). Працуе на Мінскім вытв.-маст. камбінаце (з 1979). У тэхніцы габелену стварае творы на тэмы бел. мінуўшчыны («Рэха», 1977, «Песня з мінулых стагоддзяў», 1978, «Ветразь міру», 1986, «На строме часу», 1986, «Малітва», 1992), чарнобыльскай трагедыі («Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся», «Крыніца часу», абедзве 1989, «Узыходжанне», 1990, «Зорка Палын», 1991, «Таямніца святла», 1995), космасу і сусвету («Пакланенне зоркам», 1992, «Песня вятроў», 1996). У работах «Дажынкі», «Гуканне вясны», «Купалле», «Паганскія сімвалы», «Гімн лілеям» (усе 1990-я г.) тактоўная спроба расшыфраваць знакавую сістэму бел. арнаменту. Стварыла сцэн. касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Жалейка», «Зорачка», «Купалінка» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Батык, Габелен.
Літ.:
Фатыхава Г. Зорка Палын // ЛіМ. 1996. 26 крас.;
Я е ж. Музыка габелена // Беларусь. 1996. № 10.
Г.А.Фатыхава.
В.Дзёмкіна. Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ,
1) група музыкантаў-інструменталістаў або спевакоў, аб’яднаных для сумеснага выканання. Ансамблі падзяляюцца паводле складу (аднародныя і мяшаныя), колькасці ўдзельнікаў (дуэт, трыо, квартэт, квінтэт і інш.); пашыраны эстрадныя вак.-інстр. ансамблі, рок-групы. Ансамблем наз. таксама і вял. выканальніцкія калектывы, якія ўключаюць групы вакалістаў, інструменталістаў, танцораў (ансамбль песні і танца, ансамбль танца). Сярод вядомых бел. ансамбляў: Беларускі вакальны квартэт, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, вак. квартэт «Купалінка», вак.-інстр. ансамбль «Песняры», «Верасы», «Сябры», ансамбль нар. музыкі «Свята» і «Крупіцкія музыкі», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле», рок-група «Сузор’е», харэагр. Ансамбль «Харошкі». Устойлівыя тыпы ансамбляў склаліся і ў вясковым муз. побыце розных народаў, у т. л. беларусаў (гл.Гурт, Народныя інструментальныя ансамблі).
2) Муз. твор для ансамбля выканаўцаў (дуэт, трыо, квартэт і інш.) ці структурна завершаны фрагмент для групы салістаў у оперы, араторыі, кантаце.
3) Стройнасць, зладжанасць выканання.
4) У тэатральным мастацтве — зладжанае, узгодненае выкананне сцэнічнага твора ўсімі ўдзельнікамі спектакля. Садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю маст. сутнасці драм. твора, гарманічнаму спалучэнню ў адзінае цэлае знешніх і ўнутр. кампанентаў тэатр. дзеяння, выяўляе стылявое адзінства спектакля. Выдатнымі ўзорамі ансамбля з’яўляюцца лепшыя спектаклі бел. т-раў імя Я.Купалы («Паўлінка» Я.Купалы, «Трыбунал» А.Макаёнка), імя Я.Коласа («Несцерка» В.Вольскага, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), юнага гледача («Папараць-кветка» І.Козела) і інш.