Кулікоўская бітва 1380 1/337, 429; 2/39; 4/212, 479; 6/187—188, 598, 606; 7/56, 61; 9/103, 190, 577; 11/521

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1380, Мамаева пабоішча. Адбылася паміж войскамі Залатой Арды на чале з Мамаем і вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Куліковым полі каля ўпадзення р. Няпрадва ў Дон (цяпер Куркінскі р-н Тульскай вобл. Расіі) 8.9.1380. Пасля паражэння ардынскіх сіл на р. Вожа (1378) Мамай летам 1380 на чале сабранага ім войска (паводле розных падлікаў 40—150 тыс. чал.) з мангола-татараў, генуэзскіх наёмнікаў, чэркесаў, асецінаў і інш. рушыў да р. Ака на злучэнне з сіламі саюзнікаў — вял. кн. ВКЛ Ягайлы і вял. кн. разанскага Алега Іванавіча (выдаў Дзмітрыю Іванавічу планы Мамая і фактычна супраць яго не дзейнічаў). На чале маскоўскіх і саюзных сіл (яраслаўскія, растоўскія, белазерскія, мяшчэрскія, невял. наўгародскі атрад), да якіх пазней далучыліся кн. пскоўскі Андрэй Альгердавіч з атрадам палачан і пскавічоў і кн. старадубскі і трубчэўскі Дзмітрый Альгердавіч з дружынай, Дзмітрый Іванавіч рушыў насустрач праціўніку ў вярхоўі Дона. 8 вер. яго войска (паводле розных падлікаў 70—150 тыс. чал.) пераправілася на правы бераг Дона і размясцілася на Куліковым полі, укрыўшы свае флангі ў непрыдатных для дзеянняў конніцы далінах рэчак Смолка (левы фланг) і Ніжні Дубяк (правы фланг). Адначасова сюды падышоў з войскам Мамай. Уперадзе гал. рус. і саюзных ім сіл размясціўся Вартавы палк на чале з кн. Дзмітрыем Друцкім (паводле некаторых крыніц, ззаду Вартавога стаяў і Перадавы полк), за ім у цэнтры — Вял. полк пераважна з масквічоў, на флангах — палк Правай рукі пад камандаваннем Андрэя Альгердавіча (паводле адной з рэдакцый «Сказання пра Мамаева пабоішча» адным з ваяводаў гэтага палка быў кн. Глеб Друцкі, асоба якога не высветлена) і полк Левай рукі на чале з белазерскімі князямі, у рэзерве — конніца Дзмітрыя Альгердавіча і схаваны ў дуброве за левым флангам конны Засадны полк пад камандаваннем князёў Уладзіміра Андрэевіча Храбрага і Дзмітрыя Міхайлавіча Баброк-Валынскага. Войскі Мамая стаялі разгорнутым фронтам (уперадзе конніца, за ёю наёмная пяхота) і не мелі значных рэзерваў. Бітва пачалася двухбаковым паядынкам воінаў Перасвета і Чэлубея (абодва загінулі). Конніца Мамая разбіла Вартавы палк, намагалася разграміць палкі Правай рукі і Левай рукі і, пацясніўшы апошні, зайшла ў фланг і тыл Вял. палка. Зыход бітвы вырашыў раптоўны ўдар Засаднага палка і адначасовы ўдар коннай дружыны Дзмітрыя Альгердавіча, што прывяло да поўнага паражэння Мамая. У выніку бітвы рус. і саюзныя ім войскі страцілі каля паловы свайго складу, у т.л. «30 паноў літоўскіх» (верагодна, з дружын Альгердавічаў). Пасля яе Дзмітрый Іванавіч атрымаў ганаровае празванне Данскі. Вял. кн. ВКЛ Ягайла спазніўся да бітвы і адступіў у Літву. К.б. аслабіла манг.-тат. панаванне на землях Паўн.-Усх. Русі, садзейнічала ўзмацненню ролі Масквы ў стварэнні Рус. дзяржавы. Пра яе напісаны літ. творы («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.), яна стала тэмай твораў выяўл. і музычнага мастацтваў. На Куліковым полі мемарыял.

Літ.:

Кирпичников А.Н. Куликовская битва. Л., 1980;

Куликовская битва: Сб. статей. М., 1980;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

В.А.Юшкевіч, М.Г.Нікіцін.

Кулікоўская бітва 1380. Мініяцюра канца 16 ст.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛІ́БІН Іван Якаўлевіч

(16.8.1876, с. Тархоўка каля С.-Пецярбурга — 7.2.1942),

рускі графік-ілюстратар і тэатр. мастак. Вучыўся ў Мюнхене (1898), у Пецярбургу ў І.Я.Рэпіна — у школе-майстэрні М.К.Ценішавай (1898—1900) і ў АМ як вольны слухач (1900—04). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1907—17), з 1936 праф. Ленінградскай АМ, чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Яркі прадстаўнік «мадэрну» ў рус. графіцы. Стварыў самабытны арнаментальна-дэкар., графічна выразны «білібінскі стыль» кніжнай ілюстрацыі, заснаваны на стылізацыі матываў нар. лубка, вышыўкі, разьбы па дрэве, стараж. мініяцюры (да быліны «Вальга», «Казкі пра залатога пеўніка» А.С.Пушкіна, «Песні пра купца Калашнікава» М.Ю.Лермантава, «Кулікоўская бітва»). Яго эскізы тэатр. дэкарацый і касцюмаў узнаўляюць казачны, фантаст. свет рус. фальклору.

Літ.:

Климов Г.Е. Поиски пера жар-птицы: Жизнь и творчество рус. худож. И.Я.Билибина по материалам собр. Е.П.Климова. М., 1981.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА,

рашучае сутыкненне буйных груповак войскаў (сіл) з мэтай дасягнення маштабных ваенна-паліт. вынікаў. Да 19 ст., калі рашучыя баявыя дзеянні адбываліся на абмежаванай прасторы, пры невял. колькасці войскаў, у адной Б. часам вырашаўся лёс дзяржавы, напр., Бітва каля Сініх вод 1362 паміж войскамі ВКЛ і аб’яднанымі войскамі некалькіх ордаў дала пачатак вызваленню ўсх.-слав. зямель ад ардынскага заняволення; Кулікоўская бітва 1380 азнаменавала канец мангола-татарскага панавання на Русі; Грунвальдская бітва 1410 спыніла агрэсію Тэўтонскага ордэна на ўсход і абумовіла яго заняпад як самаст. дзяржавы. Пазней тэрмін «бітва» пачалі выкарыстоўваць у значэнні сістэмы баёў і бітваў, аб’яднаных адной мэтай, напр., бітва пад Лясной 1708, Палтаўская бітва 1709, Аўстэрліцкая бітва 1805. У сувязі з вядзеннем працяглых ваен. дзеянняў у 19 ст. з’явілася новая катэгорыя — аперацыя, якая да пач. 20 ст. ўжывалася як сінонім бітвы. У 2-ю сусв. вайну тэрмін «бітва» абазначаў сукупнасць адначасовых і паслядоўных наступальных і абарончых аперацый гал. стратэг. сіл на важнейшых напрамках тэатра ваен. дзеянняў. Найбольшыя з іх: бітва за Атлантыку 1939—45, бітва за Англію 1940—41, Маскоўская бітва 1941—42, Сталінградская бітва 1942—43, Курская бітва 1943, бітва за Дняпро 1943, і інш. Працягласць бітвы — ад 30—40 дзён (Курская бітва) да 6 з лішнім гадоў (бітва за Атлантыку).

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)