прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл.Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ ЗАПАВЕДНІК, Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік «Заслаўе». Створаны ў 1986 у г. Заслаўе Мінскага р-на на базе гіст.-археал. запаведніка (засн. ў 1967). Уключае Заслаўскі замак, гарадзішча «Вал», «Замэчак» 10—11 ст., заслаўскія курганныя могільнікі, Заслаўскі фарны касцёл, рэшткі сядзібы 17—19 ст. На тэр. запаведніка музеі «Млын», «Хата завознікаў», «Кузня», «Свіран» (усе пач. 20 ст.), музейна-выставачны комплекс, у якім размешчаны выстаўкі муз. інструментаў (177 экз.), дываноў «Мара аб Заслаўі», габеленаў. Пл. запаведніка 1,13 км², пл. экспазіцыі 375 м², 9,4 тыс. экспанатаў (1997), у т. л. 256 твораў жывапісу, 196 — графікі, 1,81 тыс. прадметаў этнаграфіі, каля 3,9 тыс. археалогіі, 612 тамоў друк. выданняў. У 1978—90 на тэр. запаведніка дзейнічаў музей рамёстваў і нар. промыслаў (размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы 16 ст.). Удзельнік міжнар. руху «За новую музеялогію».
А.М.Каўбаска.
Млын 1910 на тэрыторыі Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БАКЦ) у Саўт-Рыверы, бел. грамадска-культурны асяродак у ЗША, штаце Нью-Джэрсі. Засн. ў 1972 пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай. Кіруючы орган — управа, старшынямі якой у розны час былі Б.Шчорс, М.Бахар, Ж.Навумчык. Культ. праграму каардынуе Бел.культ.-мастацкае т-ва, якое з 1974 ладзіць паказы твораў бел. мастакоў і ўмельцаў. Працуе жаночы хор «Каліна», Бел.тэатр. студыя, нядзельная школа, Бел.спарт. аб’яднанне; у 1975—85 для моладзі арганізоўваліся адукац. курсы. Пры цэнтры ёсць б-ка, друкарня. У Саўт-Рыверы выдаюцца час. «Царкоўны светач», «Беларуская думка», «Сяўбіт», «Беларускі праваслаўны каляндар».
А.С.Ляднёва.
Беларуска-амерыканскі культурны цэнтр у г. Саўт-Рывер (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ МУЗЕ́Й-ЗАПАВЕ́ДНІКЗасн. ў 1967 як гісторыка-археал. запаведнік ў г. Полацк Віцебскай вобл., які ўключаў тэр.Полацкага Ніжняга замка, Полацкага Верхняга замка, Полацкі Сафійскі сабор. У 1985 да запаведніка далучаны ўсе помнікі археалогіі, гісторыі і культуры, Полацкі краязнаўчы музей. У 1990 атрымаў статус рэспубліканскага, з 1997 сучасная назва, з ліп. 2000 Нацыянальны. Пл. каля 1,8 км², каля 75 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У складзе запаведніка Запалоцце (паселішча 1-га тыс. да н.э.), селішча і гарадзішча 6—8 ст., Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, падмуркі храма-пахавальні 12 ст. і комплексу Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, Ніжні і Верхні замкі, дом Пятра I, Полацкі Богаяўленскі манастыр, Брацкая школа (18 ст.), Ефрасіннеўская царква (19 ст.), Крыжаўзвіжанская царква (19—20 ст.), рэшткі Полацкага езуіцкага калегіума; працуюць Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора (з 1987), музей-бібліятэка Сімяона Полацкага (з 1994), Полацкі краязн. музей, Полацкі музей баявой славы, музей-кватэра Героя Сав. Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанкі (з 1987), стацыянарная выстаўка «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» (з 1998), музей традыц. ручнога ткацтва Паазер’я (з 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГУМАНІТА́РНЫ АДУКАЦЫ́ЙНА-КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БГАКЦ) Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, установа, мэтай якой з’яўляюцца навучанне, выхаванне і перадпрафесійная падрыхтоўка будучых дзеячаў бел. культуры і навукі. Засн. 28.11.1990 па ініцыятыве Мін-ва адукацыі і Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. У структуры цэнтра гуманітарны ліцэй (з 1991), метадычны, выдавецкі, кінатэлевізійны і вытворчы аддзелы.
Ліцэй мае дзённае, нядзельнае (школьнікі) і вячэрняе (дарослыя) аддзяленні. На дзённае аддзяленне прымаюцца школьнікі пасля 7 класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 4 гады. На 1-м і 2-м курсах вучні атрымліваюць базавую адукацыю, на 3-м і 4-м — сярэднюю. Пашырана вывучаюцца гісторыя Беларусі, бел. мова, яе гісторыя і культура, геаграфія Беларусі і краязнаўства, замежная мова, агульная геаграфія, а таксама бел. этнаграфія, фальклор, гісторыя бел. дойлідства, выяўл. мастацтва, муз. культуры, асновы рэлігіязнаўства, права, паліталогіі, традыц. логіка, лац. мова, культура вуснай мовы.
Цэнтр рыхтуе і выдае навуч. і метадычныя дапаможнікі, здымае навуч. фільмы. У 1992 адчынены філіялы цэнтра ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Светлагорску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТ (Cicer),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх. Афрыцы. Трапляюцца па камяністых месцах на горных лугах, утвараюць характэрныя для мясц. расліннасці фітацэнозы. Культывуюць Н. культурны, або бараноў гарох (C. arietinum), які інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Н. культурны — адналетнік выш да 80 см з верт. або ўзыходнымі парасткамі, густа апушанымі залозістымі валаскамі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі адзіночныя, дробныя, чырв., ружовыя або белыя. Плод — боб. Насенне мае да 30% бялку, да 60% вугляводаў, да 7% тлушчу. Харч. (гатуюць крупу, муку, кандытарскія вырабы), кармавая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́Д (Vitis),
род раслін сям. вінаградавых. Вядома каля 70 відаў, пашыраных у Еўразіі і Амерыцы; на Беларусі 5 відаў. Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera), вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40°паўн. ш. і 35—45°паўд. ш., ад 20 да 3000 м над узр. мора. Найб. плошчы ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Расіі. Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору, існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць таксама паўн.-амер. віды: вінаград Ізабела (Vitis labrusca), вінаград скальны (Vitis rupestris) і інш., якія часта выкарыстоўваюць у якасці філаксераўстойлівага прышчэпа; вінаград амурскі (Vitis amurensis), вінаград лісіны (Vitis vulpina) і інш. — для азелянення.
Шматгадовыя дрэвавыя ліяны з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай. Кветкі двухполыя або функцыянальна жаночыя, дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Цепла- і святлолюбівая расліна, якая не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальная да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрв.—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пач. верасня. Ягады багатыя цукрамі, арган, кіслотамі, вітамінамі групы B, C, D. Выкарыстоўваюцца свежыя і на перапрацоўку (разынкі, сокі, віно і інш.), у лек. мэтах (гл.Ампелатэрапія). Найб. пашыраныя ў Беларусі сарты — Касманаўт, Паўночны ранні, Краса Поўначы, Мічурынскі. Гл. таксама Вінаградарства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ,
археалагічныя помнікі каля в. Горы Горацкага р-на. Гарадзішчазарубінецкай культуры, банцараўскай культуры і ранняга сярэдневякоўя. Пляцоўка авальная, памерам 180×70 м. Культурны пласт 0,8—1,2 м. Знойдзены фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, касцяныя арнаментаваныя пласціны, медныя скроневыя кольцы, медны і каменны абразкі. Замчышча на ПдУ ад гарадзішча (гл.Горскі замак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ХІС (Arachis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 30 відаў у тропіках Паўд. Амерыкі. Як харч. і алейная расліна пашырана ў трапічным, субтрапічным і менш ва ўмераным паясах. Культывуецца арахіс культурны, або земляны (кітайскі) арэх (A. hypogaea). На Беларусі ёсць у калекцыі Цэнтр.бат. сада АН, вырошчваецца аматарамі.
Аднагадовая травяністая расліна выш. 25—75 см. Сцябло прамастойнае або распасцёртае па зямлі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-аранжавыя, верхнія бясплодныя, ніжнія пладаносныя, клейстагамныя. Пасля апладнення кветаножка з завяззю пачынае расці, апускаецца да зямлі і заглыбляецца ў глебу, дзе выспявае плод — цыліндрычны або коканападобны струк з сеткаватай паверхняй і 1—7 зярнятамі, багатымі бялком (да 22%), алеем (да 42%), вугляводамі (да 13%) і вітамінам B1; мае ў сабе алкалоід арахін. Зярняты выкарыстоўваюцца на алей, кандытарскія вырабы, спажываюцца свежыя і падсмажаныя. З макухі робяць халву. Надземная маса — корм для жывёлы і сідэрат.