Кука астравы 6/181

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КА ПРАЛІ́Ў (Cook Strait),

праліў паміж Паўн. і Паўд. астравамі Новай Зеландыі, злучае Тасманава м. з Ціхім ак. Даўж. 107 км, шыр. 22—91 км, найменшая глыб. 97 м. На ўсх. беразе сталіца Новай Зеландыі — г. Уэлінгтан. Названы ў гонар Дж.​Кука.

т. 8, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КА ЗАЛІ́Ў (Cook Inlet),

Кенайскі заліў, заліў Ціхага ак. каля паўд. берагоў Аляскі. Даўж. 370 км, шыр. 18—111 км, глыб. 22—78 м. Берагі на Пд высокія, скалістыя, моцна парэзаныя, на Пн нізкія. Прылівы паўсутачныя (да 12 м). Моцнае прыліўнае цячэнне са скорасцю да 15,5 км/гадз. Каля вяршыні К.з. — порт Анкарыдж. Названы ў гонар Дж.​Кука.

т. 8, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КА ГАРА́ (Cook Mount; мясц. назва Аарангі, на мове маоры — вял. белае воблака),

найбольшая вяршыня ў Новай Зеландыі, на в-ве Паўднёвы. Выш. 3764 м. Складзена з крышт. парод. Вяршыня мае форму сядла з вельмі стромкімі схіламі. Снежнікі, ледавікі, у т. л. ледавік Тасмана (даўж. 29 км). Нац. парк Маўнт-Кук (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). Названа ў гонар Дж.​Кука.

т. 8, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КА АСТРАВЫ́ (Cook Islands). У цэнтральнай ч. Ціхага ак., у Палінезіі; аўт. дзяржава ў свабоднай асацыяцыі з Новай Зеландыяй. Пл. 240,1 км². Нас. 19,8 тыс. чал. (1997); мясц. жыхары — пераважна палінезійцы а-воў Кука. Каля 27 тыс. мясц. жыхароў жыве ў Новай Зеландыі. Сярэдняя шчыльн. 82,5 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Раратонга (пл. 67 км²), там жа адм. ц. і порт Аваруа (каля 1,5 тыс. ж.). Афіц. мова — англійская, шырока выкарыстоўваецца мясц. мова. Большасць вернікаў — пратэстанты-кангрэгацыяністы (75%), ёсць католікі (10%) і інш. Нац. свята — Дзень канстытуцыі (4 жн.). У склад К.а. уваходзяць 15 астравоў, адлегласць з Пн на Пд каля 1 тыс. км, з 3 на У каля 800 км. Падзяляюцца на 2 групы: Паўднёвую (8 астравоў, пл. 212,1 км², у асноўным вулканічнага паходжання, выш. да 652 мг. Тэ-Манга на в-ве Раратонга), Паўночную (7 каралавых атолаў, пл. 28 км²). Клімат трапічны пасатны. На паўд. астравах цёплая зіма (чэрв.жн., сярэдняя т-ра каля 22 °C) і гарачае лета (каля 26 °C), на Пн сезонныя адрозненні невялікія. Сярэднегадавая колькасць ападкаў каля 2000 мм. У ліст.крас. сезон ураганаў. Рэчкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах, там жа на схілах гор лясы з пальмаў, фікусаў і інш. раслін. На атолах расліннасць бедная. Вырошчваюць какосавую пальму, тара, бананы, маніёк, жыхары паўд. астравоў — батат, фасолю, кукурузу, апельсіны, ананасы, памідоры. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства, здабыча штучна вырашчанага жэмчугу, перламутру, чарапахавых панцыраў. 2 швейныя ф-кі, піваварны з-д, прадпрыемствы па перапрацоўцы садавіны і рыбы. Найб. важная галіна эканомікі — замежны турызм. З абслугоўваннем турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі) звязана большасць працоўных. Дадатковы даход краіне прыносіць рэалізацыя мясц. паштовых марак. Транспарт пераважна марскі. Аэрадромы на а-вах Раратонга і Аітутакі, якія з’яўляюцца цэнтрамі турызму. Экспартуюць копру і трапічныя фрукты. Гандл. сувязі ў асноўным з Новай Зеландыяй. Дэфіцыт знешнегандл. балансу і бюджэту пакрываецца субсідыямі Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Заселены палінезійцамі ў 1-м тыс. н.э. У 1773 адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.​Кукам (адсюль назва). У 1821 тут замацаваліся еўрап. місіянеры хрысціянства. У 1888 абвешчаны брыг. пратэктаратам, у 1891 перададзены пад кантроль Новай Зеландыі, з 1915 яе калонія. У 1915 створаны Заканад. савет. У 1957 ён пераўтвораны ў Заканад. асамблею, пры якой існуе палата арыкі (правадыроў) з дарадчымі функцыямі. Паводле канстытуцыі 1965 жыхары К.а., застаючыся грамадзянамі Новай Зеландыі, маюць аўтаномію ва ўнутр. справах. Новая Зеландыя захавала кантроль за знешняй палітыкай і абаронай К.а.

Літ.:

Малаховский К.В. История островов Кука. М., 1978.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНА́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,

тое, што Кука заліў.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУК ((Cook) Джэймс) (27.10.1728, Мартан, каля г. Мідлсбра, Вялікабрытанія — 14.2.1779),

англійскі мараплавец.

Узначаліў 3 кругасветныя плаванні. У час першай экспедыцыі (1768—71) на караблі «Індэвар» прыбыў на в-аў Таіці, нанёс на карту а-вы Таварыства, даследаваў Новую Зеландыю і праліў паміж Паўночным і Паўднёвым яе а-вамі, адкрыў Вял. Бар’ерны рыф і ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, якое пад назвай Новы Паўд. Уэльс абвясціў брыт. уладаннем. У час другога плавання (1772—75) на караблі «Рэзальюшэн» у пошуках Паўд. мацерыка дасягнуў шыр. 71°10, адкрыў і даследаваў а-вы Новая Каледонія, Паўд. Сандвічавы, Паўд. Георгія і інш. У час трэцяй экспедыцыі (1776—79) на караблях «Рэзальюшэн» і «Дыскаверы» даследаваў берагі Канады, Аляскі і Камчаткі, адкрыў Гавайскія а-вы, дзе быў забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам. Яго імем названа больш за 20 геагр. аб’ектаў, у т. л. гара на в-ве Паўднёвым у Новай Зеландыі (гл. Кука гара), праліў паміж Паўночным і Паўднёвым а-вамі Новай Зеландыі (гл. Кука праліў), 2 групы астравоў у Ціхім ак. (гл. Кука астравы), заліў каля берагоў Аляскі (гл. Кука заліў) і інш.

Дж.Кук.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫ ВО́СТРАЎ (South Island),

самы вялікі востраў Новай Зеландыі. Ад Паўночнага в-ва аддзелены пралівам Кука, ад в-ва Сцьюарт — прал. Фова. Пл. 150,5 тыс. км². Амаль увесь в-аў заняты Паўд, Альпамі (г. Кука, 3764 мнайвыш. пункт краіны). На У — Кентэрберыйская раўніна — гал. земляробчы раён, на ПдЗ — нізіна Саўтленда і горнае плато Атага (1200—1300 м). Клімат субтрапічны, марскі, на крайнім Пд умераны. Гал. горад — Крайстчэрч.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна на ПдЗ Ціхага акіяна. На З абмежавана глыбакаводнымі жалабамі Кермадэк і Тонга і Новазеландскім падводным плато, на Пн — падводнымі хрыбтамі, якія ўтвараюць а-вы Кука (Паўднёвыя) і Тубуаі, на У і ПдУУсх.- і Паўд.-Ціхаакіянскімі падняццямі. Шыр. каля 4600 км. Шмат падводных гор, рыфаў. Пераважныя глыб. больш за 5500 м, найб. 6600 м (на ПнЗ). Донныя асадкі — пераважна чырв. гліны і дыятомавыя ілы.

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НАЙ (Kenai),

паўвостраў у Паўн. Амерыцы, на Пд Аляскі (ЗША). Удаецца ў заліў Аляска на 240 км. Шыр. да 113 км. На З абмежаваны зал. Кука, на У — зал. Прынс-Уільям. Берагі на У фіёрдавыя, на З — нізінныя. Рэльеф гарысты, выш. да 1884 м. Ледавікі. Клімат халодны акіянічны. Ападкаў да 1500 мм за год. Хвойныя лясы, лугі. Нац. парк Кенай—Ф’ёрдс, Кенайскі ласіны рэзерват. Здабыча газу (Кенай) і нафты (Суонсан-Рывер). Порт — Сьюард.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)