Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЖАЛЬ,
ільняное валакно вышэйшай якасці, атрыманае пасля часання кудзелі на грэбені. К., што прызначаўся для вырабу тонкіх наміткавых тканін, дадаткова часалі шчоткай са свіной шчаціны. Гатовы К. скручвалі ў трубку і захоўвалі да прадзіва. К. называлі таксама ніткі з такога валакна і палатно з такіх нітак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАРЭ́КА (Адам Антонавіч) (14.10.1899, в. Слабада-Кучынка Капыльскага р-на Мінскай вобласці — 10.10.1938),
бел. пісьменнік і крытык. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1918), БДУ (1927). Настаўнічаў на Случчыне. У 1921—22 палітработнік у Чырв. Арміі. У 1926—29 выкладчык бел. мовы і л-ры ў Камуніст. ун-це Беларусі, з 1928 на кафедры бел. л-ры БДУ. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». У 1930 беспадстаўна арыштаваны. 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі. Адбываў у г.п. Слабадской (Вятчына), у Вятцы (цяпер г. Кіраў). У 1937 зноў рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1919. Вершы і апавяданні падпісваў псеўд. Янка Кужаль, Адам Чырвоны, Якім Каліна і інш. Як крытык распрацоўваў метадалагічныя пытанні літ.-знаўства і эстэтыкі, прынцыпы народнасці, сац. і эстэт. каштоўнасці л-ры, даследаваў гісторыю бел. л-ры, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, К.Чорнага і інш. Аналіз літ. творчасці спалучаў з гістарызмам і філасафічнасцю.