КУДРАВЕ́Ц (Анатоль Паўлавіч) (н. 1.1.1936, в. Аколіца Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Настаўнічаў, працаваў у перыёдыцы, на Бел. радыё. З 1972 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура», з 1974 у апараце ЦК КПБ, у 1978—97 гал. рэдактар час. «Неман».

Друкуецца з 1960. Першы зб. апавяданняў «На зялёнай дарозе» (1968) вызначаецца праўдзівасцю, уменнем убачыць у чалавеку агульназначнае. У аповесці «Раданіца» (1971) ставіць праблему духоўных каштоўнасцей сучасніка, яго жыццёвай пазіцыі, адносін да мінулага і будучага. У кнігах «Дзень перад святам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпелі драчы» (1979), рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1986) адлюстраваў складаныя працэсы ў сучаснай вёсцы. Творчасць К. вылучаецца глыбокім псіхалагізмам, уменнем праз разгортванне падзей перадаць драматызм чалавечых характараў, творы адметныя дакладнасцю апісання жывых рэалій, побыту, прыроды, дзейных асоб. Аўтар кн. падарожных нарысаў «За чужымі далямі» (1981), сцэнарыяў маст. фільмаў «Асеннія яблыкі» (1975), «Раданіца» (1984, з Ф.​Коневым). На бел. мову пераклаў «Падарожжы Гулівера» Дж.​Свіфта, «Сібірскія апавяданні» У.​Іванава, раманы А.​Нурпеісава «Змрок» і «Нягоды», аповесць К.​Сіманава «Дні і ночы», «Аповесці» А.​Тамсаарэ, кн. «Апошні прамень» У.​Караленкі, «На Іртышы» С.​Залыгіна і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1987;

Сачыненне на вольную тэму. Мн., 1985;

Смерць нацыяналіста: Аповесці, апавяданні. Мн., 1992;

Познія яблыкі: Аповесці і апавяданні. Мн., 1998.

Літ.:

Брыль Я. Пра здзіўленне і зайздрасць // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Фральцова Н. Каля родных вытокаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 11.

У.​В.​Гніламёдаў.

А.П.Кудравец.

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кудравец І. Дз. 12/494

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Кудравец А. П. 6/173, 564; 12/582

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Кудравец Ф. Дз. 6/173; 8/155, 156

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«НЁМАН»,

штомесячны літаратурна-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца з 1945 як альманах рус. секцыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, напачатку меў назву «Отчизна», з 1947 «Советская Отчизна», з 1960 сучасная назва. Мае раздзелы: «Паэзія», «Проза», «Публіцыстыка», «Нататкі. Успаміны. Дакументы», «Учора. Сёння. Заўтра», «Мастацтва», «Кола чытання» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., гасп. і культ. жыцця краіны. Друкуе творы пісьменнікаў, якія пішуць па-руску, пераклады твораў бел. і замежных пісьменнікаў. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, артыкулы на навук., грамадска-паліт., гіст. тэмы, нарысы, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва.

У часопісе надрукаваны пераклады твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, К.​Чорнага, Р.​Барадуліна, П.​Броўхі, Я.​Брыля, В.​Быкава, Н.​Гілевіча, А.​Куляшова, А.​Макаёнка, І.​Навуменкі, І.​Мележа, П.​Панчанкі, М.​Танка, І.​Чыгрынава, І.​Шамякіна, А.​Адамовіча, В.​Адамчыка, Г.​Бураўкіна, А.​Вярцінскага, А.​Жука, В.​Казько, В.​Карамазава, А.​Кудраўца, А.​Кулакоўскага, А.​Лойкі, М.​Лужаніна, І.​Пташнікава, А.​Пысіна, А.​Русецкага, Б.​Сачанкі, Я.​Сіпакова, А.​Твардоўскага, М.​Кругавых, А.​Міронава, А.​Платонава, В.​Тараса, І.​Шклярэўскага і інш.; зарубежных пісьменнікаў Р.​Ваяна, П.​Вежынава, К.​Вонегута, Г.​Гарсія Маркеса, Ж.​Сіменона, У.​Фолкнера і інш. Сярод перакладчыкаў І.​Бурсаў, У.​Жыжэнка, Р.​Казакова, Н.​Кіслік, П.​Кошаль, Б.​Спрынчан, Я.​Хелемскі, В.​Шчадрына, Ф.​Яфімаў і інш. Гал. рэдактары: Шамякін (1952—53), М.​Калачынскі (1953—54), Панчанка (1954—58), Я.​Васілёнак (1958—66), Макаёнак (1966—77), Кудравец (1978—96), Жук (з 1997).

А.​П.​Кудравец.

т. 11, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́СТЭН ((Krusten) Эрні) (30.4.1900, Мурастэ, Хар’юскі пав., Эстонія — 16.6.1984),

эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1959). Нар. пісьменнік Эстоніі (1972). Дэбютаваў кнігай апавяданняў «Верас» (1927). Аўтар зб-каў навел «Сто шэрых валаскоў» (1936), «Сляпое каханне» (1941), «Паваротныя пункты» (1946), «У пошуках вясны» (1960), «Занадта дрэнная ацэнка» (1967), «Акупацыя» (1972), гіст.-рэв. раманаў «Паляванне на мінулае» (1929), «Кніга аб Пексах» (1946), «Сэрцы маладых» (кн. 1—2, 1954—56), «Нібы кропля ў моры» (1962) і інш. Пісаў вершы і мініяцюры (зб-кі «Юка», 1963; «Люстра на вуліцы», 1978), п’есы, кнігі для дзяцей. Літ. прэмія Эстоніі 1970. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Х.​Жычка, А.​Кудравец.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1973.

Э.Крустэн.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРПЕІ́САЎ (Абдыжаміл Карымавіч) (н. 22.10.1924, с. Какарал Аральскага р-на Кзыл-Ардзінскай вобл., Казахстан),

казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1985). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1956). Піша на каз. і рус. мовах. Друкуецца з 1949. Першы раман «Курляндыя» (1950, 2-я рэд. пад назвай «Доўгачаканы дзень», 1958) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Шырынёй сац. абагульненняў, глыбінёй псіхал. аналізу, самабытнымі нац. характарамі вызначаецца трылогія «Кроў і пот» (кн. 1—3, 1961—70, Дзярж. прэмія СССР 1974; аднайм. фільм 1979) пра падзеі 1-й сусв. і грамадз. войнаў. Актуальнасцю і вастрынёй праблематыкі вылучаецца раман «Абавязак» (на рус. мове, 1984). Працуе ў жанры нарыса і літ.-крытычнай эстэтыкі (кнігі «Роздумы», 1972; «Край блакітных гор», 1979). На бел. мову асобныя яго творы пераклаў А.​Кудравец.

Тв.:

Бел. пер. — Змрок. Мн., 1978;

Нягоды. Мн., 1981.

Ж.​Сахіеў.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУТС ((Luts) Оскар) (7.1.1887, с. Каарэперэ Йыгеваскага пав., Эстонія — 23.3.1953),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1945). Вучыўся ў Юр’еўскім (г. Тарту; 1911—12) ун-це. Працаваў ваен. фармацэўтам у Віцебску. Друкаваўся з 1907. У сац.-псіхал. п’есах «Качан капусты», «Паўнверэ», «Камерсанты» (усе 1913) намаляваў каларытныя нар. характары. Рэалістычна-гумарыстычныя замалёўкі правінцыяльнага жыцця школьнікаў у трылогіі «Вясна» (ч. 1—2, 1912—13), «Лета» (ч. 1—2, 1918—19), «Вяселле Таотса» (1921), карціны жыцця гар. ускраін у трагікамічна-гратэскавых аповесцях «Жыццё Андраса» (1923), «Будныя дні» (1924), «На задворках» (1933). Творы адметныя займальнасцю, дынамічнасцю сюжэта, псіхалагізмам, выразнасцю вобразаў. Аўтар успамінаў (т. 1—13, 1930—41): «Старыя сцежкі» (1930), «Зімовыя дарогі», «Праз вецер і ваду» (абедзве 1931) і інш., фельетонаў. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў А.​Кудравец.

Тв.:

Рус. пер. — На задворках и другие повести. Таллин, 1962;

Лето. 3 изд. Таллин, 1970;

Весна. М., 1972.

О.Лутс.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЫ́ГІН (Сяргей Паўлавіч) (н. 6.12.1913, в. Дурасаўка, Башкортастан),

рускі пісьменнік. Акад. Рас. АН (1991). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Омскі с.-г. ін-т (1939). Працаваў інжынерам-гідратэхнікам, у Сібірскім аддзяленні АН СССР. З 1986 гал. рэдактар час. «Новый мир». Першыя зб-кі «Апавяданні» (1941), «На Вялікую зямлю» (1952), «Нарысы і апавяданні» (1953). У раманах «Сцежкі Алтая» (1962), «Салёная Падзь» (ч. 1—2, 1967—68, Дзярж. прэмія СССР 1968), «Паўднёваамерыканскі варыянт» (1973), «Камісія» (1975), «Пасля буры» (кн. 1—2, 1980—85), «Свабода выбару: раман без сюжэта» (1996) звяртаецца да найважнейшых пераломных этапаў паслярэв. гісторыі Расіі і сучаснага жыцця Зах. Сібіры. Як публіцыст актыўна адстойвае сваю пазіцыю (у 1980-я г. выступаў супраць павароту паўн. рэк), імкнецца асэнсаваць складаныя працэсы сучаснага жыцця («Мая дэмакратыя. Нататкі па ходу жыцця. З успамінаў пісьменніка», 1996). Аўтар літ.-знаўчых прац пра А.​Чэхава, Л.​Талстога, А.​Платонава. Творы З. на бел. мову пераклалі А.​Кудравец, В.​Адамчык.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1989—91;

Бел. пер. — На Іртышы: Аповесць, апавяданні. Мн., 1991.

Літ.:

Дедков И.А. Сергей Залыгин: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1985.

С.​Ф.​Кузьміна.

С.П.Залыгін.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖЭ́ЎНІКАЎ (Вадзім Міхайлавіч) (22.4.1909, с; Нарым Парабельскага р-на Томскай вобл., Расія — 20.10.1984),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Маскоўскі ун-т (1933). У Айч. вайну журналіст, удзельнік вызвалення Беларусі. З 1949 гал. рэдактар час. «Знамя». Друкаваўся з 1928. Аўтар зб-каў апавяданняў «Начная размова» (1939), «Апавяданні пра вайну» (1942), «Любімыя таварышы» (1943), «Дарогамі вайны» (1955), «Дрэва жыцця» (1977); аповесцей «Стэпавы паход» (1939), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1960), «Пётр Рабінкін» (1968), «Асобае падраздзяленне» (1969, за дзве апошнія Дзярж. прэмія СССР 1971); раманаў «Зары насустрач» (кн. 1—2, 1956—57, пра рэв. рух у Сібіры), «У поўдзень на сонечным баку» (1973), «Карані і крона» (1981—82). Раман «Шчыт і меч» (1965, паст; Бел. т-рам імя Я.​Коласа 1967) пра сав. разведчыкаў. Пісаў п’есы, нарысы, кінасцэнарыі. Неаднаразова наведваў Беларусь. Аўтар нарыса «Кірыл Арлоўскі», артыкулаў пра бел. л-ру. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі А.​Кудравец, Г.​Шаранговіч.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1968—71;

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1985—88;

Бел. пер. — у кн.: Аб кані і конніку. Мн., 1936;

Рускае савецкае апавяданне. Мн., 1988. Т. 1.

Літ.:

Леонов Б.А. Вадим Кожевников: Очерк жизни и творчества. М., 1985.

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)