КРЫЯ... (ад грэч. kryos холад, мароз, лёд), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з лёдам, нізкімі т-рамі, напр., крыяскапія, крыястат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯЛО́ГІЯ (ад крыя... + ...логія),
навука пра прыродныя аб’екты і працэсы, якія адбываюцца ў крыясферы. Даследуе фіз., хім. і мінералагічныя змены вады пры т-ры ніжэй пункта яе замярзання, а таксама прыродныя целы, якія ўзнікаюць пры адмоўных т-рах (атм. льды, наземныя і марскія зледзяненні, шматгадовая мерзлата). Падзяляецца на гляцыялогію і геакрыялогію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯБІЯЛО́ГІЯ (ад крыя... + біялогія),
раздзел біялогіі, які вывучае дзеянне нізкіх і звышнізкіх т-р (ад 0 °C амаль да абс. нуля) на біял. аб’екты і працэсы. Навук. асновы закладзены ў канцы 19 ст. П.І.Бахмецьевым. Устанаўлівае ніжнія тэмпературныя межы жыцця, даследуе пашкоджвальнае дзеянне адмоўных т-р і распрацоўвае спосабы абароны клетак і тканак ад замярзання, высвятляе механізмы адаптацыі арганізмаў да холаду. Гл. таксама Крыятэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯСКАПІ́Я (ад крыя...+ ...скапія),
фізіка-хім. метад даследавання вадкіх раствораў нелятучых рэчываў. Заснаваны на вымярэнні высокаадчувальнымі тэрмометрамі ці тэрмапарамі паніжэння т-ры замярзання раствору ў параўнанні з т-рай замярзання чыстага растваральніку. Метад прапанаваны франц. вучоным Ф.Раулем у 1882—88. Выкарыстоўваюць для вызначэння малекулярнай масы растворанага рэчыва, ступені дысацыяцыі слабых электралітаў, тэрмадынамічнай актыўнасці растваральніка і растворанага рэчыва, саставу раствораў, чысціні арган. рэчываў. Гл. таксама Эбуліяскапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КА, Ніке,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі персаніфікацыя перамогі. Лічылася дачкой німфы Стыкс і Паланта (сына тытана Крыя). Крылатая Н. — абавязковы атрыбут Зеўса і Афіны, якіх звычайна паказвалі з фігуркай Н. ў руках. Яе статуі ў выглядзе крылатай вястункі багоў ставілі ў гонар перамогі на вайне, спарт. і маст. спаборніцтвах. Найб. вядома статуя Н. з в-ва Самафракія (Н. Самафракійская). У стараж.-рым. міфалогіі Н. адпавядала Вікторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯТЭРАПІ́Я (ад крыя... + тэрапія),
лячэнне з выкарыстаннем нізкіх для арганізма тэмператур. Грунтуецца на даных крыябіялогіі і агульнай медыцыны аб уплыве холаду на цеплакроўных жывёл і чалавека. Здаўна прымянялася ў форме абгортвання цела ці яго частак мокрымі халоднымі прасцінамі, абкладвання лёдам. Мае станоўчы эфект пры запаленчых працэсах, вонкавых і ўнутр. крывацёках, абсцэсах, ацёках, траўмах і інш.Мясц. (лакальнае) замарожванне тканак — адзін з дапаможных метадаў агульнай крыяхірургіі; у мікрахірургіі К. іншы раз выкарыстоўваецца як асн. метад лячэння, асабліва пры аперацыях на воку і галаўным мозгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯСФЕ́РА (ад крыя...+ сфера),
перарывістая абалонка Зямлі ў вобласці ўзаемадзеяння атмасферы, гідрасферы і літасферы. Тэрмін «К.» прапанаваны польскім вучоным А.Дабравольскім (1923). Характарызуецца адмоўнай або нулявой т-рай і наяўнасцю вады ў цвёрдай фазе або ў пераахалоджаным стане; для яе ўласцівы шматлікія крыягенныя ўтварэнні: сістэмы ледзяных воблакаў, снегавое, ледзяное і ледавіковае покрыва, наледзі, ледавікі гор, сезоннамёрзлыя глебы і горныя пароды з падземным лёдам. Ніжняя мяжа К. праходзіць па падэшве мёрзлых і ахалоджаных горных парод (да 4—5 км пад зямной паверхняй у Антарктыдзе, да 1,5—2 км у прыпалярных абласцях); у нізкіх шыротах К. выкліньваецца. Верхняя мяжа К. дасягае 100 км, уключае моцна ахалоджаную мезапаўзу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯСТА́Т (ад крыя... + грэч. statos стаячы, нерухомы),
тэрмастат, у якім падтрымліваецца крыягенная (ніжэй за 120 К) т-ра ад вонкавай крыніцы холаду. Звычайна холадагент — звадкаваныя або ацвярдзелыя газы з нізкімі т-рамі кандэнсацыі. Бываюць геліевага, вадароднага і азотнага ахаладжэння.
Найб. просты лабараторны шкляны К. складаецца з дзвюх Дзьюара пасудзін, з якіх унутраны запоўнены вадкім геліем, вонкавы — вадкім азотам. Найб. надзейныя метал. К., з іх самыя універсальныя — К. з вадкім геліем. У іх рабочы аб’ём абкружаны медным экранам, які мае т-ру вадкага азоту. Паміж геліевым аб’ёмам і кожухам створаны вакуум, які падтрымліваецца адсарбентамі. Пашыраны таксама тэрмарэгулюемыя геліевыя К. Выкарыстоўваюцца для даследавання фіз. уласцівасцей рэчыва, вывучэння звышправоднасці, для ахаладжэння электронных прылад, інш. сродкаў крыягеннай тэхнікі.