даўняе жаночае паясное адзенне ўсходніх славян. Вядомы П. расхінная (3 сшытыя суконныя ці паўсуконныя полкі, сабраныя зверху на шнуры, якім мацавалася на таліі, крыссе адкрытае спераду ці збоку) і закрытая, або глухая (4 цалкам сшытыя полкі, адна з якіх не аздобленая). На мяжы рассялення беларусаў, рускіх і ўкраінцаў насілі П. з 2 полак, сшытых прыкладна на 2/3 даўжыні. На Беларусі найб. тыповыя клятчастыя сінія, чырвоныя, чорныя П. неглюбскага строю, аздобленыя ўзорамі квадратаў, ромбаў, крыжыкаў і інш. Бытавала да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАФТА́Н,
1) мужчынскае верхняе адзенне магнатаў і гар. знаці ў 16—17 ст. Прыйшоў з Персіі і Турцыі ў Рэч Паспалітую, адтуль трапіў у Расію. Расхінная, шырокая ў падоле вопратка з доўгімі рукавамі, якую зашпільвалі ўстык на 6—8 пятліц з гузікамі; у падоле і па баках былі разрэзы з пятліцамі. Шылі з аксаміту, парчы або дарагога сукна. У 17 ст. рабілі з багата аздобленым стаячым каўняром. Станавы К. шылі шчыльным да стану з кароткімі рукавамі. Польскі К. быў адразным па таліі; ліф шчыльна ахопліваў фігуру, ніжняе шырокае крыссе збіралі ў зборкі рукавы былі вельмі шырокімі і пышнымі каля плячэй і вузкімі ад локця да кісці.
2) Мужчынская і жаночая вопратка менш заможных слаёў насельніцтва. У 19 ст. на Беларусі найб. пашыраны К. прамога крою з адкладным каўняром, які шылі з сукна або палатна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКАВІЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Усх. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Жлобінскім р-нах. Адметны дасканала распрацаванай і выверанай арнаментыкай натыкання і вышывак, своеасаблівымі, з мноствам пышных Калінкавіцкі строй. Жанчына ў святочным адзенні з гарсэтам. Вёска Яланы Светлагорскага раёна Гомельскай вобл. 1920-я г. фальбонак каўнярамі жаночых кашуль, багата аздобленымі гарсэтамі. Аснову жаночага летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца-андарак, фартух, гарсэт, галаўны ўбор.
Кашулю шылі з 3 полак даматканага белага палатна, з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным (стаяча-адкладным) прышытым ці здымным каўняром з мноствам пышных фальбонак. Аздаблялі кашулю натыканнем, вышыўкай на каўняры, рукавах, плечавых устаўках, падоле, а таксама карункамі, мохрыкамі, нашыўкамі тканін. Андарак кроілі з 4 полак даматканага сукна ў верт. пункцірныя рознакаляровыя паскі на сакавіта-малінавым фоне («андарак у граты») і ў рознакаляровыя паскі на цёмна-чырвоным фоне, якія ўтваралі буйную клетку («андарак у краты»), Да верху спадніцы, сабранага ў дробныя складкі, прышывалі спец. вытканы пояс. Фартух шылі з 2 полак палатна, злучалі іх дэкар. швом-расшыўкай. Белае поле фартуха натыкалася строгім арнаментам з прамавугольнікаў і квадратаў, гарыз. палос. Гарсэт шылі з тонкага даматканага, злёгку прываленага сукна або фабрычных тканін. Кроіўся прыталеным з баскай у форме 4 кліноў або пышнай фальбоны. Крыссе яго абапал засцежкі аздаблялі нашыўкай тасьмы розных колераў, упрыгожвалі метал. і касцянымі гузікамі, машыннай ці ручной строчкай. Традыц. галаўнымі ўборамі дзяўчат былі вянкі, павязкі накшталт маленькіх ручнікоў — скіндачкі, замужніх жанчын — наміткі, хусткі, чапцы са скіндачкамі, донца якіх вышывалася густым чырвоным арнаментам.
Аснову мужчынскага адзення складалі кашуля з поясам і нагавіцы. Тунікападобная кашуля шылася з белага кужэльнага палатна, аздаблялася паскамі геам. арнаменту на каўняры, пазусе, плячах, рукавах і падоле. Адзенне дапаўнялася галаўным уборам (магерка, аблавуха), скураной кайстрачкай-калітой, скураным чэхлікам для ножыка, грабеньчыка.