КРЫМ,

гл. Крымскі паўвостраў.

т. 8, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМ, Аўтаномная Рэспубліка Крым. Размешчана на Крымскім п-ве, у складзе Украіны. Пл. 27 тыс. км². Нас. 2192,6 тыс. чал. (1995), гарадскога 70%. Сярэдняя шчыльн. 81 чал. на 1 км², найб. густа заселены ўзбярэжная і перадгорная часткі рэспублікі. Жывуць рускія (63,9%), украінцы (24,6%), крымскія татары, беларусы, яўрэі і інш. Сталіца — г. Сімферопаль. Найб. гарады: Севастопаль, Керч, Еўпаторыя, Ялта, Феадосія, Джанкой. Аб прыродзе гл. ў арт. Крымскі паўвостраў, Крымскія горы, Паўднёвы бераг Крыма.

Гісторыя. К. — адзін з найб. стараж. раёнаў засялення чалавекам Усх. Еўропы, тут выяўлены палеалітычныя стаянкі Кіік-Каба, Стараселле. З канца 2-га тыс. да н.э. ён заселены кімерыйцамі, у 1-м тыс. да н.э. — і таўрамі (адсюль яго стараж. назва Таўрыя), з 8—7 ст. да н.э.скіфамі. У 6—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы К. стараж. грэкі заснавалі калоніі Феадосія, Керкінітыда (цяпер г. Еўпаторыя), Пантыкапей, Херсанес Таўрычаскі. Каля 480 да н.э. — 4 ст. н.э. ў раёне Керчанскага п-ва існавала Баспорская дзяржава. У 1-й пал. 3 ст. н.э. ў К. урываліся готы, у 375 — гуны. З 4—5 ст. адбывалася экспансія Візантыі. У 12—13 ст. населены грэкамі, армянамі, нашчадкамі аланаў, печанегаў і інш. У 13 ст. заваяваны манголамі і ўключаны ў Залатую Арду. З 1440-х г. існавала самаст. Крымскае ханства (з 1475 васал і саюзнік Асманскай імперыі). У 1687 і 1689 адбыліся паходы ў К. рас. войска на чале з кн. В.В.Галіцыным (яму дапамагалі ўкр. казакі пад кіраўніцтвам гетмана І.Самайловіча, потым І.С.Мазепы). Правал паходаў стаў адной з гал. прычын падзення ў Расіі ўрада Соф ’і Аляксееўны — Галіцына. У ходзе рус.-тур. вайны 1768—74 заняты рас. войскамі. У 1783 далучаны да Расіі, тут засн. яе Чарнаморскі флот (з 19 ст. гал. база — г. Севастопаль). Асн. месца баёў у Крымскую вайну 1853—56. З 2-й пал. 19 ст. паўд. ўзбярэжжа К. выкарыстоўваецца як курортная зона. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на з’ездзе мясц. татараў у Сімферопалі створаны пастаянны орган іх аўтаноміі — Цэнтр. выканаўчы к-т, падпарадкаваны Часоваму ўраду. Потым была створана Крымская рэспубліка, у снеж. 1917 у Бахчысараі на курултаі (з’ездзе) крымскіх татараў прынята канстытуцыя. Пасля заключэння Брэсцкага міру 1918 бальшавікі абвясцілі тут Таўрычаскую сав. рэспубліку, не прызнаную Германіяй. Яе войскі акупіравалі К. і ўтварылі крымскі ўрад на чале з ген. М.Сулейманам Сулькевічам. У 1919—20 адзін з цэнтраў белагвардзейскага руху на чале з генераламі А.І.Дзянікіным, П.М.Урангелем. З 1921 у складзе РСФСР існавала Крымская аўтаномная сав. сацыяліст. рэспубліка. У 1941—44 К. акупіраваны ням.-фаш. і рум. войскамі, вызвалены ў выніку Крымскай аперацыі 1944. 20.5—1.7.1944 крымскія татары, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з немцамі, прымусова дэпартаваны ў Сярэднюю Азію (Узбекістан). У 1945 скасавана аўтаномія, К. стаў вобласцю РСФСР. У 1954 перададзены ў склад Украіны. Паводле канстытуцыі Украіны 1996 атрымаў статус аўт. рэспублікі. У студз. 1999 уступіла ў дзеянне канстытуцыя К.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — харчасмакавая (вінаробная, плодаагароднінакансервавая, эфіраалейная і інш.). Вінаробства (вытв-сць высакаякасных марачных і шампанскіх він) на прадпрыемствах у Ялце, Севастопалі, Алушце, Судаку, Феадосіі, Сімферопалі. Развіты перапрацоўка рыбы (Керч, Ялта, Еўпаторыя, Севастопаль), садавіны і агародніны (Сімферопаль, Джанкой, Бахчысарай, Севастопаль), вытв-сць ружавага, лавандавага, шалфейнага алеяў (Сімферопаль, Бахчысарай, Алушта, Судак, Ніжнягорскі), тытуню (Ялта, Сімферопаль, Феадосія), мясная, малочная і мукамольная галіны прам-сці. Камбікормавая прам-сць. Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі жалезарудны камбінат у раёне г. Керч), прыроднага газу (п-аў Тарханкуцкі, Джанкой). На базе мясц. жал. руд працуе Керчанскі металургічны камбінат. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці буйнатанажных марскіх танкераў, суднарамонце (Керч, Севастопаль), вытв-сці абсталявання для харч. прам-сці, прылад (Севастопаль), тэлевізараў (Сімферопаль), трактарных прычэпаў (Джанкой), пад’ёмна-трансп. абсталявання (Феадосія). Хім. прам-сць працуе на солях Сіваша і ліманных азёр (Сакскі хім., Краснаперакопскі бромавы, Крымскі двухвокісу тытану і содавы з-ды). У Сімферопалі з-д пластмас і быт. хіміі. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці вырабляюць трыкатаж, тканіны, абутак, скургалантарэю (Сімферопаль, Севастопаль, Феадосія, Керч, Бахчысарай). Вытв-сць сувеніраў. Пераважна на мясц. сыравіне працуе прам-сць буд. матэрыялаў (Феадосія, Севастопаль, Керч, Белагорск). Дрэваапр. з-ды ў Севастопалі, Бахчысараі. мэблевая ф-ка ў Феадосіі. Сімферопальская, Севастопальская і Камыш-Бурунская ДРЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, вінаграду, садавіны, ягад, агародніны, малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пасяўная пл, каля 0,5 млн. га, пераважна ў Стэпавым К., дзе значныя масівы арашальных зямель (гл. Паўночна-Крымскі канал). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс), тэхн. (сланечнік, соя), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Збор (тыс. т, 1995): збожжа — 1505, агародніны — 225, бульбы — 332. Асн. плошчы вінаграднікаў і садоў у перадгорнай і цэнтр. частках К. Эфіраалейныя культуры і тытунь вырошчваюць на паўд. узбярэжжы і ў перадгор’ях. У стэпавых раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, у перадгор’ях — малочна-мяснога. Развіты птушкагадоўля, авечкагадоўля, свінагадоўля. Вытв-сць мяса ў 1995—93 тыс. т. Даўж. чыгунак 644 км. Гал. чыгункі Севастопаль—Сімферопаль—Джанкой, Краснаперакопск—Джанкой—Феадосія—Керч. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 7 тыс. км. Тралейбусная лінія Сімферопаль—Ялта. Паромная пераправа звязвае Керч з Паўн. Каўказам. Марскія парты: Феадосія, Керч, Севастопаль, Ялта, Еўпаторыя. К. — адзін з буйнейшых курортных раёнаў Украіны. Курорты: Ялта, Алупка, Алушта, Гурзуф (Паўд. бераг К.), Феадосія, Еўпаторыя, Сакі; буйны цэнтр турызму.

Літ.:

Лукша У. Непаўторныя вобразы Крыма: Замалёўкі з натуры. [Маладзечна]. 1997;

Якобсон А.Л. Крым в средние века. М., 1973;

Кессельбреннер Г.Л. Крым: Страницы истории. М., 1994;

Крымская АССР (1921—1945). Симферополь, 1990;

Басов А.В. Крым в Великой Отечественной войне, 1941—1945. М., 1987;

Канапацкі І. 50-я ўгодкі гвалтоўнага выгнання татар з Крыма // Байрам. 1994. № 2;

Старченков Г. Превратности судьбы (Крым) // Азия и Африка сегодня. 1997. № 10.

Г.С.Смалякоў (гаспадарка).

Краявід каля ўзбярэжжа Крыма.

т. 8, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Крым-Гірэй 9/188

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Крым-сагыз 5/519, 520

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ВІЧ (Арсень Іванавіч) (12.4.1855, г. Брэст — 18.1.1942),

архівіст, літаратуразнавец. Чл.-кар. АН СССР (1927). Скончыў Варшаўскі ун-т (1876). Выкладаў у гімназіях г. Холм (цяпер Хэлм, Польшча) і г. Шаўлі (цяпер Шаўляй, Літва), у 1883—1907 у мужчынскай і жаночай гімназіях г. Сімферопаль. У 1885 зрабіў падарожжа ў Грэцыю, Егіпет, Палесціну. З 1908 старшыня Таўрыдскай вучонай архіўнай камісіі. Спрыяў адкрыццю Сімферопальскага ун-та (1918), у якім выкладаў (праф.). Аўтар працы «Юрый Крыжаніч і яго літаратурная дзейнасць» (1876). Даследчык гісторыі Таўрыды (Крыма): «Таўрычаская губерня ў час Крымскай вайны. Па архіўных матэрыялах» (1905), «Тапаніміка Крыма», «Сімферопаль, яго гістарычныя лёсы, даўніна і нядаўняе мінулае» (абедзве 1924) і інш. Сістэматызаваў навук. працы («Taurica — Спроба паказальніка твораў пра Крым») і маст. творы («Крым у рускай паэзіі») пра Крым.

Тв.:

Таврическая губерния во время Крымской войны: По архивным материалам. Симферополь, 1994.

Літ.:

Гардзіцкі А. Яго паклікала Таўрыда // Культура. 1999. 13—19 лют.

А.К.Гардзіцкі.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ТА ШМІТ,

малая планета № 2108. Сярэдні дыяметр 18 км, сярэдняя адлегласць ад Сонца 364,5 млн. км, перыяд абарачэння 3,8 г. Адкрыта ў 1948 у Сімеізскай абсерваторыі (Крым, Украіна). Названа ў гонар О.Ю.Шміта.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЯ́БАЎ (Андрэй Іванавіч) (29.8.1851, с. Султанаўка, Рэспубліка Крым, Украіна — 15.4.1881),

расійскі рэвалюцыянер-народнік. Скончыў Керчанскую гімназію (1869), вучыўся ў Новарасійскім ун-це ў Адэсе. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях (кастр. 1871) выключаны з ун-та і высланы. З 1873 чл. гуртка чайкоўцаў, вёў рэв. прапаганду сярод рабочых і інтэлігенцыі Адэсы. Удзельнік Ліпецкага і Варонежскага з’ездаў (1879), чл. выканаўчага к-та «Народнай волі», сааўтар яе гал. праграмных дакументаў, у т. л. дэкларацыі. Адзін з удзельнікаў замаху на жыццё Аляксандра II; 27.2.1881 арыштаваны, асуджаны. Павешаны, тайна пахаваны на Праабражэнскіх могілках у Пецярбургу.

Літ.:

Ходаковский М.П. Крым в биографии А.И.Желябова // История СССР. 1988. № 2.

т. 6, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЯВЕ́ЦКІ (Дзмітрый Іванавіч) (? — 1563),

князь, чаркаскі староста (з 1551), адзін з кіраўнікоў барацьбы запарожскіх казакоў супраць крымскіх татар, туркаў і малдаўскіх гаспадароў. Бараніў граніцы ВКЛ на Пд, на дняпроўскім в-ве М. Хорціца пабудаваў крэпасць. У знак пратэсту супраць загаду вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста спыніць напады на Крым і Турцыю ў 1557 перайшоў на службу да рус. цара Івана IV Грознага. Двойчы ўдзельнічаў у паходах рус. войска ў Крым. У час Лівонскай вайны 1558—83 уцёк з Масквы (1563), заручыўшыся дазволам вял. князя ВКЛ на вяртанне. У 1563 малд. баяры, незадаволеныя сваім гаспадаром Стафанам IX, запрасілі Вішнявецкага на малд. трон, але яго атрад быў разбіты войскамі Стафана IX. Вішнявецкі трапіў у палон да туркаў, пакараны смерцю ў Стамбуле. Пад імем Байда стаў прататыпам героя нар. песень.

т. 4, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІІ́К-КАБА́,

рэшткі палеалітычнай стаянкі ў пячоры Кіік-Каба (Крым), за 25 км на У ад Сімферопаля. Даследавана ў 1923—24 Г.А.Бонч-Асмалоўскім. Мае 2 напластаванні: ніжні — канца ашэльскага — пач. мусцьерскага часу і верхні — сярэдняга мусцье. Знойдзены пахаванні неандэртальцаў (дарослага чалавека і дзіцяці), крамянёвыя прылады працы і косці дзікіх жывёл.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТКЕ́ВІЧ (Леанід Уладзіміравіч) (31.12.1918, в. Хотліна Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 12.11.1985),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Аршанскі тэхнікум чыг. транспарту (1935). Працаваў на чыгунцы. З 1937 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Паўд., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім франтах. Снайпер лейт. Буткевіч вызначыўся ў баях за Каўказ, Кубань, Крым, падрыхтаваў 125 снайпераў. З 1945 у запасе.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)