Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́РЛІКІ (Aquila),
птушкі роду арлоў сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 2 віды: П. вялікі, або арол-крыкун (A. clanga), і П. малы (A. pomarina). Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Жывуць у лясах, паблізу лясных балот, у далінах рэк і азёр. Гняздуюцца высока на дрэвах. На Беларусі часцей трапляецца П. малы, пераважна на Палессі. Абодва віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 75 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае. Дзюба і кіпцюры чорныя, васкавіца і пальцы жоўтыя. Цэўка аперана да пальцаў. Драпежнікі, асн. здабыча — дробныя млекакормячыя (пераважна мышападобныя), птушкі, жабы, насякомыя. Нясуць 1—2 яйцы.