ДРЭПАНАКЛА́ДУС (Drepanocladus),

род брыевых імхоў сям. амблістэгіевых. Вядома 40 відаў. Большасць з іх пашырана ў халодных і ўмераных зонах. На Беларусі 8 відаў, часцей трапляюцца балотныя — Д. глянцаваты (D. vemicosus) і Д. сагнуты (D. aduncus); у вадаёмах пашыраны Д. Зентнера (D. sendtneri), Д. бяскольцавы (D. exannulatus) і Д. плаваючы (D. fluitans); Д. кручкаваты (D. uncinatus) расце ў хвойных і мяшаных лясах. Торфаўтваральнікі.

Адна- і двухдомныя лістасцябловыя імхі. Дзярнінкі звычайна бліскучыя, буйныя, зялёныя, жаўтавата-зялёныя, карычневыя, чарнаватыя. Сцябло ляжачае да прамастойнага. Лісце цэльнакрайняе ці пілаватае. Каробачка са спорамі на прамой ножцы, цыліндрычная, сагнутая; вечка з дзюбай або бародаўкай.

Дрэпанакладус кручкаваты: а — расліна, б — ліст.

т. 6, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНІК, вадзяная зорачка (Callitriche),

род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балотнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.

Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.

Балотнік веснавы.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)