ІВАНО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (н. 23.8.1948, г. Бугульма, Татарстан),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання для харч. прам-сці. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Маскоўскі тэхнал. ін-т харч. прам-сці (1971). З 1992 у Магілёўскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па тэхналогіях і машынах для мукамольна-крупяной вытв-сці.
т. 7, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛНДПТІХЛЕБАПРАДУ́КТ», Дзяржаўнае навукова-даследчае і праектна-тэхналагічнае прадпрыемства «БелНДПТІхлебапрадукт» пры Камітэце па хлебапрадуктах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1971 у Мінску як філіял Цэнтральнага н.-д. і праектнага ін-та «Прамзбожжапраект». З 1991 сучасная назва. Асн. кірунак работы — комплекснае праектаванне для буд-ва і рэканструкцыі прадпрыемстваў галіны (мукамольна-крупяной, камбікормавай і элеватарнай прам-сці) на тэр. Беларусі і некаторых абласцей Рас. Федэрацыі.
т. 3, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТРУБ’Е,
адходы мукамольна-крупяной вытв-сці — абалонкі зерня і рэшткі неадсартаванай мукі; канцэнтраваны корм для с.-г. жывёл, адзін з кампанентаў камбікорму. У залежнасці ад віду зерня адрозніваюць вотруб’е пшанічнае, жытняе, ячменнае, рысавае і інш., паводле ступені драбнення — грубае і тонкае. Часцей выкарыстоўваюць пры кармленні буйн. раг. жывёлы. У 100 кг вотруб’я 70—78 кармавых адзінак і 12,5—13,2 кг засваяльнага пратэіну. Вотруб’е багата фосфарам, каліем, марганцам, вітамінамі групы B, E.
т. 4, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖЫ́НКІ,
старадаўняе нар. свята ў беларусаў, звязанае з заканчэннем жніва. Дажынкавыя абрады былі скіраваны на тое, каб аддзякаваць «духам нівы» за хлеб, захаваць яе плён на наступны год. Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песнямі ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абрадавымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай. Усе абрады суправаджаліся дажынкавымі песням: іх спявалі ў канцы жніва, у час абраду «завівання барады», па дарозе жней дахаты, у двары гаспадара і на святочным застоллі. На Пн Беларусі Д. спраўлялі двойчы: малыя пасля заканчэння жытняга жніва, вялікія пасля таго, як зжыналі і яравыя. У наш час Д. адзначаюць як свята ўраджаю.
А.С.Ліс.
т. 6, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАМО́ЛЬНЫ МЛЫН,
машына (прыстасаванне, устаноўка, прадпрыемства) для перапрацоўкі зерня на муку.
Найб. старажытнымі прыладамі для размолу зерня былі зерняцёркі (вядомы з ранняга неаліту — каля 5-га тыс. да н.э.) і ступы. Пазней з’явіліся жорны, якія прыводзіліся ў рух уручную (жорны, што працуюць парна, пашырыліся ў 4—3 ст. да н.э.). Са старажытных часоў (у краінах Усходу, Грэцыі і Рыме) пачалі выкарыстоўвацца млыны вадзяныя, у якіх жорны прыводзіліся ў рух вадзянымі коламі. На Беларусі вадзяныя млыны з 1—2 (часам да 4) коламі функцыянавалі амаль ва ўсіх буйных дварах і гаспадарках. Былі і сезонныя млыны, што працавалі ў час паводак (млыны-вешнякі), а таксама М.м. з валовай ці конскай цягай. У 12—13 ст. у многіх краінах Еўропы пашырыліся ветраныя млыны — ветракі; на Беларусі іх будавалі з 15 ст. У пач. 19 ст. з’явіліся М.м. з паравым рухавіком, у 1880-я г. — з электрапрыводам.
Сучасны М.м. — прадпрыемства (з-д мукамольна-крупяной прамысловасці), якое складаецца з аддзяленняў: зернеачышчальнага (уключае сепаратары, трыеры, магн. апараты, абоечныя і мыйныя машыны), размольнага (мае вальцовыя станкі, прасейвальныя і сітавеяльныя машыны), выбойнага (прыстасаванні для аўтам. ўзважвання і засыпкі мукі ў мяхі). Абсталявана пнеўматычным транспартам для перамяшчэння зерня і прамежкавых прадуктаў, метал. і жалезабетоннымі ёмістасцямі для захоўвання мукі.
У.М.Сацута.
т. 11, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)