Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРУП (англ. croup ад шатл. croup каркаць),
пашкоджанне гартані з сімптомамі ўдушша, гаўклівага кашлю і ахрыплага голасу. Развіваецца пры запаленні слізістай абалонкі гартані пры інфекц. і запаленчых хваробах, алергіі, траўмах. Бывае К. сапраўдны (пры дыфтэрыі) і несапраўдны (выкліканы інш. прычынамі; пры алергічным ацёку падскладкавай вобласці гартані развіваецца раптоўна). К. прыводзіць да стэнозу гартані рознай ступені, іншы раз да ўдушша і смерці. Лячэнне: пры сапраўдным — процідыфтэрыйная сываратка, пры несапраўдным — сімптаматычныя сродкі, іншы раз — хірургічнае.
П.А.Цімашэнка.
т. 8, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУП»
(Krupp, Fried. Krupp Gmb Η),
буйнейшы металургічны і машынабудаўнічы канцэрн ФРГ. Засн. ў 1968 у г. Эсен. Яго вытворчая камбінаваная праграма ахоплівае горназдабыўную, сталеліцейную, металаапрацоўчую прам-сць, агульнае машынабудаванне, аўта-, судна- і авіябудаванне, вытв-сць электраэнергіі, праектаванне і буд-ва камплектных прадпрыемстваў, гандаль і інш. Бярэ пачатак з заснаванага ў 1811 Ф.Крупам сталеліцейнага прадпрыемства, якое больш за паўтара стагоддзя (да 1967) належала гэтай сям’і. Канцэрн актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ваен. патэнцыялу Германіі да і ў час 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну фірма Крупаў была адным з вядучых пастаўшчыкоў узбраення фаш. Германіі. У 1960-я г. канцэрн аднавіў выпуск ваен. прадукцыі для бундэсвера. У 1968 «К.» апынуўся на мяжы фін. краху і звярнуўся за крэдытамі да дзяржавы і вядучых банкаў краіны. У кіруючыя органы канцэрна былі ўведзены прадстаўнікі інш. фін. і прамысл. груп, у выніку чаго ён страціў статус сямейнага прадпрыемства.
т. 8, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПНІК,
у беларусаў рэдкая страва з ячных або прасяных круп (крупеня). Забельваюць малаком або вараць з мясам, бульбай. Часам вараць на сыроватцы, са свіной крыві і круп. К. таксама называлі хмельны мядовы напітак або гарэлку, перавараную з мёдам, журавінамі і духмянымі прыправамі.
т. 8, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЦЯ́,
1) у беларусаў і інш. слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытой або алеем.
2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял. значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.
т. 9, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЦА́К,
у беларусаў буйныя ячныя крупы, а таксама крупнік з мясам або малаком, прыгатаваны з гэтых круп. Вядомы на Гродзеншчыне, Чэрвеньшчыне.
т. 12, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАЛЕ́Я (ад араб. бакал прадавец харчовых прыпасаў),
абагульненая назва некаторых харч. тавараў — круп, мукі, кандытарскіх вырабаў, солі, чаю, кавы, прыпраў і інш.
т. 2, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЕ́Ш,
у беларусаў 1) страва з мяснога булёну, падкалочанага мукой. Калі не было мяса, К. заскварвалі салам.
2) Густы, звычайна малочны суп з прасяных, радзей з ячных круп.
3) Тое, што крупнік.
т. 8, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)