Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА, маслабойка,
бандарны выраб; у беларусаў і інш.слав. народаў пасудзіна для збівання масла. Найчасцей — вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, а да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка).
Такой жа формы бойкі выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Палессі былі вядомы бойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю (у выглядзе 2-доннай бочачкі, у якой было «акенца» з засаўкай); масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. Бойкі бытуюць і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮБАМУ́ДРЫ»,
удзельнікі літ.-філас. гуртка «Таварыства любамудрасці» ў Маскве ў 1823—25. У яго ўваходзілі: У.Ф.Адоеўскі, Дз.У.Венявіцінаў, І.В.Кірэеўскі, А.І.Кошалеў, М.А.Мельгуноў, М.П.Пагодзін, С.П.Шавыроў і інш. Свае погляды выказвалі ў час. «Вестник Европы», альманаху «Мнемозина», у якім удзельнічалі А.С.Пушкін, А.С.Грыбаедаў. Тэарэт. вытокі «Л.» у нямецкім ідэалізме; стаялі на пазіцыі аб’ектыўнага ідэалізму, прытрымліваліся ліберальнай арыентацыі, адмяжоўваліся ад франц. матэрыялізму. У гуртку акрэсліваліся 2 тэндэнцыі — кансерватыўная (Адоеўскі; прыхільнікі рэліг. інтэрпрэтацыі філасофіі і эстэтыкі, выступалі за «асветнае», «гуманнае» прыгонніцтва) і радыкальныя (Венявіцінаў, Кошалеў, схіляліся да рэліг. скептыцызму і салідарызаваліся з дзекабрыстамі). Пасля паўстання дзекабрыстаў гурток «Л.» закрыты. статут і пратаколы знішчаны.
Літ.:
Каменский З.А. Московский кружок любомудров. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РАШ (Якаў Навумавіч) (7.1.1917, г. Гродна — 25.9.1990),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1973), праф. (1974). Вучыўся ў Віленскім ун-це (1936—39), скончыў Львоўскі ун-т (1940). З 1946 у Гродзенскім ун-це. Даследаваў гісторыю каталіцкай царквы ў Беларусі і Літве. Распрацоўваў пытанні методыкі выкладання гісторыі ў сярэдняй і вышэйшай школе. Аўтар артыкулаў па гісторыі Гродна.
Тв.:
Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви. Мн., 1969;
Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795 гг.). Мн., 1971;
Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;
Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАНАЛО́ГІЯ,
раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.С.Трубяцкой (1931).
Літ.:
Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический’ кружок. М., 1967;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.