Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Круг (абразіўны) 5/296
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГ,
частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю. Плошча К. вызначаецца з дапамогай формулы S=πr2, дзе r — радыус, π = 3,14159... Гл. таксама Квадратура круга, Пі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫ КРУГ,
станок (прыстасаванне) для фармоўкі ганчарных вырабаў, дзеянне якога заснавана на цэнтральным вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе верт. восі. Напачатку карысталіся ручным ганчарным кругам, пазней вынайдзены нажны. З паяўленнем ганчарнага круга ганчарства ператварылася ў рамяство з вылучэннем спецыялістаў-ганчароў. Цяпер ганчары карыстаюцца пераважна нажным ганчарным кругам з рухомай воссю на падшыпніках, на прамысл. прадпрыемствах — з электрамех. прыводам. Першыя ганчарныя кругі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, у 2—1-м тыс. да н.э. пашырыліся ў Еўропе, з 1-й пал. 1-га тыс.н.э. — у некат. усх.-слав. плямён, з 9—10 ст. — у Стараж. Русі. На Беларусі вядомыя з 10 ст. Ручны ганчарны круг — драўляны дыск, які насаджваўся на дубовую або жалезную вось, убітую ў зямлю (калоду, плашку, крыжавіну). Пры вярчэнні дыска рукой загладжвалі паверхню зробленай уручную пасудзіны або з камяка гліны выцягвалі полае цела патрэбнай формы. Пазней узнік ручны ганчарны круг з крыжавінай, спіцамі, двума дыскамі. З сярэдзіны 16 ст. бытаваў нажны ганчарны круг, які складаўся з двух злучаных спіцамі дыскаў, насаджаных на нерухомую вось. Ніжні дыск прыводзіўся ў рух нагамі, а на верхнім рукамі фармаваўся выраб. Больш дасканалым стаў нажны ганчарны круг з рухомай воссю, якая ўпіралася ніжнім канцом у падстаўку з гняздом — порпліцу. Нажныя ганчарныя кругі з сярэдзіны 18 ст. выкарыстоўвалі і для вытв-сці фаянсавых вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫДЫЯ́ННЫ КРУГ,
астранамічная прылада для вызначэння экватарыяльных каардынат нябесных свяціл (гл.Нябесныя каардынаты). Мае падзорную трубу, што можа паварочвацца ў плоскасці мерыдыяна вакол гарыз. восі, на якую насаджаны кругі са шкаламі для вымярэнняў вуглоў. Пры навядзенні трубы на зорку, якая кульмініруе, па паказаннях кругоў вызначаюць зенітную адлегласць свяціла і вылічваюць схіленне. М.к. выкарыстоўваецца таксама для рэгістрацыі момантаў праходжання нябесных свяціл праз мерыдыян.
Схема мерыдыяннага круга: AB — падзорная труба; вось вярчэння WE размешчана гарызантальна па лініі Усход-Захад; CD — круг з дзяленнямі; M — мікраметр для адліку дзяленняў.