«АБ’ЯДНА́НЫЯ ІРЛА́НДЦЫ»

(United Irishmen),

ірландская паліт. арг-цыя ў 1791—98. Створана ў г. Белфаст Т.У.Тонам, Э.Фіцджэралдам, Т.​Раселам і інш. з мэтай дасягнення свабоды каталіцкага веравызнання, правядзення (разам з пратэстантамі) парламенцкай рэформы. З 1794 ператварылася ў падп. рух за незалежнасць Ірландыі. Вяла перамовы з рэв. Францыяй аб ваен. дапамозе. Напярэдадні запланаванага на 1798 паўстання лідэры «Аб’яднаных ірландцаў» былі арыштаваны, што пазбавіла паўстанцаў цэнтралізаванага кіраўніцтва. Толькі ў графстве Уэксфард яны захапілі частку тэр., але не ўтрымалі яе. Паўстанне пацярпела крах.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ,

перыяд праўлення ў Францыі прадстаўніка арлеанскага дома (малодшай галіны Бурбонаў) караля Луі Філіпа [1830—48] паміж Ліпеньскай рэвалюцыяй 1830 (ад яе назва) і Лютаўскай рэвалюцыяй 1848, якая ўстанавіла другую рэспубліку. Рэжым Л.м. характарызаваўся паліт. і эканам. панаваннем буйных банкіраў, гандляроў, прамыславікоў і абмежаванай у параўнанні з перыядам Рэстаўрацыі (1814—30) уладай караля. Незадаволенасць прац. мас, прадпрымальніцкіх колаў і дэмакр. інтэлігенцыі вынікамі Ліпеньскай рэвалюцыі і палітыкай улад (законы супраць рабочых саюзаў і свабоды друку, павелічэнне падаткаў і інш.) выклікала шматлікія паўстанні, у т. л. Ліёнскія паўстанні 1831 і 1834, і абумовіла крах Л.м. ў 1848.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДО́ВІЧ (Лілія Міхайлаўна) (н. 25.12.1936, г. Гродна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. У яе творчасці спалучаюцца быт. і рамантычнае мастацтва, вастрыня і яскравасць малюнка ролі з лірызмам і паэтычнасцю. Найб. поўна яе акцёрская індывідуальнасць раскрылася ў ролі Ганны Чарнушкі («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа; Дзярж. прэмія Беларусі 1966 за выкананне аднайм. ролі ў тэлеспектаклі). Сярод роляў: Рая, Соня, Галя («Пагарэльцы», «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал» А.​Макаёнка), Вера («Радавыя» А.​Дударава), Юлія Тугіна («Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Валька, Марыя Сяргееўна («У мяцеліцу», «Залатая карэта» Л.​Лявонава), Шафрак («У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма), Дзіяна («Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра), Аманда («Блакітная ружа» Т.​Уільямса). Здымаецца ў кіно («Вазьму твой боль», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і інш.), тэлеспектаклях («Крах», «Ткачы», «Федра»).

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКО́ЎСКІ (Уладзімір Ягоравіч) (7.2.1846, Масква — 21.2.1920),

расійскі жывапісец. Брат К.Я.Макоўскага. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1861—66) у С.Заранкі; выкладаў у ім (1882—94) і ў Пецярбургскай АМ (1894—1918, з 1895 рэктар). З 1872 чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). У творчасці пераважалі тэмы гар. побыту, камерныя, часта двухфігурныя кампазіцыі сац.-крытычнага зместу: «У прыёмнай у доктара» (1870), «Наведванне бедных» (1874), «Чаканне» (1875), «Асуджаны» (1879), «Крах банка» (1881), «Спатканне» (1883), «На бульвары» (1887) і інш. У некаторых работах блізкі да пленэрнага жывапісу («Тлумачэнне», 1889—91, і інш.). Звяртаўся і да рэв. тэматыкі: «Допыт рэвалюцыянеркі» (1904), «9 студзеня 1905 года на Васільеўскім востраве» (1905) і інш. Ствараў таксама партрэты і графічныя работы.

Літ.:

Друженкова Г.А. В.​Маковский. М., 1962.

У.Макоўскі. На бульвары. 1887.

т. 9, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛІЖСКАЕ ПАЎСТАННЕ 1918,

антысавецкае сялянскае паўстанне ва ўмовах грамадзянскай вайны. Адбылося ў ліст. 1918 у Веліжскім пав. Віцебскай губ. (цяпер пераважна ў Смаленскай вобл., Расія). Узначальвалі Веліжскае паўстанне выхадцы з мясц. святароў (афіцэры А. і К.​Жыгалавы) і мясц. сялян (браты Бараняты, І. і П.​Нілёнкі і інш.). Выклікана ўвядзеннем хлебнай манаполіі, харчразвёрсткай. Паўстанцы таксама выступілі за аднаўленне Устаноўчага сходу. Акрамя сялян у паўстанні ўдзельнічалі святары, настаўнікі, гімназісты, стараверы, жыхары латышскіх вёсак Ільінскай вол. Пачалося 11 ліст. ў Баранаўскай і Усмынскай валасцях. 15 ліст. паўстанцы захапілі Веліж. Паводле звестак гісторыка А.​Г.​Хахлова, колькасць узбр. сялян складала 1 тыс. чал. Падаўлена Веліжскае паўстанне 23 ліст., але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925.

Літ.:

Воспоминания участников борьбы за власть Советов в Смоленской губернии. Смоленск, 1957;

Почанин С.З. Историей обреченные. Мн., 1977;

Хохлов А.Г. Крах антисоветского бандитизма в Белоруссии в 1918—1925 гг. Мн., 1981.

Н.​І.​Стужынская.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫ́ПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ́»,

палітыка наўмыснага знішчэння населеных пунктаў, прамысловых, энергетычных, транспартных і інш. прадпрыемстваў, збудаванняў, дарог, запасаў матэрыяльных сродкаў, пасеваў, помнікаў культуры і інш. Вядома са стараж. часоў, асабліва выкарыстоўвалася ў перыяды спусташальных набегаў ваяўнічных качэўнікаў-заваёўнікаў. На Беларусі ў значных маштабах праводзілася ў Вял. Айч. вайну 1941—45. Найб. адкрыта тактыка «выпаленай зямлі» ажыццяўлялася ў час правядзення больш як 140 карных аперацый. За гады вайны акупанты загубілі больш за 2 млн. 200 тыс. чал., спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак (630 з іх спалілі разам з жыхарамі), некаторыя раёны цалкам ператварылі ў пустыні (у Суражскім р-не з 346 вёсак засталося 5, у Асвейскім спалены амаль усе нас. пункты). Палітыку «выпаленай зямлі» выкарыстоўвалі агрэсары ў войнах супраць В’етнама, Лівана і інш.

Літ.:

Загорулько М.М., Юденков А.Ф. Крах плана «Ольденбург». М., 1980;

Бочкарев А. Критика чистого чувства. Ставрополь, 1996.

У.С.Кошалеў.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЙСТУТ (7—1382),

князь ВКЛ, сын Гедзіміна, бацька Вітаўта. У 1345 разам з братам Альгердам выступіў супраць свайго малодшага брата Яўнута, які пасля смерці Гедзіміна (1341) займаў велікакняжацкі пасад. К. захапіў Вільню і ўзяў у палон Яўнута, аднак вял. князем прызнаў Альгерда, бо за ім як уладаром большай усх. часткі дзяржавы бачыў магутную сілу. На К., які ўладарыў у зах. частцы ВКЛ, прыпадаў гал. цяжар барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і Польшчай. У шэрагу выпадкаў дапамагаў Альгерду ў пашырэнні межаў дзяржавы на У і Пд. Маючы рэзідэнцыю ў Троках, К. пранікся інтарэсамі Жамойці і пасля смерці Альгерда (1377) імкнуўся навязаць сыну апошняга Ягайлу, які стаў вял. князем, палітыку, выгадную для яе. У 1381 выступіў супраць Ягайлы, але ў хуткім часе быў ім захоплены, прывезены ў замак Крэва і там задушаны. Трагічная смерць К. азначала крах імкненняў жамойцкай знаці заняць вядучае месца ў ВКЛ.

М.​І.​Ермаловіч.

Кейстут.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАВА́РСКАЯ (Зінаіда Іванаўна) (н. 31.8.1916, ст. Адэса-Дачная, Украіна),

бел. актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1937). Сцэн. дзейнасць пачала ў Т-ры юнага гледача Беларусі. З 1938 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы (у 1941—50 у франтавым т-ры Масквы, т-рах Ашхабада, Пензы, Куйбышава). Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. У творчасці спалучае выразны вонкавапластычны малюнак з псіхал. характарыстыкай персанажа. З лепшых роляў: Бажашуткава («Амністыя» М.​Матукоўскага), Маці («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Ірына («Вогненны мост» Б.​Рамашова), Юлечка («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Нора («Нора» Г.​Ібсена), Ніхаль («Дзівак» Назыма Хікмета), Клея («Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду), Эржы («Гульня з кошкай» І.​Эркеня), Сара Бернар («Смех лангусты» Дж.​Марэла), Понсія («Гульня ў джын» Д.​Кобурна). Знялася ў фільмах «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Нашы суседзі», «Хто смяецца апошнім», у тэлевіз. спектаклі «Крах». Аўтар і рэжысёр радыёпастановак («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча і інш.). У 1953—55 і 1967—88 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це.

З.І.Браварская.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НШТЭЙН, Манштайн (Manstein) Эрых фон Левінскі (Lewinski; 24.11.1887, Берлін — 10.6.1973),

германскі ваен. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1942). Скончыў ваен. акадэмію (1914). У арміі з 1906, удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1935—38 нач. Аператыўнага ўпраўлення і 1-ы обер-кватармайстар Генштаба сухап. войск. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба групы армій «Поўдзень» у Польскую кампанію 1939, потым групы армій «А»; у Французскую кампанію 1940 камандзір 38-га корпуса; камандзір 56-га танк. корпуса (1941) і кіраўнік баявых дзеянняў (жн.ліст. 1942) у раёне Ленінграда, каманд. 11-й арміяй у Крыме (вер. 1941 — ліп. 1942), групамі армій «Дон» у раёне Сталінграда (з ліст. 1942) і «Поўдзень» на Украіне (люты 1943 — сак. 1944). Адхілены ад камандавання і залічаны ў рэзерв з-за рознагалоссяў з А.​Гітлерам. У 1949 асуджаны брыт. ваен. трыбуналам на 18 гадоў зняволення, у 1952 вызвалены. Аўтар кніг успамінаў «Страчаныя перамогі» (1955) і «З салдацкага жыцця, 1887—1939» (1958).

Тв.:

Рус. пер. — Утерянные победы. М., 1999.

Літ.:

Бузукашвили М.И. Крах «Зимней грозы». М., 1984.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЧКО́ЎСКІ,

(Kruczkowski) Леан (28.6.1900, г. Кракаў, Польшча — 1.8.1962), польскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыў Вышэйшую прамысл. школу ў Кракаве (1918). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры ваеннапалонных у Германіі. Ў 1945—48 нам. міністра культуры і мастацтва ПНР. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. У першым зб. вершаў «Молаты над светам» (1928) адлюстраваў крах ідэалаў маладога пакалення Польшчы. У рэаліст. гіст. рамане «Кардыян і хам» (1932) асэнсоўвае ролю шляхты ў паўстанні 1830—31. Раман «Паўлінава пер’е» (1935) пра галіцыйскую вёску напярэдні 1-й сусв. вайны. Раман «Цянёты» (1937), п’еса «Немцы» (паст. 1949; Дзярж. прэмія Польшчы 1950) антыфаш. накіраванасці. У п’есах «Помста» (1948), «Юльюш і Этэль» (1954), «Наведванне» (1955), «Першы дзень свабоды» (1960), «Смерць губернатара» (1961) філас.-псіхал. і маральная праблематыка. У зб. апавяд. «Эскізы з пекла праўдзівых людзей» (1963) гістарызм спалучаны з маральнымі аспектамі. Аўтар публіцыстычных кніг «У атмасферы дыктатуры» (1938), «Сустрэчы і супастаўленні» (1950), «Сярод сваіх і чужых» (1954) і інш. Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1955. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.​Брыль, П.​Пестрак, Я.​Міско.

Тв.:

Бел. пер. — Паўлінава пер’е. Мн., 1959;

Рус пер. — Избранное. М., 1955;

Пьесы;

Статьи. М., 1974.

Літ.:

Пиотровская А. Л.​Кручковский. М., 1977.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 8, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)