ВІБРЫ́СЫ

(лац. vibrissae ад vibro калыхаюся, выгінаюся),

доўгія, шорсткія, відазмененыя валасы ў млекакормячых, якія выступаюць над паверхняй шорсткага покрыва і выконваюць ролю дадатковых органаў дотыку. Размяшчаюцца пераважна на пярэдняй частцы галавы (вусы ў кашэчых, т.зв. маржовыя вусы ў цюленяў, маржоў), зрэдку на бруху (у вавёркі), на лапах (у многіх сумчатых), канцы хваста (у крата). Добра развіты ў жывёл, якія вядуць начны (напр., у многіх драпежных, лемураў) або падземны (у кратоў, слепышоў) спосаб жыцця. Інервуюцца больш за звычайныя валасы (напр., у вусатых кітоў у корань вібрыса можа пранікаць да 10 тыс. нерв. валокнаў).

А.С.Леанцюк.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРТА́НЬ,

пачатковы аддзел дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, што знаходзіцца паміж глоткай і трахеяй. Праз гартань паветра праходзіць у трахею, якая засцерагае дыхальныя шляхі ад пападання ў іх ежы (корму), удзельнічае ва ўтварэнні гукавых сігналаў і голасу.

Шкілет гартані складаецца са шчыта-, пярсцёнка- і чарпакападобных гіялінавых храсткоў, а таксама з эластычнага храстка надгартанніка з прымацаванымі да яго мышцамі і звязкамі У некат. відаў рукакрылых, сумчатых, кратоў і зубастых кітоў чарпакападобныя храсткі і надгартаннік утвараюць трубку, якая ўдаецца ў насаглотку і забяспечвае дыханне пры заглынанні корму. У дзяцей і жанчын дзве пласціны шчытападобных храсткоў зыходзяцца пад тупым, у мужчын пад вострым (утвараюць адамаў яблык) вуглом. Поласць гартані дзеліцца на ўваход, жалудачак і ніжнюю частку, выслана слізістай абалонкай, парныя складкі якой утвараюць паміж жалудачкам і ніжнім аддзелам гартані сапраўдныя галасавыя звязкі і абмяжоўваюць галасавую шчыліну (гл. Галасавы апарат). У млекакормячых пад імі знаходзяцца несапраўдныя галасавыя звязкі, у птушак галасавы апарат лакалізуецца ў ніжняй частцы трахеі і верхніх участках бронхаў. Зрушэнні храсткоў гартані з утварэннем гукаў забяспечваюцца папярочна-паласатымі мышцамі шкілетнага тыпу (укрываюць пярэднюю і бакавыя паверхні гартані), яе інервацыя — адгалінаваннямі блукаючага нерва, кровазабеспячэнне — праз гартанныя артэрыі, адток крыві — праз сістэму ярэмных і падключычных вен. Найб. пашыраныя запаленчыя хваробы гартані — ларынгіт, гартанная ангіна.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТУЛІ́ЗМ

(ад лац. botulus каўбаса),

вострая атручальна-інфекцыйная хвароба з пераважным пашкоджаннем нерв. сістэмы. У чалавека выклікаецца таксінамі бактэрыі Clostridium batulinum, якія трапляюць у арганізм з няякаснымі харч. прадуктамі (мяса, рыба, кансервы і інш.). Большасць выпадкаў батулізму звязана з дамашнім кансерваваннем. Мікробы батулізму распаўсюджаны ў глебе ў выглядзе спораў, вадзе, кішэчніку рыб, у хворых жывёл і чалавека. У працэсе вегетацыі і размнажэння (пры адсутнасці кіслароду) яны ўтвараюць таксін.

Прыкметы хваробы: агульная слабасць, моцны галаўны боль, параліч мышцаў. У некаторых хворых моташнасць, ірвота, панос, сухасць слізістых рота, смага. Адначасова ці пазней назіраюцца спецыфічныя сімптомы батулізму: парушэнне зроку («туман», «мушкі», «сетка» перад вачамі), дваенне прадметаў, хворы не можа чытаць, расшырэнне зрэнкаў, апушчэнне павекаў, нерухомасць вочных яблыкаў; замінка глытання («камяк» у горле, боль пры глытанні); невыразная мова, слабы, гугнявы голас або поўная яго адсутнасць (афанія). Пры цяжкай форме батулізму — расстройства дыхання (цяжкасць і ціск у грудзях, не хапае паветра, парушэнне рытму дыхання), што можа выклікаць запаленне лёгкіх. Тэмпература цела нармальная або крыху павышаецца, свядомасць захоўваецца. Лячэнне: спецыфічная антытаксічная сываратка і антыбіётыкі, салявыя растворы з аскарбінавай кіслатой, какарбаксілазай, прамыванне страўніка і кішак. Прафілактыка: выкананне асн. санітарна-гігіенічных правілаў апрацоўкі, транспарціроўкі, захавання і прыгатавання харч. прадуктаў. У жывёл атручэнне бывае ад няякаснага корму, у якім ёсць таксін палачкі батулінусу. Крыніца інфекцыі — глеба, а таксама трупы звяркоў (кратоў, мышэй, пацукоў). Асн. сімптомы — параліч мускулатуры, пераважна жавальнага і глытальнага апаратаў. Часцей атручваюцца коні, птушкі, радзей буйн. раг. жывёла і свінні, з пушных звяроў — норкі. Інкубацыйны перыяд 24 гадз — 10—12 дзён. Хвароба цягнецца 1—5, радзей 5—10 дзён. Лек. сродкі: слабіцельныя і полівалентныя сывараткі, прамыванне страўніка растворам марганцавакіслага калію, содай.

П.Л.Новікаў.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)