КРАТО́Н (ад грэч. kratos сіла, моц),

кансалідаваны ўчастак зямной кары, няздольны да пераўтварэння пад уплывам альпінатыпнай складкавасці. Вылучаюць паднятыя К. — масівы пераважна сіялічнага (Si, Al) складу (стараж. платформы), і апушчаныя К. — масівы з сіматычнай (Si, Fe, Mg) асновай (пераважна вобласці дна акіянаў). Тэрмін уведзены ням. геолагам Г.​Штыле ў 1940 (замест прапанаванага ў 1928 аўстр. геолагам Л.​Коберам «кратаген») і шырока ўжываецца ў замежнай геал. і геагр. літаратуры.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Аўстралійскі кратон,

старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае цэнтр. і зах. часткі Аўстралійскага мацерыка і паўд. частку в-ва Новая Гвінея. На У абмежавана Усх.-Аўстралійскай вобласцю палеазойскай складкавасці. Аддзяленне аўстралійскай платформы ад Гандваны пачалося ў юры і завяршылася ў палеагене.

Крышталічны фундамент складзены з блокаў архейскіх метамарфізаваных парод, якія падзяляюцца зонамі пратэразойскай складкавасці і перапрацоўкі. Пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах на З і выступах у цэнтры і на Пд. Платформавы чахол залягае ва ўпадзінах (сінеклізах), аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (Перт і Кінг Леапольд маюць макс. магутнасць яго 7—10 км). Аўлакагены запоўнены пераважна пародамі позняга пратэразою і палеазою, сінеклізы — палеазою, прагіны — мезазою і кайназою. Аўстралійская платформа мае багатыя радовішчы золата, жалезных, марганцавых, медных і поліметал. рудаў, урану, баксітаў і інш.

М.​А.​Нагорны.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Канадская платформа,

старажытная платформа (кратон) у Паўн. Амерыцы. Першапачаткова (да кайназою) уключала і в-аў Грэнландыя. Платформу акаймоўваюць складкавыя збудаванні каледанід Усх. і Паўн. Грэнландыі, Ньюфаўндленда і Паўн. Апалачаў, герцынід Канадскага Арктычнага архіпелага і Паўд. Апалачаў, мезазойска-кайназойскага пояса Кардыльер. Б.ч. плошчы П.-А.П. займае Канадскі шчыт. Фундамент шчыта (за выключэннем Грэнвілскага пояса) утвораны пародамі дакембрыю. кансалідаваны ў гудзонскую тэктона-магматычную эпоху (1700 млн. г. назад). Фарміраванне фундамента ўсёй платформы завяршылася ў познім кембрыі. На ПнУ і ў межах Канадскага шчыта фундамент выходзіць на паверхню, на астатняй ч. ўкрыты асадкавым чахлом пліт, які пераважна складзены з палеазойскіх адкладаў (пліта Мідкантынента і інш.).

У мезазоі апускалася толькі пліта Вялікіх раўнін, дзе намнажаліся прыбярэжна-марскія і кантынентальныя асадкі. У пач. кайназою на платформе ўсталяваўся кантынентальны рэжым. Будова пліт ускладнена сінеклізамі і антэклізамі. З сінеклізамі звязаны багатыя радовішчы солей, вугалю, нафты і газу. Дакембрый Канадскага шчыта ўключае буйныя радовішчы жалезных, сульфідных, медных, нікелевых, уранавых руд, золата і каляровых металаў.

т. 12, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Афрыканскі кратон, Афрыкана-Аравійская платформа,

старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае амаль увесь Афрыканскі мацярык (за выключэннем Атласкіх і Капскіх гор), Аравійскі п-аў (без гор Амана) і в-аў Мадагаскар з Сейшэльскімі а-вамі. Крышталічны фундамент складзены з блокаў глыбока метамарфізаваных парод ранняга дакембрыю, якія акаймаваны познадакембрыйскімі складкавымі паясамі. На значнай тэрыторыі пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах і масівах. Платформавы чахол залягае ў сінеклізах, якія запоўнены пародамі позняга пратэразою і палеазою, аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (запоўнены пародамі мезазою і кайназою). Максімальная магутнасць платформавага чахла (8—10 км) назіраецца на перыферыі афрыканскай платформы (у сінеклізах Кару і Усх.-Лівійскай, аўлакагене Бенуа, перыакіянскіх прагінах). Кансалідацыя фундамента афрыканскай платформы завяршылася ў познім пратэразоі — раннім палеазоі. На працягу палеазою — ранняга мезазою платформа ўваходзіла ў склад суперкантынента Гандвана. Сучасныя рысы набыла ў мелавым перыядзе пасля расколу Гандваны. У выніку інтэнсіўнага падняцця, асабліва на У, у міяцэне ўзнікла Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма і рыфты Чырвонага м. і Адэнскага заліва, што суправаджалася вулканізмам. Афрыканская платформа мае буйныя радовішчы золата, алмазаў, плаціны, хрому, нікелю, урану, рэдказямельных элементаў, поліметалаў і інш.

М.​А.​Нагорны.

т. 2, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)