БЛІ́НЧЫКАЎ (Моталь Абелевіч) (25.3.1896, г. Краслава, Латвія — 11.11.1935),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1912. З 1919 у Чырв. Арміі, нам. нач. палітаддзела 17-й дывізіі на Зах. фронце. З канца 1920 нам. наркома працы БССР. З ліст. 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Беластоцкага акр. к-та КПП. У 1922—28 зняволены ў турмах Польшчы. У 1928—35 чл. Бюро ЦК КПЗБ, кіраўнік Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ, прадстаўнік ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Дэлегат І (1928) і II (1935) з’ездаў КПЗБ, VI (1932) з’езда КПП, VII кангрэса Камінтэрна.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАНО́ВІЧ-СА́ХАРАВА (Вольга Фёдараўна) (28.6.1884, в. Казаноўка Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.3.1943),

бел. пісьменніца. Жонка С.П.Сахарава. Скончыла Полацкую гімназію (1900). Настаўнічала ў Люцыне (цяпер г. Лудза, Латвія), з 1907 у г. Юр’еў (Тарту, Эстонія). З 1917 зноў у Люцыне. Удзельнічала ў працы культ.-асветнага т-ва беларусаў Латгаліі «Бацькаўшчына». У 1925—32 працавала ў Бел. гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), з 1935 у мяст. Краслава. Памагала мужу збіраць бел. фальклор. Літ. дзейнасць пачала ў 1917. Паводле матываў паэмы Я.Купалы «Сон на кургане» напісала п’есу — казачную феерыю «На Полацкім замчышчы» (паст. 1927, выд. 1928), да якой К.М.Галкоўскі напісаў 6 муз. ілюстрацый (хары і сольныя нумары). П’еса «Птушка на волі» (1932, пра жыццё на вёсцы) нагадвала «Паўлінку» Я.Купалы. Яе п’есы «Маладыя пабегі», «Ліст да Прэзідэнта», «Аксюткіна ёлка» ставіліся ў Дзвінскай гімназіі. Пісала вершы (зб. «Водгукі сэрца»; рукапіс у Цэнтр. б-цы АН Літвы).

І.У.Саламевіч.

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СКІ (Мікалай Ануфрыевіч) (6.12.1870, г. Краслава, Латвія — 24.1.1965),

філосаф, заснавальнік інтуітывізму, прадстаўнік персаналізму ў Расіі. Атрымаў адукацыю ў Пецярбургскім ун-це (1891—98), скончыўшы фізіка-матэм. і гісторыка-філал. ф-ты. Д-р філасофіі (1907). З 1916 праф. Пецярбургскага ун-та. У 1922 высланы за мяжу. Выкладаў ва ун-тах Прагі, Брно, Браціславы (да 1945). У 1946 пераехаў у ЗША (праф. філасофіі Свята-Уладзіміраўскай духоўнай акадэміі ў Нью-Йорку, 1947—50). У аснову тэорыі пазнання Л. пакладзена сістэма т.зв. інтэгральнага інтуітывізму — любы прадмет пазнаецца шляхам інтуіцыі (інтэлектуальнай, пачуццёвай, містычнай) у залежнасці ад характару аб’екта. У вучэнні аб быцці (анталогіі) зыходзіў з таго, што свет складаецца з мноства субстанцый — звышпрасторавых і звышчасавых ідэальных асоб, «субстанцыянальных дзеячаў», падобна паняццю манады Г.Лейбніца, якія звязаны паміж сабой і звышсусв. пачаткам (Богам) і ўтвараюць вышэйшую сферу свету — Царства Божае, або Царства гармоніі. У сваіх этычных працах развіваў анталагічную тэорыю каштоўнасцей, паводле якой абс. каштоўнасці ўвасоблены ў «паўнаце быцця», У Богу; грамадства, у якім знікаюць уяўленні аб вышэйшых каштоўнасцях і ідэалах, становіцца арэнай неўтаймаванага эгаізму і маральнага хаосу, што вядзе да ўзаемнага непаразумення і бязлітаснасці, росту злачыннасці, духоўнаму збядненню ўнутр. свету асобы. На яго думку, у рамках маральнага прагрэсу, які падымае сусв. істоты на больш высокія ступені дасканаласці, адбываецца і маральны рэгрэс — працэс аддалення ад Бога носьбітаў «сатанінскай прыроды»; у гісторыі адбываецца рух «ад нуля» ў бок абс. дабра і адноснага зла, прамежкавых фаз на шляху прагрэсу да больш высокіх форм боскага дабра і справядлівасці.

Тв.:

Свобода воли. Париж, 1927;

Избранное. М., 1991;

Условия абсолютного добра. М., 1991;

Чувственная, интеллектуальная и мистическая интуиция. М., 1995.

Літ.:

Старченко Н.Н. Мир, интуиция и человек в философии Н.О.Лосского. М., 1991.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)