Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫЯ́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
акіянскія і марскія адклады, якія намнажаюцца на глыб. 200—3000 м, на мацерыковым схіле і часткова ў найб. глыбакаводных участках шэльфа. Займаюць каля 20% плошчы Сусветнага ак. Прадстаўлены тэрыгеннымі асадкамі (больш за 56%), разнастайнымі муламі (вапняковыя, крамяністыя) і інш.Гл. таксама Батыяль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАВІ́К,
шчыльная тонказярністая кантактава-метамарфічная парода, якая ўзнікла пры ўздзеянні інтрузіўных мас на ўмяшчальныя пароды (пераважна асадкавыя). Пераўтварэнне парод у Р. адбываецца з перабудовай структуры, з’яўленнем новаўтвораных мінералаў. Р. — таксама асадкавыя крамяністыя пароды з характэрным ракавістым зломам, з дамешкам гліны, гідраксідаў жалеза, якія ўтвараюць канкрэцыі, сцяжэнні, прапласткі ў карбанатных і гліністых адкладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,
бальнеалагічны курорт на Украіне. За 25 км на З ад г. Харкаў. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, цёплым, сухім летам, вял. колькасцю сонечных дзён. Крамяністыя гідракарбанатныя кальцыева-натрыева-магніевыя воды (мінералізацыя 0,76 г/л), вядомыя з 1862, выкарыстоўваюць на пітное лячэнне хвароб страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, мачавых шляхоў, парушэнняў абмену рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія сфарміраваліся ў працэсе асадканамнажэння. Паводле месца ўтварэння падзяляюцца на рачныя, балотныя, азёрныя, марскія і акіянскія (адрозніваюць платформавыя і геасінклінальныя), па характары намнажэння — мех. (гравій, пяскі, гліны, россыпы мінералаў), хім. (солі, руды жалеза, марганцу і інш.), біяхім. (гаручыя газы, нафта, вугаль, фасфарыты, карбанатныя і крамяністыя пароды), вулканагенныя (калчаданавыя радовішчы рудаў каляровых металаў, аксідныя радовішчы рудаў жалеза, марганцу і інш.). Маюць важнае прамысл. значэнне. У асадкавых радовішчах сканцэнтравана асн. частка мінеральна-сыравінных рэсурсаў Беларусі.
асадкавыя горныя пароды, складзеныя з рэшткаў жывёльных і раслінных арганізмаў або прадуктаў іх жыццядзейнасці. Паводле рэчыўнага саставу падзяляюцца на карбанатныя (вапнякі), крамяністыя (дыятаміт, радыялярыт і інш.), фасфатныя (ракушачнік, касцяныя брэкчыі, гуана), вугляродзістыя (выкапнёвыя вугалі, гаручыя сланцы, нафты, цвёрдыя бітумы) пароды (гл. таксама Арганагенныя пабудовы). На тэр. Беларусі да арганагенных горных парод належаць нафта, бурыя вугалі, гаручыя сланцы, торф, мелавыя пароды і інш.
Літ.:
Логвиненко Н.В. Петрография осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984;
Неотектоника и полезные ископаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДА́,
прыроднае мінеральнае ўтварэнне, што мае ў сабе металы або іх злучэнні ў канцэнтрацыях, эканамічна выгадных для іх прамысл. здабычы. Р. наз. таксама некат. неметалічныя карысныя выкапні, напр., азбеставая, барытавая, графітавая, серная, агранамічная. Вылучаюцца Р.: прыродна багатыя, бедныя (патрабуюць абагачэння), монамінеральныя (складаюцца з аднаго мінералу), полімінеральныя (некалькі каштоўных і інш. мінералаў), комплексныя (пры наяўнасці ў Р. спадарожных каштоўных кампанентаў). Паводле хім. саставу адрозніваюць Р. сілікатныя, крамяністыя, аксідныя, сульфідныя, карбанатныя і мяшаныя. Найб. пашыраны Р. жалезныя, поліметалічныя, медныя. На Беларусі існуюць ільменіт-магнетытавыя Р. (Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд), жалезістыя кварцыты (Аколаўскае радовішча жалезных руд), праяўленні даўсаніту — Р. на алюміній і соду (на Заазёрнай і Асташкавіцкай плошчах Прыпяцкага прагіну); з агранамічных Р. найб. значэнне маюць калійныя солі, даламіты, мел, фасфарыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАЯ́НСКА-ЧУКО́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
вобласць мезазойскай складкавасці ў Паўн.-Усх. Азіі на стыку Ціхаакіянскага і Арктычнага геасінклінальных паясоў. Уключае тэр.Усх. Сібіры на У ад р. Лена і р. Алдан да Каракскага нагор’я і ўзбярэжжа Ахоцкага м. Мяжуе на З і Пд з Сібірскай платформай, на У — з Ахоцка-Чукоцкім вулканічным поясам. На Пн прадаўжаецца ў Паўночным Ледавітым ак. Большая ч. тэрыторыі мае горны рэльеф, створаны скляпенна-глыбавымі рухамі ў неагенавы і чацвярцічны перыяды. Складкавая вобласць падзяляецца на 2 сегменты: зах. (Яна-Калымскі) і ўсх. (Чукоцкі), якія адрозніваюцца паводле характару фармацый, структуры, магматызму, стылю тэктанічнага развіцця. У геал. разрэзе вылучаюцца структурныя комплексы: архей-ніжнепратэразойскі, рыфей-сярэднепалеазойскі, сярэднекаменнавугальны-сярэдняюрскі (геасінклінальны), верхняюрскі-ніжнемелавы (арагенны), верхнемелавы-антрапагенавы (платформавы). Геасінклінальныя фармацыі складзены з тэрыгенных асадкаў, ва ўсх. сегменце развіты крамяністыя і крамяніста-вулканагенныя тоўшчы, арагенныя фармацыі — з гранітных і маласавых тоўшчаў. Асн. карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, сурма, поліметалы, каменны вугаль, нафта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЦІ́СТЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chrysophyta),
аддзел ніжэйшых раслін; прадстаўнікі фітапланктону. Каля 120 родаў. Больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах; характэрны для кіслых вод сфагнавых балот; жывуць у морах і салёных азёрах, зрэдку ў глебе. Планктонныя, эпіфітныя, бентасныя арганізмы. З’яўляюцца важным звяном трафічнага цыкла вадаёмаў (першасныя прадуцэнты арган. рэчываў). На Беларусі 21 род, каля 50 відаў, напр., гіялобрыян, дынобрыян, кефірыян, маламонас, сінура, стэнакалікс, ураглена, урагленопсіс, хрызідаліс, тылахрызіс і інш.
Аднаклетачныя, каланіяльныя, радзей шматклетачныя арганізмы рознай формы. Рухомыя, плаваюць свабодна або прымацоўваюцца. Колер залаціста-жоўты, часам буравата-зялёны, радзей зеленавата-жоўты з-за хларафілу, жоўтых пігментаў (караціноідаў, фукаксанціну). Кветкі рознай формы, аднаядравыя, без цвёрдай абалонкі, некат. ў крэменязёмным лускавінкавым панцыры з іголкамі, шыпамі або ў «хатцы» (своеасаблівы панцыр). Маюць 1—2 (3—4) жгуцікі, скарачальныя вакуолі і вочка. Хларапластаў 1—2, пасценныя, карытападобныя. Запасныя рэчывы — хрызаламінарын і апей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі), палавое (іза-, гола-, аўтагамія). Большасць відаў аўтатрофы, ёсць гетэратрофы. Пры неспрыяльных умовах утвараюць крамяністыя цысты.
аддзел водарасцей. Налічваюць каля 300 родаў, больш за 19 тыс. сучасных і выкапнёвых відаў. Пашыраны ва ўсіх тыпах вадаёмаў і ў глебе па ўсім зямным шары. Вядомыя з юрскага перыяду. Па форме панцыра (асн.сістэм. прыкмета) падзяляюцца на 2 класы: цэнтрычныя (Centricae) і пенатныя (Pennatae). На Беларусі адзначана каля 930 відаў, разнавіднасцей і форм з 47 родаў; актынела, анамеонеіс, атэя, ахнантэс, бацылярыя, гамфанема, дыятома, калонеіс, таласіязіра, мелазіра, навікула, ніцшыя, пінулярыя, фрагілярыя, цымбела і інш. Д.в. — найважнейшыя прадуцэнты арган. рэчыва (каля 25% сусветнай першаснай прадукцыі, што ствараюць расліны), актыўныя ўдзельнікі самаачышчэння вод, індыкатары забруджвання вадаёмаў. Вялікая колькасць створак Д.в. складае горную пароду дыятаміт.
Аднаклетачныя, мікраскапічныя (ад 4 да 2000 мкм) адзіночныя або каланіяльныя рухомыя арганізмы. У іх характэрная асаблівасць — цвёрдая з 2 палавінак (створак) крэменязёмная абалонка. Хларапласты маюць хларафілы a і c і фукаксанцін, які надае Д.в. буры колер. Назапашваюць алей, валюцін і хрызаламінарын. Размнажаюцца дзяленнем і палавым шляхам (ізагамія бязжгуцікавых гамет, кан’югацыя, аўтагамія або аагамія). У палеанталогіі выкарыстоўваюць дыятомавы аналіз, заснаваны на вызначэнні таксанамічнай прыналежнасці выкапнёвых Д.в.