Кралявец (гістар.) 6/91

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНІНГРА́Д,

горад у Расіі, цэнтр Калінінградскай вобл., на р. Прэголя, пры ўпадзенні ў Калінінградскі зал. Балтыйскага м. 424 тыс. ж. (1997). База рыбапрамысл. і трансп. флоту. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Незамярзаючы порт, звязаны з Балтыйскім м. глыбакаводным каналам (да г. Балтыйск). Прам-сць: машынабуд. і металаапр., цэлюлозна-папяровая, харч., лёгкая, вытв-сць буд. матэрыялаў; бурштынавы камбінат. Атлантычны НДІ рыбнай гаспадаркі і акіянаграфіі. 3 ВНУ, у т. л. ун-т (засн. ў 1544). 2 тэатры. Філармонія. Музеі гіст.-маст. і бурштыну. Бат. сад, заапарк. Кафедральны сабор (14 ст.), гарадскія вароты (18 ст.); помнік Ф.Шылеру (1910), магіла ням. філосафа І.Канта.

Засн. ў 1255 крыжаносцамі Тэўтонскага ордэна. У хуткім часе стаў важным партовым горадам (наз. Кёнігсберг, суседнія слав. народы называлі Кралявец). У 1525—1618 рэзідэнцыя прускіх герцагаў. З 1701 у складзе каралеўства Прусія. У Сямігадовую вайну 1756—63 заняты рас. войскамі (1758, да 1762 цэнтр рас. генерал-губернатарства Усх. Прусіі). З 1871 у складзе аб’яднанай Германіі. У 2-ю сусв. вайну, асабліва ў ходзе Усходне-Прускай (Кёнігсбергскай) аперацыі 1945, моцна разбураны (да 90%). Паводле рашэння Патсдамскай канферэнцыі 1945 К. з прылеглай тэрыторыяй (каля ​1/3 б Усх. Прусіі) адышоў да СССР. У 1946 перайменаваны ў К.

Літ.:

Губин АБ., Строкин В.Н. Очерки истории Кепигсбсрга. Калининград, 1991;

Орлов А Город на Преголе: Зарисовки из прошлого. Калининград, 1993.

т. 7, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНЫЯ КНІ́ГІ,

від актавых запісаў пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. У М.к. фіксаваліся прозвішчы і месца жыхарства купцоў, якія, адкуль і куды везлі тавары, іх кошт, сума мыта. Паводле М.к. (1-я пал. 17 ст.) з усяго купецтва Беларусі, якое займалася замежным гандлем, беларусаў было 80—85% (ім належала да 90% перавезеных тавараў), яўрэяў — 9—10%, палякаў, рускіх і інш. 4—6%. Асн. прадметы ўвозу: футра, тканіны, металы, рамесныя вырабы і інш. М.к. сведчаць, што асн. пунктамі гандлю бел. купцоў у Расіі былі Масква, Пскоў, Вял. Лукі, Таропец, Смаленск, Белы, Бранск, Вязьма; на Украіне — Кіеў, Чаркасы, Львоў, Луцк; у Прыбалтыцы — Рыга, Кралявец (Кёнігсберг); у Польшчы — Люблін, Гданьск, Торунь, Гнезна, Познань, Вроцлаў, Тыкоцін.

Асн. гандлёвыя шляхі 15—18 ст.: рэкі Зах. Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Нёман і іх прытокі; больш за 20 сухапутных дарог (гасцінцаў), найважнейшыя з іх: Орша—Мінск—Ваўкавыск—Шарашова—Брэст, т.зв. «вялікая дарога»; Полацк—Віцебск—Орша, т.зв. «гасцінец вялікі»; Пінск—Гарадзішча—Навагрудак—Іўе—Вільня; Пінск—Хомск, т.зв. «дарога вялікая»; Полацк—Невель, т.зв. «вялікая Маскоўская дарога»; Магілёў—Шклоў—Копысь—Орша; Гомель—Рэчыца—Бабруйск—Мінск; Мінск—Глуск—Слуцк. На Вільню было 9 дарог, на Смаленск і Маскву — 10, на Люблін — 6. Зберагліся М.к.: Брэста за 1583 (апублікавана) і 1605, Гродна за 1600 (апублікаваны фрагмент), 1605 і 1764, Магілёва за 1612, 1708, Полацка за 1616 і 1708, Віцебска за 1605 (апублікавана), Барысава за 1708, Камянца за 1708, Вержбалова за 1708 і 1709, Мінска за 1709, Рэчыцы за 1708 і 1709, Сталовічаў за 1708. М.к. пач. 17 ст. зберагаюцца ў рукапісным аддз. б-кі Вільнюскага ун-та, 18 ст. — у рукапісным аддзеле б-кі Нарадовай у Варшаве.

З.Ю.Капыскі.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)