Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБЕВА Маргарыта Генадзеўна
(н. 4.6.1964, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1984). Працавала на Мінскай ф-цы маст. Вырабаў (1984 — 88). У тэхніцы батыку стварае арнаментальныя кампазіцыі, нацюрморты з кветкамі, экзатычнымі прадметамі і інш., у якіх спалучэнне лінейных узораў, колеравых плоскасцей і эфекту кракле дае прасторавую перспектыву, непаўторныя пераходы і дэкар. цэльнасць: «Лілеі», «Чырвоная ружа», «Тыгравая шкура», «Індыйскі матыў», «Хатняе цяпло» (усе 1990—96) і інш.
т. 5, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ ШКЛО,
мастацкія пасудзіны, пераважна выдзіманыя, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстэркі і інш. вырабы. Вытворчасць пачалася ў канцы 13 ст. ў Венецыі, дзе быў асвоены вопыт маст. шкларобства Сірыі і Візантыі. Чашы і кубкі 15 ст. з каляровага шкла з размалёўкай эмалямі мелі формы, што ішлі ад готыкі. З сярэдзіны 16 ст. пашыраны стройныя, вытанчаныя па формах бакалы і вазы, каляровыя і бясколерныя, з філігранню або з кракле (узорам з тонкіх трэшчын). У 17—18 ст. вырабы са шкла (бясколернага, агатавага, карычневага з метал. блішчынкамі, мазаічнага) сталі вычварныя, дэкор — стракаты (посуд, люстры). З сярэдзіны 19 ст. выпускаюцца вырабы па ўзорах 16—17 ст., з 1950-х г. — літыя пасудзіны новых форм, пераважна простых і функцыянальна абгрунтаваных.
т. 4, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)