Кракавяк 6/90; 8/510

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКАВЯ́К (польск. krakowiak),

польскі нар. танец. Узнік у Кракаўскім ваяв. (адсюль назва). Адметны дакладным рытмам, засн. на хуткім руху восьмых з частымі сінкопамі (звычайна ў цотных тактах); памер ​2/4, тэмп хуткі. Як і паланэз, наз. «вялікім танцам», меў урачысты характар вайск. шэсця. У канцы 18 — пач. 19 ст. спрыяў працэсу ўсталявання самабытнасці польск. прафес. муз. культуры. З пач. 19 ст. папулярны ў Еўропе як бальны танец. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з найб. пашыраных на Беларусі нар. танцаў. Выконваўся парамі, часам і тройкамі (хлопец і 2 дзяўчыны) у суправаджэнні прыпевак. У яго аснове хуткі бег па крузе з моцнымі прытупамі папераменна правай і левай нагой на сінкопах (8 тактаў) і вярчэнне на месцы (8 тактаў). Вядомы лакальныя варыянты ў Лунінецкім, Пінскім і інш. р-нах. На вёсцы нярэдка аб’ядноўваецца з полькай. Бытуе і цяпер. Рытмы К. выкарыстоўвалі кампазітары Ф.​Шапэн, К.​Шыманоўскі, К.​Пендарэцкі (Польшча), М.​Глінка, Б.​Асаф’еў (Расія), Г.​Вагнер (Беларусь).

Л.​К.​Алексютовіч, І.​Дз.​Назіна.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІДЗІЧЭ́НКА (Ірына Дзянісаўна) (н. 22.8.1936, С.-Пецярбург),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1955). Працавала ў т-рах Чэлябінска і Новасібірска. У 1959—75 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яркая характарная танцоўшчыца, валодала выразнай пластыкай, моцным сцэн. тэмпераментам.

Сярод партый: Мадэрнісцкая танцоўшчыца і Карчмарка («Мара», «Выбранніца» Я.​Глебава), Марта («Святло і цені» Г.​Вагнера), Мерседэс і Вулічная танцоўшчыца («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Анітра («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Каляровая дзяўчына («Сцежкаю грому» К.​Караева), Маўрытанка і Іспанка («Балеро» на муз. М.​Равеля), фея Карабос («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), танцы — індускі («Баядэрка», Мінкуса), іспанскі, венгерскі («Лебядзінае возера» Чайкоўскага), сарацынскі («Раймонда» А.​Глазунова), іспанскі танец, мазурка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), кракавяк («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), гадзітанскі, этрускі («Спартак» А.​Хачатурана), а таксама ў операх «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Хаваншчына» М.​Мусаргскага, «Кармэн» Ж.​Бізэ.

А.​І.​Калядэнка.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТАВЫ́ ТА́НЕЦ,

танец, які служыць для масавага развесялення і выконваецца на балях, дыскатэках, вечарынках, сямейных урачыстасцях; блізкі да бальнага танца (часта гэтыя паняцці атаясамліваюцца). Адмежаваўся ад фальклорнага сялянскага ў працэсе сац. расслаення грамадства і росту гарадоў. Развіваўся на аснове бальнага танца, найб. інтэнсіўна ў 15 ст. ў Італіі, у 16—17 ст. у Францыі. На Беларусі вядомы з 17 ст. пры дварах магнатаў і ў калегіумах, куды пранік з Зах. Еўропы. З канца 18 ст. ў гар. побыце Беларусі былі пашыраны тыя ж танцы, што і ў Расіі. У 1-й пал. 19 ст. ў гарадах, а потым і вёсках надзвычайную папулярнасць набылі кадрыля, полька, вальс. На пач. 20 ст. ў выніку інтэнсіўнага перамешвання гар. і сельскага насельніцтва на Беларусь трапілі аранжыраваныя і трансфармаваныя бальныя танцы, узоры гар. харэагр. фальклору, танцы-імправізацыі на аснове вядомых песень («Венгерка», мазурка, кракавяк, падэспань, «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні», «Каробачка» і інш.). Сучасная быт. харэаграфія вызначаецца частай зменай танц. моды, пранікненнем на Беларусь быт. танцаў з замежных краін («летка-енка», «качаняты» і інш.).

т. 3, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)