Крайск (в.) 3/80 (к.); 4/156; 6/90, 240 (к.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЙСК,
вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Даўгінава—Мал. Нястанавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Вілейка. 412 ж., 132 двары (1998).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1523, уласнасць дзяцей Ю.Зяновіча, з 1590 — Я.Насілоўскай, Я.Осціка, пазней Пташынскіх, Каменскіх, Тышкевічаў. У 1593 у К. 1 вуліца, сядзіба, млын, царква. З 27.9.1630 мястэчка. З пач. 18 ст. тут існаваў манастыр. Да 1793 К. у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1866 цэнтр воласці, 180 ж., 33 двары, мураваная царква, сінагога, вадзяны млын. Да 1921 у складзе Вілейскага пав., потым вёска ў Барысаўскім пав., з 1924 цэнтр сельсавета Плешчаніцкага, з 1962 — Лагойскага р-наў. У Вял. Айч. вайну ў 1944 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску, загубілі 112 ж. У 1972—250 ж., 83 двары.
Лясніцтва, смаляны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Царква.
Ю.М.Бохан.
т. 8, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЫЯНО́ВІЧ (Рыгор Якаўлевіч) (1851, в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1915),
царкоўны гісторык, педагог. Магістр багаслоўя (1873). Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1869). Выкладаў у Літ. духоўнай семінарыі, Віленскай гімназіі і Віленскім жаночым вучылішчы духоўнага ведамства. Друкаваўся пераважна ў «Литовских епархиальных ведомостях». Аўтар прац, прысвечаных гісторыі праваслаўя, каталіцызму і уніяцтва ў Беларусі і Літве.
В.М.Чарапіца.
т. 8, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́ВІЧ (Пратасевіч-Шушкоўскі) Валяр’ян
(каля 1509, б. маёнтак Шушкова каля в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 31.12.1579),
дзяржаўны і рэліг. каталіцкі дзеяч ВКЛ. У 1532—44 пісар велікакняжацкай канцылярыі, з 1533 адначасова на духоўных пасадах. З 1544 пісар ВКЛ і сакратар вял. кн. Жыгімонта II Аўгуста. У 1549 прызначаны біскупам луцкім (пасвячоны ў 1554). З 1555 біскуп віленскі (афіцыйна з 1556). Супрацьстаяў націску Рэфармацыі ў час яе найб. ўздыму, але ў барацьбе з пратэстантамі не выкарыстоўваў гвалтоўных сродкаў. Паставіў свой подпіс пад Віленскім прывілеем 1563. Быў прыхільнікам аб’яднання ВКЛ з Польшчай на прынцыпах федэрацыі, а не інкарпарацыі. Люблінскую унію 1569 ад імя П. падпісаў яго прадстаўнік А.Р.Мялескі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў 1570 Віленскага езуіцкага калегіума (пазней Віленская акадэмія, Віленскі універсітэт).
т. 13, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)