ВІБРЫЁНЫ,

бактэрыі роду Vibrio. Аэробы або факультатыўныя анаэробы. Маюць форму кароткіх палачак даўж. 1—5 мкм, загнутых у выглядзе коскі. Грамадмоўныя, здольныя да хуткіх вагальных рухаў (адсюль назва). Жывуць у вадаёмах, глебе, кішэчніку. Патагенныя віды выклікаюць халеру ў чалавека, кампілабактэрыёз у жывёл.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́СТРАФ (грэч. apostrophos),

надрадковы значок у выглядзе коскі. Указвае на пропуск галосных пры скарачэнні слоў (англ. don’t замест do not), аддзяляе артыклі і часціцы ў іншамоўных словах (франц. d’Arc) і інш. У бел. графіку ўведзены ў 1920-я г. Выконвае раздзяляльную функцыю перад галоснымі «е», «ё», «ю», «я», «і» пасля прыставак, якія канчаюцца на зычны, і ў сярэдзіне слоў пасля губных «б», «в», «м», «п», «ф», заднеязычных «г», «к», «х», шыпячых «дж», «ж», «ч», «ш», зубных «д», «т» і альвеалярнага «р». У фанет. транскрыпцыі абазначае змякчэнне зычных.

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯТКО́ВЫ ДРОБ,

дроб, назоўнік якога ёсць цэлая ступень ліку 10. Звычайна запісваюць без назоўніка, аддзяляючы ў лічніку справа коскай (часам кропкай) столькі лічбаў, колькі нулёў у назоўніку, напр., ​785/10 = 78,5; ​4/100 = 0,04. У Еўропе Дз.д. увёў нідэрл. вучоны С.​Стэвін (1584), у Расіі — Л.​П.​Магніцкі (1703).

Пры такім запісе Дз.д. лічбы злева ад коскі азначаюць цэлую частку дробу. Звычайны дроб, назоўнік якога мае здабытак ступеней лікаў 2 і 5, можна пераўтварыць у канечны Дз.д. (напр., ​1/5 = 0,2), а калі ёсць і інш множнікі — у бясконцы перыядычны (​8/15 = 0,53333...). Ірацыянальныя лікі запісваюцца бясконцымі неперыядычнымі Дз.д. (π = 3,1415926...).

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНО́РКА,

парода курэй яечнага кірунку. Выведзена ў Іспаніі (в-аў Менорка, адсюль назва). Разнавіднасці: чорная (крыху буйнейшая) і белая. Пашыраны М. англ., амер. і ням. тыпаў. Гадуюць пераважна ў міжземнаморскіх краінах, на Беларусі — аматары.

Тулава і шыя падоўжаныя, спіна прамая, грудзі шырокія, глыбокія. Галава сярэдніх памераў, грэбень ліста- (у пеўняў прамастойны) або ружападобны; вушныя мочкі белыя. Махавыя і рулявыя пёры моцна развітыя, у пеўняў коскі доўгія. Ногі высокія. У белых М. дзюба і ногі цялеснага колеру, у чорных — чорнага колеру, апярэнне бліскучае, з зялёным адлівам. Сярэдняя маса пеўняў 3—3,5 кг, курэй 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 150—180 яец за год. Маса яйца 60—65 г.

Мінорка (чорная): 1 — певень; 2 — курыца.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ГЭ́МПШЫР,

парода курэй мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў аднайм. штаце ЗША у пач. 20 ст. на аснове высокапрадукцыйных курэй пароды род-айленд. Гадуюць таксама ў Нідэрландах, Францыі, Швецыі, Нарвегіі, краінах СНД і інш.; на Беларусі — у калекцыях і асабістых гаспадарках.

Маса пеўняў 3,5—3,8 кг, курэй 2,5—2,8 кг. Апярэнне ад светла-чырв. да светла-карычневага, на шыі з залаціста-жоўтымі пёрамі. махавыя пёры больш цёмныя. хвост і коскі чорныя. Ногі і дзюба жоўтыя. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Касцяк моцны. Шыя прамая. Галава шырокая, прадаўгаватая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Крылы і хвост невялікія. Яйцаноскасць 180—200 яец за год (сярэдняя маса яйца 58—59 г). Хутка растуць. Жыццяздольнасць высокая.

Нью-гэмпшыры.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,

графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».

Літ.:

Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд. Мн., 1972;

Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982.

т. 7, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,

традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц. ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в. Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.

М.​П.​Жабінская.

Да арт. Мотальскія ручнікі. В.​Лукашэвіч. Ручнік. 1972.

т. 10, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)