МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР КО́РША,
буйнейшы прыватны драм. т-р у Маскве ў 1882—1932. Засн. тэатр. прадпрымальнікам Ф.Коршам. У 1900—09 гал. рэжысёр М.Сінельнікаў. У 1925—26 уключаны ў сетку дзярж. т-раў, называўся тэатрам «Камедыя» (б. Корш), Маскоўскім драм. т-рам. У рэпертуары пераважалі забаўляльныя п’есы, фарсы, меладрамы. Кожны тыдзень была прэм’ера. Сярод лепшых спектакляў «Іванаў» А.Чэхава, «Навальніца» А.Астроўскага, «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Маскарад» М.Лермантава, «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава, «Дні нашага жыцця» Л.Андрэева, «Гамлет» У.Шэкспіра, «Тарцюф» Мальера. На сцэне ў розныя часы ігралі П.Арленеў, А.Астужаў, М.Блюменталь-Тамарына, У.Давыдаў, М.Клімаў, А.Ктораў, Л.Леанідаў, І.Масквін, М.Радзін, В.Тапаркоў і інш.
т. 10, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЗІН (сапр. Казанкоў) Мікалай Марыусавіч
(15.12.1872, С.-Пецярбург — 24.8.1935),
рускі акцёр. Засл. арт. Рэспублікі (1925). Унук М.І.Петыпа. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900). На сцэне з 1902. З 1903 акцёр Т-ра Корша ў Маскве, з 1908 працаваў у Адэсе, Кіеве, з 1914 у Маскоўскім драм. т-ры Сухадольскіх, з 1918 у т-ры б. Корша. З 1932 у Малым т-ры. Мастацтва П. вызначалася тонкім гумарам, жывасцю камед. дыялогу, пластычнай выразнасцю жэста; Дон Жуан («Дон Жуан» Мальера), лорд Горынг («Ідэальны муж» О.Уайльда), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу), Дульчын («Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана), Захар Бардзін («Ворагі» М.Горкага) і інш. З 1915 здымаўся ў кіно.
Літ.:
Н.М.Радин. М., 1966.
т. 13, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (20.11.1880, С.-Пецярбург — 9.7.1942),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1937). Пачаў прафес. дзейнасць у 1901 у правінцыяльных т-рах, з 1904 у маскоўскім Т-ры Корша, з 1909 (з перапынкамі) у Малым т-ры. Творчасць вызначалася высокай прафес. культурай, характарнасцю ў выкананні камедыйных і сатыр. роляў: Цяляцеў, Лыняеў, Дудукін, Гарадулін («Шалёныя грошы», «Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Земляніка («Рэвізор» М.Гогаля). Здымаўся ў фільмах.
т. 8, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ШЧЫН-ІНСА́РАЎ (сапр. Пашэнны) Мікалай Пятровіч
(1861, Ардатаўскі р-н, Мардовія — 20.1.1899),
рускі акцёр. Бацька В.М.Пашэннай. На сцэне з 1883. У 1884—89 працаваў у Т-ры Корша ў Маскве, з 1895 — у Т-ры Салаўцова ў Кіеве. Майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Васількоў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Мікіта («Улада цемры» Л.Талстога), Іванаў, Трыгорын («Іванаў», «Чайка» А.Чэхава), Барыс Гадуноў («Смерць Іаана Грознага», «Цар Барыс» А.К.Талстога) і інш.
Літ.:
Дорошевич В.М. Рошин-Инсаров // Дорошевич В.М. Рассказы и очерки. М., 1966.
т. 13, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮМЕНТА́ЛЬ-ТАМА́РЫНА (дзявочае Клімава) Марыя Міхайлаўна
(16.7.1859, С.-Пецярбург — 16.10.1938),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1936). Сцэнічную дзейнасць пачала ў 1887. У 1901—14, 1921—32 у Маскоўскім т-ры Корша, з 1933 у Малым т-ры. Выконвала пераважна ролі старых: Галчыха, Анфуса («Без віны вінаватыя», «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Матрона («Улада цемры» Л.Талстога), Матылькова («Слава» В.Гусева) і інш. Мастацтва Блюменталь-Тамарынай вызначалі шчырасць, мяккі гумар, адметная акцёрская тэхніка, здольнасць унутр. пераўвасаблення. З 1915 здымалася ў кіно, у т. л. ў бел. фільмах «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» (1937).
т. 3, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛМА́ТАЎ (сапр. Лучыч Васіль Панцеляймонавіч; 1852, вобл. Далмацыя, Югаславія — 27.2.1912),
рускі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у Адэсе. У 1873—76 у Маск. агульнадаступным т-ры, у 1880—84 у маскоўскіх т-рах Пушкінскім і Ф.Корша, у 1884—94 і з 1901 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Яго мастацтва вызначалася высокай культурай, філіграннай дакладнасцю, уменнем ствараць тыповыя вобразы. Сярод роляў: Гамлет, Макбет, кароль Лір (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Агішын («Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага і М.Салаўёва), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Ракіцін, граф Любін («Месяц у вёсцы», «Правінцыялка» І.Тургенева). Аўтар п’ес, фельетонаў, апавяданняў і аповесцей з тэатр. жыцця.
т. 6, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТКЕР (Барыс Якаўлевіч) (28.10.1902—31.1.1983),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1963). Вучыўся ў Харкаўскай драм. школе (1918—19). Скончыў драм. студыю ў Маскве пры б. т-ры Корша (1922) Працаваў у розных трупах, з 1933 у МХАТ. Акцёр вострай і яркай характарнасці, бліскуча валодаў мастацтвам эпізадычнай ролі: Плюшкін («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля) і інш. Сатыру спалучаў з мяккай камедыйнасцю, сумнай іроніяй. Побач з дакладным псіхал. малюнкам, вял. ўвагу звяртаў на знешнюю выразнасць: Адвакат («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Гросман («Плады асветы» Талстога), Брыдуазон («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Доктар («Усё скончана» Э.Олбі) і інш. Здымаўся ў кіно.
т. 12, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КТО́РАЎ (Анатоль Пятровіч) (24.4.1898, Масква — 30.9.1980),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1963). Працаваў у Маскве (з 1917) у т-ры імя В.Ф.Камісаржэўскай, з 1920 у т-ры Корша, з 1933 у МХАТ. Мастацтву К. былі ўласцівы завершанасць пластычнага малюнка ролі, абаяльнасць, элегантнасць, тонкі гумар. Майстар вострахарактарных роляў. Сярод лепшых работ у МХАТ: Сэм Уэлер («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Джозеф («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), Како («Плады асветы» Л.Талстога), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці), Шарвінскі («Дні Турбіных» М.Булгакава), Суслаў, Мікалай Скарабагатаў («Дачнікі», «Ворагі» М.Горкага). Здымаўся ў кіно: «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Свята святога Іаргена» (1930), «Беспасажніца» (1937), «Вайна і мір» (1966—67), «Пасол Савецкага Саюза» (1970) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 8, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДЗІН (Уладзімір Расціслававіч) (18.1.1877, Масква — 28.5.1965),
рускі акцёр і рэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1947). Творчую дзейнасць пачаў у 1898 у правінцыяльных т-рах, у 1904—05 акцёр Тэатра В.Камісаржэўскай (Пецярбург), потым Маскоўскага т-ра Корша. Сярод роляў: Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Федзя Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога). З 1913 працуе ў кіно. Атрымаў вядомасць як рэжысёр і сцэнарыст фільмаў-экранізацый «Ганна Карэніна» і «Крэйцэрава саната» (абодва 1914), «Вайна і мір» (1915, разам з Я.Пратазанавым; усе паводле Талстога), «Дваранскае гняздо» і «Напярэдадні» паводле І.Тургенева (абодва 1915) і інш. У 1919 заснаваў і быў кіраўніком 1-й Дзяржкінашколы (цяпер Усерасійскі дзярж. ін-т кінематаграфіі). Паставіў фільмы: «Дзевяноста шэсць» (1919), «Паэт і цар» (1927), «Кастусь Каліноўскі» (1928) і інш. Зняўся ў фільмах «Сустрэчны» (1932), «Іудушка Галаўлёў» (1934) і інш.
т. 5, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САРАЎ (Мадэст Іванавіч) (14.2.1844, г. Кашыра Маскоўскай вобл. — 13.10.1905),
рускі акцёр, педагог, крытык. Муж П.А.Стрэпетавай. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). На сцэне з 1859, на прафесійнай — з 1867 у гарадах Расіі. З 1872 у Маскве, у т. л. ў Т-ры Корша, з 1885 у Александрынскім т-ры ў Пецярбургу. Выканаўца драм. роляў бытавога рэпертуару. Валодаў высокай тэатр. культурай, моцным тэмпераментам. Вял. ўплыў на яго творчасць зрабіў А.Астроўскі, найб. вызначыўся ў яго п’есах: Русакоў, Красноў, Нешчасліўцаў, Любім Тарцоў, Бальшоў («Не ў свае сані не садзіся», «Грэх ды бяда на каго не жыве», «Лес», «Беднасць не загана», «Свае людзі — паладзім»), Сярод інш. роляў: Ананій Якаўлеў («Горкі лёс» А.Пісемскага), Іван Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Равякін («Журба» І.Шпажынскага) і інш. Вёў пед. работу, пісаў крыт. артыкулы, у якіх падтрымліваў Астроўскага. Падрыхтаваў да выдання першы поўны збор твораў Астроўскага (т. 1—12,1904—09).
т. 12, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)