ПРЭНІ́Т (ад прозвішча першаадкрывальніка галандца Х. ван Прэна),

пародаўтваральны мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксідалюмасілікат кальцыю, Ca2 Al[AlSi3O10] (OH)2. Мае прымесі закісу жалеза FeO (да 1%) і аксіду жалеза Fe2O3 (да 10,6%). Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае сфераліты, радыяльна-прамянёвыя агрэгаты, коркі, суцэльныя масы, пражылкі, псеўдамарфозы. Колер жоўта-зялёны, белы, шэры. Паўпразрысты, зрэдку празрысты. Цв. 6,5. Шчыльн. 2,9 г/см³ Бляск шкляны. Крохкі. Трапляецца ў вулканічных лавах асн. саставу, зонах гідратэрмальнай перапрацоўкі асн. і шчолачных вывергнутых горных парод.

Прэніт.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ ў раслін,

частка сцябла і кораня раслін звонку ад камбію. Першасная К. складаецца ў асн. з парэнхімных і мех. тканак (фарміруецца з вонкавай ч. конуса нарастання); другасная К. (развіваецца пазней у выніку дзейнасці камбію) — з коркі і лубу. Функцыі К. разнастайныя з-за мноства тканак, з якіх яна складаецца: перамяшчэнне арган. рэчываў ад лісця да кораня, назапашванне пажыўных рэчываў, ахова раслін ад неспрыяльных умоў знешняга асяроддзя. К. некаторых раслін выкарыстоўваецца як сыравіна для хім. прам-сці, атрымання фарбаў, лек., дубільных сродкаў.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАЛЮЗІ́Т (ад піра... + грэч. lusis ачыстка),

мінерал класа аксідаў, аксід марганцу MnO2. Мае да 99% MnO2. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі стоўбчатыя, іголкавыя, зросткі радыяльна-прамяністыя і шаставатыя, масы зямлістыя і сажыстыя, ааліты, коркі і інш. Характэрны псеўдамарфозы (гл. Дэндрыт). Колер чорны, сталёва-шэры, бывае з сіняватай пабегласцю. Цв. 6—6,5 (поліяніт), 2—6 (рыхлыя і шчыльн. агрэгаты). Шчыльнасць адпаведна да 5,2 г/см³ і 4,7—5 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гіпергеннае, радзей нізкатэмпературнае гідратэрмальнае. Гал. мінерал марганцавых руд. Выкарыстоўваецца ў сухіх гальванічных элементах, у шкляной, керамічнай, хім., мед., лакафарбавай, скураной галінах прам-сці.

Піралюзіт.

т. 12, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі, звязаная з вывучэннем, вырабам і выкарыстаннем сродкаў вымярэнняў. Грунтуецца на навук. дысцыплінах, якія вывучаюць метады і сродкі атрымання колькаснай інфармацыі аб велічынях, што характарызуюць аб’екты і вытв. працэсы. Уключае вымяральныя прылады, інструменты, машыны і ўстаноўкі, прызначаныя для рэгістрацыі вынікаў вымярэння. Звязана з вылічальнай тэхнікай, кібернетыкай тэхнічнай, тэлемеханікай, электронікай, аўтаматыкай і інш.

Вымяральная тэхніка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці і была звязана з вымярэннем мас і аб’ёмаў, адлегласцей і плошчаў, адрэзкаў часу, вуглоў і г.д. Да 16—18 ст. адносіцца ўдасканаленне гадзіннікаў і вагаў, вынаходства мікраскопа, барометра, тэрмометра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. з пашырэннем паравых рухавікоў і развіццём машынабудавання развіваецца прамысл. вымяральная тэхніка: удасканальваюцца прылады для вызначэння памераў, з’яўляюцца вымяральныя машыны, уводзяцца калібры, розныя меры фіз. велічынь (у т. л. эталоны) і г.д. У 19 ст. створаны асновы тэорыі вымяральнай тэхнікі і метралогіі, пашырылася метрычная сістэма мер, з’явіліся электравымяральныя прылады і цеплатэхнічныя прылады. У 20 ст. пачынаюць выкарыстоўвацца эл. і электронныя сродкі для вымярэння мех., цеплавых, аптычных і інш. велічынь, для хім. аналізу і геолагаразведкі, развіваюцца радыёвымярэнні і спектраметрыя, узнікае прыладабуд. прам-сць. Гал. кірункі развіцця сучаснай вымяральнай тэхнікі: лінейныя і вуглавыя вымярэнні; мех., аптычныя, акустычныя, цеплафіз., фіз.-хім. вымярэнні; эл., магн. і радыёвымярэнні; вымярэнні частаты і часу, выпрамяненняў (гл., напр., Арэометр, Асцылограф, Вакуумметр, Вісказіметр, Вымяральны пераўтваральнік, Газааналізатар, Геадэзічныя прылады і інструменты, Дазіметрычныя прылады, Інтэрферометр, Каларыметр, Люксметр, Манометр, Пнеўматычны пераўтваральнік, Радыёвымяральныя прылады, Спектрометр, Частатамер).

Шырока выкарыстоўваюцца (пераважна ў машынабудаванні) вымяральныя інструменты: універсальныя (для вымярэння дыяпазонаў памераў) і бясшкальныя (для вымярэння аднаго пэўнага памеру). Універсальныя падзяляюцца на штрыхавыя (штанген-інструменты, вугламеры, лінейкі, вугольнікі, кронцыркулі), мікраметрычныя (глыбінямеры, мікрометры, нутрамеры), механічныя з рознымі тыпамі мех. перадач (індыкатары гадзіннікавага тыпу, мініметры, мікатары), оптыка-механічныя (праектары, вымяральныя мікраскопы) і інш. Многія прылады далучаюць розныя канструкцыйныя асаблівасці, напр. аптыметры (рычажна-аптычная сістэма). Бясшкальныя інструменты — сродкі допускавага кантролю; гэта калібры (кольцы, шаблоны, коркі, скобы) і канцавыя меры (стальныя пліткі пэўнай таўшчыні ў наборах). Адным з гал. кірункаў далейшага развіцця вымяральнай тэхнікі з’яўляецца распрацоўка інфарм.-вымяральных сістэм. Удасканальваюцца сродкі дылатаметрыі, дазіметрыі, мас-спектраметрыі, рэфрактаметрыі, тэлеметрыі. Тэарэт. і навук.-практычную аснову ўдасканалення вымяральнай тэхнікі як аднаго з кірункаў прыладабудавання складаюць дасягненні і распрацоўкі ў галіне фіз тэхн. навук. На Беларусі сродкі вымяральнай тэхнікі выпускаюць Гомельскі завод вымяральных прылад, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік» і інш.

А.​Р.​Архіпенка, У.​М.​Сацута.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)