Пераход колькасных змен у якасныя 1/109, 115; 3/411; 4/341, 342; 6/57; 7/143; 8/389—390; 9/234, 553; 11/403, 532
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш. Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.
Літ.:
Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;
Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;
Алексеев П.В., Панин А.В. Философия. М., 1996.
Т.І.Адула.
т. 12, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА,
філасофская катэгорыя, якая абазначае арган. адзінства якаснай і колькаснай акрэсленасці прадмета або з’явы. У гісторыі філасофіі распрацавана Г.Гегелем. Кожнаму якасна своеасабліваму аб’екту ўласцівы пэўныя колькасныя (зменлівыя і рухомыя) характарыстыкі. М. паказвае межы, за якімі колькасныя змены ўласцівасцей, складу, структуры прадметаў або працэсаў прыводзяць да змены іх якасці (закон пераходу колькасных змяненняў у якасныя). У сваю чаргу змена якасці дадзенага аб’екта вядзе да змены яго колькасных характарыстык і М. Сувязь і адзінства колькасці і якасці абумоўлены прыродай данага аб’екта. Калі разглядаць развіццё аб’екта, то пункты пераходу ад адной ступені да другой выступаюць як вузлавыя пункты змены М.; пра сістэму такіх вузлоў прынята гаварыць як аб вузлавой лініі М.
т. 10, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛО́ГІЯ ЗЯМНО́Й ПАВЕ́РХНІ,
раздзел геамарфалогіі, які вывучае знешні выгляд рэльефу з дапамогай візуальных назіранняў, апісання, графічных адлюстраванняў і колькасных паказчыкаў. Пры марфал. даследаваннях вызначаюцца размяшчэнне, арыенціроўка, вышыня, плошча, аб’ёмы, нахілы элементаў, форм і тыпаў рэльефу, праводзіцца іх класіфікацыя, складаюцца схемы, карты, профілі, графікі і г.д.
т. 10, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,
кірунак палітэканоміі, які надае матэм. метадам вырашальную ролю ў вывучэнні эканам. з’яў. Узнікла ў 2-й пал. 19 ст. [М.Э.Л.Вальрас (Швейцарыя), В.Парэта (Італія), У.Джэванс, Ф.І.Эджуарт (Вялікабрытанія), І.Фішэр (ЗША), Г.Касель і К.Віксель (Швецыя)]. Разглядае эканоміку як узаемадзеянне індывід. гаспадарак. Асн. задача М.ш. — вызначэнне колькасных паказчыкаў, якія характарызуюць паводзіны асобных вытворцаў і спажыўцоў. Тэарэтычныя пабудовы М.ш. арыентуюцца на маржыналізм.
т. 10, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСЦЬ,
катэгорыя, якая выражае знешнюю акрэсленасць аб’екта: яго велічыню, лік, аб’ём, інтэнсіўнасць і ступень праяўлення той або інш. уласцівасці. Спробы спец. аналізу праблемы К. ўзыходзяць да піфагарэйцаў, якія вывучалі прыроду лікаў. Арыстоцель звязваў К. з магчымасцю падзелу аб’екта на складаныя часткі і адрозніваў К. раздзельную і непарыўную (мноства і велічыню), а гал. уласцівасцю К. лічыў роўнасць (няроўнасць). Р.Дэкарт разглядаў К. як рэальную прасторавую і часавую вызначанасць, якая выражаецца праз лік, меру, велічыню. Паводле Г.Гегеля, К. дыялектычна звязана з якасцю. Адзінства К. з якаснай акрэсленасцю з’яў, рэчаў і працэсаў рэчаіснасці складае іх меру. Змяненне колькаснай характарыстыкі аб’екта, якое дасягнула пэўнай меры, вядзе да змянення якасці (гл. Пераход колькасных змяненняў у якасныя). Вывучэнне колькасных адносін рэчаў прывяло ла распрацоўкі матэм. тэорый і дае магчымасць ужываць матэм. метады даследавання ў розных галінах ведаў.
В.В.Краснова.
т. 8, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т СПАЖЫВЕ́ЦКІ,
баланс грашовых даходаў і расходаў сям’і, які характарызуе фактычны ўзровень жыцця розных груп насельніцтва. Адлюстроўвае даходы сем’яў і крыніцы іх паступлення, а таксама выкарыстанне гэтых даходаў (расходаў) па прызначэнні. Вызначаецца на аснове балансу даходаў і расходаў насельніцтва, бюджэтных абследаванняў і разам са спажывецкім кошыкам служыць для ацэнкі колькасных і якасных паказчыкаў спажывання.
т. 3, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІК ЦЫКЛІ́ЧНАСЦІ,
графічнае адлюстраванне паслядоўнасці, працягласці і аб’ёмнасці колькасных паказчыкаў тэхнал. працэсаў вытв-сці. Складаецца на аснове разлікаў па вызначэнні аб’ёму работы па тэхналогіі, працягласці асобных аперацый, іх паслядоўнасці і сумяшчэння, колькасці рабочых і ўзаемасувязей паміж аперацыямі ў поўным вытв. цыкле. Найб. неабходны на прадпрыемствах з неперарыўнымі і цыклічнымі працэсамі вытв-сці; а таксама ў гарнаруднай прам-сці.
А.А.Саламонаў.
т. 5, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ЛІ ((Joly) Джон) (1.11.1857, графства Офалі, Ірландыя — 8.12.1933),
англійскі геолаг і геафізік. Скончыў Трыніты-каледж у г. Дублін. З 1897 праф. у Дублінскім ун-це. Першым звярнуў увагу на значэнне радыеактыўных элементаў для цеплавога рэжыму Зямлі. Па колькасных вызначэннях наяўнасці радыеактыўных элементаў у розных горных пародах падлічыў колькасць энергіі, якая вылучаецца ў працэсе радыеактыўнага распаду. Атрыманыя звесткі выкарыстаў для пабудовы геатэктанічнай гіпотэзы, якой спрабаваў растлумачыць перыядычнасць тэктанічных працэсаў.
т. 6, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННАЯ НАГРУ́ЗКА,
прамое або апасродкаванае антрапагеннае ўздзеянне на прыроднае асяроддзе ў цэлым або на асобныя прыродныя экасістэмы ці іх кампаненты. Дыферэнцыруецца па аб’ектах і відах уздзеяння (напр., антрапагенная нагрузка на лясныя, водныя экасістэмы, паветра, флору, фауну і інш.; фізічнае, мех., хімічнае ўздзеянне і г.д.). Ацэньваецца па якасных і колькасных паказчыках, праз сетку станцый і ўстаноў глабальнага, рэгіянальнага і інш. відаў маніторынгу, экалагічнага назірання і кантролю. На сучасным этапе развіцця прадукцыйных сіл антрапагенная нагрузка на асяроддзе ў цэлым падвойваецца кожныя 10—15 гадоў.
т. 1, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)