Колькасная тэорыя грошай 4/32
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСНАЯ ТЭО́РЫЯ ГРО́ШАЙ,
канцэпцыя, што разглядае грошы як асн. элемент рыначнай гаспадаркі. Заснавана на ўраўненні абмену (ураўненні Фішэра), якое звязвае грашовую масу ў абарачэнні, хуткасць абарачэння грошай, сярэдні кошт і колькасць тавараў. Ляжыць у аснове манетарызму. Узнікла пад уплывам росту цэн у Еўропе ў 16—18 ст., выкліканага прытокам каштоўных металаў з Амерыкі (Б.Давандзаці, Ш.Мантэск’ё, Д.Юм, Д.Рыкарда). У 20 ст. распрацоўвалася І.Фішэрам, А.Маршалам, А.С.Пігу, Дж.Кейнсам, М.Фрыдманам. Сучасная К.т.г. сцвярджае, што ў аснове змен ва ўзроўні цэн ляжыць гал. чынам дынаміка намінальнай грашовай масы, і вылучае адпаведныя практычныя рэкамендацыі па стабілізацыі эканомікі на аснове кантролю над грашовай масай.
т. 8, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАТАКСА́ЦЫЯ (ад аэра... + лац. taxatio ацэнка),
колькасная або якасная ацэнка раслінных рэсурсаў (пераважна лясных) з лятальных апаратаў. Робіцца вакамерным іх вызначэннем або аэрафотаздымкай з наступнай апрацоўкай і аналізам.
т. 2, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСАЦЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. dissociatio раз’яднанне, раздзяленне),
распад малекул і крышталёў на некалькі больш простых малекул, атамаў, радыкалаў ці іонаў. У залежнасці ад характару ўздзеяння, што выклікае Д., адрозніваюць электралітычную дысацыяцыю, тэрмічную і фотадысацыяцыю (Д. пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення). Колькасная характарыстыка Д. — ступень дысацыяцыі, роўная адносінам колькасці малекул, што распаліся, да агульнай колькасці малекул у сістэме.
т. 6, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́НАВЫ ЛІК,
умоўная колькасная характарыстыка ўстойлівасці да дэтанацыі маторнага паліва для карбюратарных рухавікоў. Актанавы лік роўны колькасці (аб’ёмных %) ізаактану (актанавы лік прыняты за 100) у яго сумесі з н-гептанам (актанавы лік прыняты за 0). Для кожнага паліва падбіраецца эталонны эквівалент гэтай сумесі. Актанавы лік бензінаў можна павысіць на 4—15 адзінак дабаўкай да 0,1% прысадак, напр. тэтраэтылсвінцу. Звычайна бензіны маюць актанавы лік 76—98.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́БА ВЫСАКАРО́ДНЫХ МЕТА́ЛАЎ,
колькасная наяўнасць золата, серабра, плаціны і паладыю ў лігатурным сплаве, які выкарыстоўваюць у вытв-сці ювелірных вырабаў, манет, медалёў і інш. Па метрычнай сістэме, што прынята ў большасці краін, выражаецца колькасцю грамаў высакароднага металу ў 1000 г сплаву (чыстаму металу адпавядае 1000-я проба). П.в.м. для ювелірных вырабаў: 375, 500, 583, 750 і 958 — з золата; 750, 800, 875, 916, 925 і 960 — з серабра, 950 — з плаціны, 500 і 850 — з паладыю. П.в.м. вырабаў гарантуецца дзярж. кляймом.
т. 13, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНА́Я ПА́РА ў атмасферы,
вада ў газападобным стане, якая пастаянна ёсць у паветры. Бесперапынна паступае ў атмасферу ў выніку выпарэння з паверхні вадаёмаў і вадацёкаў, глебы, снегу, лёду і праз транспірацыю раслінамі. Колькасная характарыстыка — вільготнасць (гл. Вільготнасць паветра). 90% вадзяной пары ў ніжніх 5 км атмасферы. Уплывае на выпраменьванне і паглынанне сонечнай радыяцыі. Над тэр. Беларусі ў ліп. каля 5,4 км³, у студзені каля 1,7 км³ вадзяной пары. Пры кандэнсацыі яе ўтвараюцца воблакі, туман, раса, іней, шэрань, галалёд. Выкарыстоўваецца для прывядзення ў рух паравых турбін і машын.
т. 3, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАЦЫ́ТЫ [ад лімфа + ...цыт(ы)],
адна з форм незярністых лейкацытаў (агранулацытаў) у пазваночных жывёл і чалавека. Шарападобныя клеткі з авальным ядром і цытаплазмай, багатай рыбасомамі. Складаюць 19—37% лейкацытаў перыферычнай крыві. Адрозніваюць малыя, сярэднія і вялікія. У млекакормячых і птушак паходзяць са стваловых крывятворных клетак і складаюць 2 групы: Т-Л. ўтвараюцца ў тымусе, В-Л. — у фабрыцыевай сумцы або касцявым мозгу. Іх патомкі ў дарослых арганізмах размнажаюцца ў селязёнцы, лімфатычных вузлах і лімфоідных фалікулах дыхальнага і стрававальнага трактаў. Асн. функцыя — імуналагічная. Якасная і колькасная ацэнка Л. мае значэнне ў дыягностыцы захворванняў.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,
фанетычныя змяненні гукаў, якія залежаць ад месца гука адносна пачатку ці канца слова або націску ў слове. Супрацьстаяць камбінаторным змяненням гукаў. Вызначаюць наступныя П.з.г.: узнікненне пратэз (прыстаўных гукаў) на пачатку слова («леў — ільва», «вуліца»), аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова («род» [рот]), рэдукцыю ненаціскных галосных («малако» [мълʌко]). У бел. мове пашырана ўзнікненне пратэтычных гукаў, змена звонкіх зычных на канцы слова, колькасная рэдукцыя ненаціскных галосных. Пазіцыйныя змяненні зычных з’яўляюцца асновай амафонаў.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.
А.В.Зінкевіч.
т. 11, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІЧЫНЯ́ ў матэматыцы,
колькасная характарыстыка матэрыяльных аб’ектаў, з’яў, працэсаў, іх прыкмет і адносін; адно з асноўных матэм. паняццяў, змест якога мяняўся з развіццём матэматыкі. Паходзіць ад першапачатковага выяўлення колькасных адрозненняў аднародных паняццяў (даўжыняў, плошчаў, аб’ёмаў і інш.), якія можна параўноўваць паміж сабой і выконваць з імі арыфметычныя дзеянні. Разам з паняццямі лік, мноства, функцыя і інш. можа разглядацца як канкрэтнае ўвасабленне філас. катэгорыі колькасці. У залежнасці ад спосабу выражэння велічыні з дапамогай пэўнай колькасці сапраўдных лікаў і яе геаметрычнай інтэрпрэтацыі адрозніваюць скаляры, вектары і тэнзары. Тэрмін «велічыня» выкарыстоўваецца таксама як сінонім паняцця фізічная велічыня.
А.І.Болсун.
т. 4, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)