МАЛЕ́РБ ((Malherbe) Франсуа) (каля 1555, г. Кан, Францыя—16.10.1628),

французскі паэт; пачынальнік паэзіі франц. класіцызму. Пісаў оды, гімны, стансы, санеты, эпіграмы, элегіі (напр., «Каралю Генрыху Вялікаму з прычыны ўзяцця Марселя», 1596; «Суцяшэнне пана дзю Пер’е з выпадку смерці яго дачкі», 1598—99, і інш.). У процівагу П.Рансару і паэтам «Плеяды» выступаў за чысціню, абагачэнне і нарматыўнасць літ. мовы («Каментарыі да Дэпорта», 1600), патрабаваў дакладнага размежавання жанраў, стройнай кампазіцыі, гармоніі стылю і дасканаласці рытмікі.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУАЦЮ́Р ((Voiture) Венсан) (24.2.1598, г. Ам’ен, Францыя — 25.5.1648),

французскі паэт; прадстаўнік барочнай прэцыёзнай літаратуры. Чл. Французскай акадэміі (1635). Сын гандляра віном, які атрымаў доступ у арыстакратычны салон маркізы Рамбуйе і надоўга стаў заканадаўцам самага вытанчанага густу і паэтычнай дасціпнасці. Яго санеты, стансы, пасланні, песні, рандо вызначаліся адмысловасцю формы і друкаваліся ў калектыўных зб-ках «Збор розных рандо» (1639), «Гэтага часу добрых вершаў новы збор» (1640). У 1650 выйшаў збор твораў Вуацюра, які ўключаў і лісты паэта, прызначаныя для публічнага чытання. Культываваў формы трыялета, рандэля, рандо, што паўплывала на франц. паэзію канца 19 ст., а праз яе — на еўрапейскую, у т. л. на М.​Багдановіча.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;

[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІО́ ((Viau) Тэафіль дэ) (сак. або май 1590, Клерак, каля г. Ажэн, Францыя — 25.9.1626),

французскі паэт; прадстаўнік ліберцінажу (вальнадумства). Працаваў у жанрах санета, оды, эпіграмы, элегіі. Аўтар «Трактата пра бяссмерце душы», трагедыі «Пірам і Фісба» (1617, паст. 1625), вальнадумных і сатыр. вершаў, змешчаных у калектыўным зб-ку «Сатырычны Парнас» (1622), выданне якога стала падставай для ганенняў на паэта, арганізаваных езуітамі. У 1623 яму вынесены смяротны прыгавор, заменены ў 1625 пажыццёвай ссылкай. Ганенні і турма — прычына заўчаснай смерці Віо. У яго лірыцы па-барочнаму пераплецены вытанчанасць і метафарычнасць з канкрэтнасцю і рэалістычнасцю, экзальтаванасць з іранічнасцю. Віо ўпершыню ў франц. паэзіі змог перадаць паяднанне прыроды і душы чалавека. Лепшыя яго вершы прасякнуты духам унутр. свабоды, няскоранасці і адлюстроўваюць асабістую драму («Санет Тэафіля на яго выгнанне», «Ліст да брата», «Шыбеніца», «Стансы» і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;

[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Французская литература первой трети XVII в. // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)