штучная крыніца святла з выпрамяняльнікам (целам напалу) з тугаплаўкіх металаў (звычайна вальфраму). Вынайдзена ў 1872 А.М.Ладыгіным, удасканалена Т.А.Эдысанам. На Беларусі вырабляюцца на Брэсцкім электралямпавым заводзе.
Л.н. малой магутнасці (15 і 25 Вт) — звычайна вакуумныя (з колбы выдалена паветра), астатнія для павышэння т-ры напалу запаўняюць інертным газам (газанапоўненыя лямпы), часам з дабаўкамі галагенаў (галагенныя). Л.н. з крыптонавым запаўняльнікам вырабляюць магутнасцю 40—100 Вт, з аргонавым — да 150 Вт і вышэй, галагенавыя — да 20 000 Вт. Цела напалу бывае плоскае, двух- і трохспіральнае, напальваецца эл. токам да высокіх (2500—3300 К) т-р; колба — празрыстая, маціраваная, апалавая, малочная, з люстраным або дыфузным адбівальным слоем. Бываюць для агульнага і спец. (напр., у кінаапаратах) асвятлення, аўтамабільныя, руднічныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЫ,
сродкі вымярэнняў, прызначаныя для ўзнаўлення і захоўвання фізічных велічынь зададзенага памеру. Вывучаюцца метралогіяй. Існуюць М. для даўжыні, масы, аб’ёму, эл. супраціўлення, частаты, т-ры і інш.; не маюць М. скорасць руху, мех. сіла, ціск, сіла эл. току, час, энергія, магутнасць. М. выкарыстоўваюць у якасці эталонаў, узорных сродкаў вымярэнняў і рабочых сродкаў вымярэнняў.
М. падзяляюцца на адназначныя, якія ўзнаўляюць фіз. велічыню аднаго памеру (ripa, вымяральная колба), мнагазначныя, што ўзнаўляюць шэраг аднайм. велічынь аднаго памеру (лінейка з дзяленнямі, кандэнсатар пераменнай эл. ёмістасці), наборы М. для ступеньчатага ўзнаўлення шэрагу значэнняў велічыні ў пэўных межах (наборы плоскапаралельных канцавых мер). Разнавіднасцю М. з’яўляюцца стандартныя ўзоры і ўзорныя рэчывы — целы або пробы рэчыва пэўнага саставу, адно з якіх пры належных умовах характарызуецца велічынёй з вядомым значэннем (узоры цвёрдасці, шурпатасці і да т.п.). М., прызначаная для параўнання з ёю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей з мэтай вызначэння іх годнасці, наз.калібрам. Значэнне дадзенай фіз. велічыні, абазначанае на М., з’яўляецца намінальным значэннем М. Сапраўднае значэнне М. атрымліваюць пры яе вымярэнні з выключэннем сістэматычных хібнасцей і давядзеннем да мінімуму выпадковых хібнасцей. Хібнасць вызначэння сапраўднага значэння наз. хібнасцю атэстацыі М. Хібнасць М. — гэта рознасць паміж намінальным і сапраўдным значэннем М. У залежнасці ад хібнасці атэстацыі М. падзяляюцца на разрады, а хібнасць М. з’яўляецца асновай для падзелу іх на класы.