ПІКІРО́ЎКА (ад франц. piquet кол, калок),
перасадка маладых агароднінных, пладовых, дэкаратыўных і некат. тэхн. раслін.
Пікіруюць пераважна раннюю капусту, перац, памідоры. П. забяспечвае раўнамернае размеркаванне расады, павялічвае плошчу жыўлення раслін, эканоміць насенне, парніковую плошчу. У пладаводстве П. — адзін са шляхоў атрымання раслін з кампактнай разгалінаванай каранёвай сістэмай. Сеянцы вырошчваюць густым пасевам у скрынках або ў парніковым грунце, потым перасаджваюць з дапамогай калка (пікі) у торфаперагнойныя гаршчочкі. Пры П. карані ўкарочваюць, расліны паліваюць, трымаюць 2—3 сут пры аслабленым асвятленні і высокай вільгаці.
т. 12, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТКІ НАПЕ́РСКАГА ПАЎСТА́ННЕ 1651,
сялянскае паўстанне ў Рэчы Паспалітай на чале з шляхціцам А.Л.Косткам Наперскім. У канцы 1650 ці ў пач. 1651 ён дамовіўся з Б.Хмяльніцкім пра пашырэнне сял. паўстання на тэр. Польшчы. Выкарыстаўшы паліт. сітуацыю (канцэнтрацыя польск. арміі на Украіне), разам з М.Радоцкім і С.Лянтоўскім арганізаваў сял. атрад і 14 чэрв. захапіў замак у Чорштыне (Малапольскае ваяв.), адкуль высылаў універсалы, з заклікам да сялян паўстаць супраць шляхты. Паўстанне ахапіла Падгалле (раён Прыкарпацця) і пагражала перакінуцца на Кракаў. Аднак 24 чэрв. войскі, сабраныя кракаўскім біскупам П.Гембіцкім, захапілі Чорштын. Костка Наперскі разам з Радоцкім і Лянтоўскім схоплены і пакараны смерцю (пасаджаны на кол). У пач. ліпеня паўстанне канчаткова задушана.
т. 8, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКА АБАРО́НА 1649,
абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач. студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.
т. 2, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,
анты феадальнае выступленне сялян Камянецкай воласці Мазырскага пав. ў 1750-я г. Выклікана прыгнётам мясц. адміністрацыі. Хваляванні пачаліся яшчэ ў 1736. Пад уплывам паўстання гайдамакаў у суседняй Жытоміршчыне ў 1754 перараслі ва ўзбр. выступленне. Для падаўлення паўстання 7.9.1754 загадам М.К.Радзівіла ў Камянецкую воласць накіраваны 2 харугвы. У кастр. 1755 харугвы пасланы зноў супраць новага выступлення сялян, а ў ліст. — яшчэ 4 харугвы (70 коннікаў). Да студз. 1756 паўстанне ахапіла ўсю Камянецкую воласць (больш за 700 сял. двароў). Сабраўшыся каля мяст. Славечна, паўстанцы далі адпор харугвам і прымусілі іх да ўцёкаў. Некалькі тысяч сялян стварылі ўмацаваны лагер і пакляліся змагацца да апошняга. У сак. 1756 урадавае войска (400 чал. і гарматы) рушыла да Славечна. Пасля таго як сяляне адмовіліся ад капітуляцыі, жаўнеры кінуліся на штурм лагера і ўзялі яго. Паўстанцы страцілі 60 чал. забітымі. некалькі дзесяткаў чалавек патанула ў балотах, каля 60 чал. узяты ў палон. Многія ўдзельнікі выступлення пакараны смерцю, іншых білі бізунамі, 4 кіраўнікоў выступлення пасадзілі на кол, 10 сял. важакоў адасланы ў Нясвіж на суд да Радзівіла.
В.І.Мялешка.
т. 7, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)