КО́КСАВЫ ГАЗ,
гаручы газ, адзін з прадуктаў каксавання каменнага вугалю. Асн. кампаненты К.г. (у % па аб’ёме): вадарод (58—62), метан (24,5—26,5), аксід (5—7) і дыаксід вугляроду (1,5—3), азот (2—3,5). Выбухованебяспечны, таксічны. Найніжэйшая цеплата згарання 18—18,5 МДж/м³. Выкарыстоўваюць як паліва для прамысл. печаў, газавых рухавікоў, сыравіну ў хім. прам-сці.
т. 8, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОКСАХІ́МІЯ,
галіна хіміі і хім. тэхналогіі, якая даследуе састаў і ўласцівасці прыроднага паліва (пераважна каменнага вугалю) і распрацоўвае метады яго перапрацоўкі. Асн. віды коксахім. прадукцыі — кокс, коксавы газ, разнастайныя хім. прадукты (напр., вадарод, метан, бензол, нафталін, каменнавугальнае масла).
т. 8, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІВА,
рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш. Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл. Нафтаперапрацоўка).
Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв. альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 11, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)