«Чорныя кодэксы» 3/592; 4/572; 11/228

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«чорныя кодэксы»

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ РЭФАРМАЦЫ́ЙНЫХ СІНО́ДАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,

«Akta synodów różnoeierczych w Polsce», шматтомнае выданне крыніц па гісторыі Рэфармацыі ў Польшчы і ВКЛ. Выдаюцца з 1966 у Варшаве. Ахопліваюць перыяд з 1550 да канца 17 ст. Выкарыстаны ўсе кодэксы пратаколаў рэфармацыйных сінодаў, упамінанні пра сіноды ў старадруках, асобныя акты, карэспандэнцыі, рэляцыі на польск., лац., чэшскай мовах. Асвятляецца арганізац., царкоўнарэліг., ідэалаг. дзейнасць рэфармацыйных абшчын («Чэшскіх братоў», кальвіністаў, арыян), узаемаадносіны розных рэфармацыйных плыняў, палітыка вярх. улады ў адносінах да Рэфармацыі, удзел бел.-літ. дзеячаў у грамадска-паліт. жыцці Польшчы і ВКЛ.

Л.​С.​Іванова.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШТЭ́КІ індзейскі народ у Мексіцы. Жывуць у штатах Аахака, Герэра і Пуэбла. 270 тыс. чал. (1998). Гавораць на мове міштэкскай групы сям’і ата-манге і іспанскай. Вернікі — католікі. У 1200-я г. М. прыйшлі ў дзяржаву сапатэкаў (даліна Аахакі), што напачатку выклікала заняпад, а пазней росквіт змешанай міштэкска-саматэкскай культуры. У 15 ст. іх перамаглі аптэкі, у 1523 заваявалі іспанцы. У М. былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, мастацтва. Пра унікальнасць іх школы жывапісу сведчаць міштэкскія кодэксы (маляваныя кнігі) — своеасаблівыя гіст. дакументы, якія змяшчаюць звесткі пра генеалогію, гісторыю, фаўну і этнаграфію. У наш час М. займаюцца земляробствам, паляўніцтвам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, рамесніцтвам.

Літ.:

Галич М. История доколумбовых цивилизаций: Пер. с исп. М., 1990. С. 81-99.

Да арт. Міштэкі. Фрагмент міштэкскага кодэкса даіспанскага перыяду.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДААХО́ЎНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. На Беларусі асновай П.з. з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, арт. 46 якой абвяшчае грамадзянам права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; ускладае на дзяржаву кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў з мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя. Нормы П.з. ёсць у большасці кодэксаў краіны (лясным, зямельным, аб нетрах), законах аб ахове здароўя, навакольнага асяроддзя, атм. паветра, ахове і выкарыстанні жывёльнага свету, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах, санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і інш. Крымінальны, адм. і грамадзянскі кодэксы прадугледжваюць адказнасць за парушэнне патрабаванняў П.з. Нормы П.з. таксама змяшчаюцца ў спец. пастановах мясц. і цэнтр. органаў улады, ведамасных распараджэннях, інструкцыях і інш. Гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова прыроды, Ахова раслін.

т. 13, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМЫ МАРА́ЛЬНЫЯ,

формы маральнай свядомасці, а таксама прынцыпы, правілы маральных адносін і паводзін індывіда ў сферах грамадскай дзейнасці. Гэта спецыфічныя формы ўзгаднення свабоды (волевыяўлення) асобы з грамадскімі патрэбамі, інтарэсамі і воляй пэўных сац. супольнасцей (груп, слаёў, калектываў і інш.). Як форма маральнай свядомасці Н.м. праяўляюцца ў выглядзе маральных патрабаванняў, якія аднолькава датычаць усіх людзей і прадугледжваюць безумоўнае іх выкананне. Бываюць вусныя (не маюць устойлівага моўнага афармлення) і пісьмовыя, напр., «Дзесяць запаведзей» Бібліі («Шануй бацькоў сваіх», «Не забі», «Не ўкрадзі» і інш.), шматлікія «кодэксы гонару» (напр., афіцэрскія) і інш. Як прынцыпы маральных адносін Н.м. ўяўляюць правілы паводзін, якія пастаянна ўзнаўляюцца ў аднатыпных учынках людзей як маральны закон, звычай. Падпарадкаванне Н.м. асобнага чалавека заснавана на ўздзеянні грамадскай думкі, шматлікіх прыкладаў і інш. форм грамадскай волі, якія выяўляюцца ў норавах пэўнага грамадства, дысцыпліне. Н.м. класіфікуюць па аналогіі з нормамі сацыяльнымі.

Літ.:

Предмет и система этики. М.;

София, 1973;

Сорокин П.А. Нормативная ли наука этика и может ли она ею быть? // Этическая мысль, 1990. М., 1990;

Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян: Пер. с лат. М., 1994;

Зеленкова И.Л. Основы этики. Мн., 1998;

Основы этических знаний. СПб., 1998.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПАЛЕО́Н I,

Напалеон Банапарт (Napoléon Bonaparte; 15.8.1769, Аяча, в-аў Корсіка, Францыя — 5.5.1821), французскі дзярж. дзеяч і палкаводзец, першы консул Франц. Рэспублікі [1799—1804] імператар французаў [1804—14, 1815]. Скончыў Брыенскае ваен. вучылішча (1784), вучыўся ў Парыжскай ваен. школе (1784—85). З 1785 у арміі, афіцэр артылерыі. Падтрымаў Французскую рэвалюцыю 1789—99. За ўмела арганізаванае ўзяцце (снеж. 1793) захопленага мяцежнікамі і англічанамі г. Тулон атрымаў чын брыгаднага генерала. Па даручэнні Канвента 5.10.1795 задушыў раялісцкі мяцеж у Парыжы, за што прызначаны галоўнакамандуючым Унутр. арміяй. З сак. 1796 галоўнакамандуючы «Італьян. арміяй». Італьянскі паход Банапарта 1796—97 прынёс яму славу лепшага палкаводца Рэспублікі і таленавітага дыпламата. У 1798—99 узначальваў Егіпецкую экспедыцыю 1798—1801. 9—10.11.1799 здзейсніў дзярж. пераварот, які ўсталяваў у Францыі рэжым консульства. У 1802 абвешчаны пажыццёвым консулам, у 1804 — імператарам. З мэтай умацавання новай бурж. манархіі Н.I стварыў імперскае дваранства і пышны імператарскі двор. Ва ўнутр. палітыцы кіраваўся інтарэсамі буржуазіі і заможнага сялянства. У 1804, 1808 і 1810 пры ўдзеле Н.I распрацаваны і выдадзены Грамадз., Камерцыйны і Крымін. кодэксыт.зв. «Кодэксы Напалеона», што рэгулявалі грамадскія адносіны, ахоўвалі непарушнасць прыватнай маёмасці, стваралі ўмовы для развіцця свабоднай канкурэнцыі і прам-сці. У ходзе напалеонаўскіх войнаў значна пашырыў сваю імперыю. Але не здолеў перамагчы свайго гал. праціўніка — Вялікабрытанію, з якой Францыя знаходзілася ў стане вайны з 1793 (за выключэннем 1802—03). Спробы Н.I ізаляваць Вялікабрытанію шляхам кантынентальнай блакады не мелі поспеху. 24.6.1812 Н.І пачаў вайну супраць Рас. імперыі (гл. Вайна 1812). У шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812) асабіста кіраваў войскамі і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Каб заручыцца падтрымкай магнатаў і шляхты Літвы і Беларусі і для кіравання акупіраванымі тэрыторыямі, зацвердзіў Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага. Ухіліўся ад пацвярджэння акта Генеральнай канфедэрацыі 1812 аб аднаўленні Польскага каралеўства як унітарнай дзяржавы, хоць не пагадзіўся і на стварэнне асобнай Літ. канфедэрацыі. У выніку вайны 1812 яго «Вялікая армія» была разгромлена, што выклікала ўздым антыфранц. руху ў залежных ад Н.I краінах. Пасля паражэнняў у кампаніі 1813—14 і заняцця ў сак. 1814 войскамі антыфранц. кааліцыі Парыжа адрокся ад трона (6.4.1814). Саюзнікі-пераможцы захавалі за Н.I тытул імператара і аддалі яму ва ўладанне в-аў Эльбу. Выкарыстаўшы незадаволенасць французаў рэстаўрацыяй улады Бурбонаў, Н.І высадзіўся 1.3.1815 на Пд Францыі і да 20.3.1815 аднавіў сваю ўладу (гл. «Сто дзён»). Пасля паражэння пры Ватэрлоо 18.6.1815 зноў адрокся ал трона (22.6.1815). Арыштаваны англічанамі, сасланы на в-аў Св. Алены, дзе і памёр.

Літ.:

Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;

Тарле Е.В. Наполеон. Мн., 1992;

Яго ж. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992;

Людвиг Э. Наполеон: Пер. с нем. М., 1998.

П.​А.​Тупік.

Напалеон I.

т. 11, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬНЮСКАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА БІБЛІЯТЭ́КА.

Засн. ў 1570 як б-ка Віленскага езуіцкага калегіума. Значна расшырылася пасля 1579, калі калегіум быў пераўтвораны ў акадэмію. Аснову яе склалі зборы кніг, што падаравалі калегіуму польскі кароль і вял. кн. літ. Жыгімонт II Аўгуст, віленскі біскуп В.​Пратасевіч, падканцлер Казімір Леў Сапега. У 1579 налічвала 4,5 тыс. тамоў, у 1773 — 11 тысяч. Б-ка атрымлівала абавязковы экз. з друкарні ун-та, з 1780 — з усіх друкарняў Вял. кн. Літоўскага. Пераважалі рэліг. тэалагічныя кнігі. Зберагаліся рэдкія выданні і рукапісы, у т. л. твор М.​Каперніка «Пра абарачэнні нябесных сфер», працы Пталамея, Арыстоцеля, Р.​Дэкарта, стараж. пергаментны Псалтыр на царк.-слав. мове, Слуцкі спіс 16 ст. Статута ВКЛ 1529 і інш. З канца 18 ст. ствараліся адносна самаст. кніжныя зборы ф-таў. Пасля паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве ун-т зачынены (1832), кніжныя фонды падзелены паміж Віленскай медыка-хірургічнай акадэміяй і Духоўнай рымска-каталіцкай акадэміяй, частка кніг перададзена Беларускай навучальнай акрузе, Кіеўскаму і Харкаўскаму ун-там. Пасля аднаўлення ун-та (1919) у б-ку паступілі некат. зборы Віленскай публічнай б-кі. У 1930-я г. б-ка налічвала каля 200 тыс. тамоў. У канцы 1940-х г. — 1950-я г. папоўнілася кнігамі з б. Каўнаскага ун-та, з б-к Масквы і Ленінграда. У 1995 налічвала больш за 5 млн. адз. захавання, у т. л. 180 тыс. старадрукаў (322 інкунабулы), больш за 212 тыс. рукапісаў на розных мовах, калекцыя графікі (75 тыс. адз.), бібліягр. і інфарм. выданні і інш. У фондах рукапіснага аддзела стараж. кодэксы, дакумент. і актавыя матэрыялы 14—20 ст., асабістыя архівы прафесараў Віленскага ун-та, матэрыялы прыватных архіваў Сапегаў, Тышкевічаў, Копцяў, інвентары і гасп. кнігі маёнткаў, гаспадарскіх уладанняў, гарадоў, мястэчак (Кобрын, Любча, Дзярэчын і інш.), царк. устаноў (Лаўрышаўскага і Супрасльскага манастыроў, Гродзенскага канвента, каталіцкіх ордэнаў), архіва Віленскага універсітэта, архіў Паўн.-Зах. аддзела Рус. геагр. т-ва (у т. л. адказы мясц. карэспандэнтаў на анкету, распаўсюджаную ў пач. 1870-х г., са звесткамі пра сельскую гаспадарку, побыт і культуру беларусаў). Сярод старадрукаў Брэсцкая біблія 1563, «Апостал» Ф.​Скарыны 1525, выданні Мамонічаў, Віленскага брацтва, унікальныя экзэмпляры кніг К.Каяловіча, «Абарона Вялікага княства Літоўскага» А.​Ружоўскага (каля 1649), юрыд., Навук. і царк.-палемічныя выданні. Многія інкунабулы захоўваюць запісы бел. чытачоў, каля 200 тамоў паходзяць з кнігазбору Казіміра Льва Сапегі. Асобную калекцыю складаюць зборы картаграфічных матэрыялаў і атласаў, іканаграфіі. Выдае «Летапіс бібліятэкі Вільнюскага універсітэта». З’яўляецца дэпазітнай б-кай ААН (з 1965). Падтрымлівае сувязі з 383 б-камі і навук. ўстановамі ў 55 краінах свету. Размяшчаецца ў будынках б. Віленскага ун-та.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 4, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Маскве,

нацыянальная бібліятэка Расіі, адна з найбуйнейшых бібліятэк свету; навукова-даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр па праблемах кнігазнаўства, бібліяграфіі, бібліятэказнаўства, культуры.

Засн. ў 1862 у складзе Маскоўскага публічнага Румянцаўскага музея. Атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх рас., а пазней сав. выданняў. Значна папоўнілася за кошт нацыяналізаваных пасля Кастр. рэвалюцыі прыватных, царкоўна-манастырскіх і некат. дзярж. збораў. З 1924 наз. Расійская публічная б-ка імя У.​І.​Леніна, з 1925 Дзярж. б-ка СССР імя Леніна, з 1992 сучасная назва. У фондах б-кі больш за 41 млн. экз. друкаваных адзінак на 247 мовах, у т. л. 16,5 млн. кніг і брашур (2000). У аддзеле рукапісаў захоўваюцца помнікі 6—20 ст. (многія зборы маюць каталогі, апісанні), сярод якіх каля 60 славяна-рус. рукапісных кніг 11—13 ст., у т. л. Архангельскае евангелле 1092, Марыінскае евангелле (або Афонскае) пач. 11 ст., частка Супрасльскага рукапісу 11 ст., Дабрылава евангелле 1164 з мініяцюрамі евангелістаў і ўкладным запісам Івана IV, а таксама больш познія царкоўна-рэліг. рукапісы традыц. жанраў, напр., кодэксы слуцкіх скрыпторыяў (Евангелле 1502, напісанае на заказ слуцкага архімандрыта Аўраамія манахам А.​Крыцкім, прыхаджанінам Лаўрышаўскага манастыра; Евангелле 1539, спраўленае на сродкі кн. Ю.​С.​Слуцкага ў манастыры цудатворца Міколы на Марачы, пісец «раб божий пречистый Копысский Василий»), службовая Мінея пач. 16 ст., напісаная «замыслом и гаданием» бел. шляхціца Ф.​І.​Калантаева, «Кнігі 16 прарокаў тлумачальныя», купленыя ў 1570 у пінскага мешчаніна Б.​Куніловіча, Евангелле-тэтр, спіс 1543 з брэсцкага манастыра, рукапіс, напісаны ў Кіеве ў 1610 пінскім ураджэнцам Іванам Васілевічам, і інш. Некат. рэдкія рукапісы трапілі ў Расію ў часы войнаў, палонаў і рэквізіцый, напр., запісы на «Шастадневе» 16 ст. (кодэкс са збораў Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх) ці «Пралогу» сярэдзіны 16 ст., які належаў Смаленскаму краязн. музею. У б-цы захоўваюцца і рэдкія стараж. рукапісы інш. жанраў: кормчыя, напісаныя на Беларусі ці ў Літве ў 16—17 ст., палемічныя і гіст. зборнікі (у т. л. пасланні старца Арцемія да С.​Буднага, А.​Валовіча, «Маргарыт новы» ў перакладзе кн. А.​Курбскага, напісаны бел. паўуставам, зб. павучанняў з казаннямі Л.​Карповіча, «Гутаркі Іаана Златавуста», падараваныя архімандрытам Супрасльскага манастыра кн. Масальскім жаночаму манастыру ў Дубне і інш.). Асобную групу складаюць спісы з твораў Кірылы Тураўскага, школьных падручнікаў і даведнікаў С. і Л.​Зізаніяў, П.​Бярынды, М.​Сматрыцкага. З Сібіры ў 1875 трапіла ў б-ку берасцяная копія з «Граматыкі» Сматрыцкага «Кароткае граматыкі выяўленне» сярэдзіны 18 ст. У аддзеле рукапісаў зберагаюцца «Хроніка» 1549 старосты кобрынскага Хвальчэўскага, «Безднінскі летапісец» з пахвалой Вітаўту, Румянцаўскі спіс бел.-літ. летапісу, мноства хранографаў 16—17 ст., у іх ліку т.зв. «заходнярускай» рэдакцыі, «Александрыя» ў спісах 17 ст. і 1697,​ напісаныя мазырскім дзякам В.​Г.​Мянжынскім. Сярод свецкіх твораў юрыд., гіст., мастацкія помнікі: спісы Статутаў ВКЛ 1566 і 1588, «Хронікі» М.​Стрыйкоўскага, «Памяць аб родзе Глінскіх» 16 ст., творы Максіма Грэка, Сімяона Полацкага, Г.​Каніскага, копіі з выданняў Ф.​Скарыны і інш. У некаторых фондах захоўваюцца дакументальныя, актавыя, генеалагічныя матэрыялы: «Справаводства Віленскай «з’езжай» «ізбы» 1655—59, «Кніга аб даходах Полацкага намесніцтва 1792 г.», сац.-эканам. акты зямельных данін і судовых спраў у Навагрудскім ваяводстве ў 1626—1701. У музеі кнігі (былы аддзел рэдкай кнігі) захоўваецца адна з найбольшых калекцый бел. кірыліцкіх старадрукаў (82 экз. выданняў Скарыны, кнігі Буднага, В.​Гарабурды, П.​Мсціслаўца, братоў Мамонічаў, брацкіх, уніяцкіх, прыватных бел. друкарань 16—18 ст.), багатыя зборы польск. і зах.-еўрап. кнігі і графікі, у т. л. творы Эразма Ратэрдамскага, К.​Манвіда-Дарагастайскага, Кальвіна. Стрыйкоўскага, Сматрыцкага, рэдкія панегірыкі і перыяд. выданні. У спецыялізаваным фондзе багатыя калекцыі замежных, бел., рус., укр., сав. картаграфічных твораў (каля 190 тыс. адзінак), нац. і рэгіянальныя атласы, планы гарадоў, сучасныя замежныя выданні. Захоўваюцца творы бел. пісьменнікаў, пераклады, дысертацыі, прысвечаныя гісторыі Беларусі, духоўнай спадчыне, славянскім культ. сувязям. Б-ка выпускае «Інфармацыйны бюлетэнь новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэку», «Запіскі аддзела рукапісаў», «Працы дзяржаўнай бібліятэкі імя У.​І.​Леніна», «Бібліятэказнаўства і бібліяграфія за мяжой» і інш.

Літ.:

Пятидесятилетие Румянцевского музея в Москве, 1862—1912: Ист. очерк. М., 1913;

История Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.​И.​Ленина за сто лет, 1862—1962. М., 1962;

Национальная библиотека страны: Пробл. и перспективы. М., 1975;

Труды Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.​Й.​Ленина. Т. 13. Фонды: Состояние и тенденции развития. М., 1976;

Описание старопсчатных изданий кирилловского шрифта. М., 1979 (выданне працягваецца).

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 13, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ПРЫРО́ДЫ,

сістэма міжнар., дзярж., рэгіянальных і лакальных (мясцовых) гасп.-адм., тэхнал., паліт., юрыд. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, прыроды Зямлі і навакольнай касм. прасторы ў інтарэсах сучаснага і будучага іх выкарыстання чалавецтвам; глабальная праблема сучаснасці, што патрабуе сумесных намаганняў усіх дзяржаў і людзей па яе вырашэнні. Мае важнае гіст. і сац. значэнне, накіраванае на ўсталяванне сістэмы рацыянальнага прыродакарыстання; комплексная міжгаліновая дысцыпліна. Яе састаўныя часткі: ахова атмасферы, ахова водаў, ахова генафонду, ахова глебаў, ахова жывёл, ахова зямель, ахова лясоў, ахова нетраў, ахова раслін і інш. кампанентаў навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў. Уключае папераджальныя мерапрыемствы і актыўныя дзеянні грамадства па падтрыманні аптымальных узаемаадносін паміж дзейнасцю чалавека і навакольным прыродным асяроддзем, прадухілення шкоднага ўплыву гасп. дзейнасці на прыроду і здароўе чалавека, падтрыманне прадукцыйнасці прыроды і прыродных умоў, неабходных для забеспячэння паўнацэннага існавання чалавецтва. Асн. задачы: узгадненне развіцця навук.-тэхн. прагрэсу і нар. гаспадаркі з мерапрыемствамі па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аздараўленне жыццёвага асяроддзя чалавека, захаванне біял. і ўсёй прыроднай разнастайнасці, рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы ўзаемадзеяння грамадства і прыроды, узгадненне адзіных для ўсіх краін знешнепаліт. прынцыпаў аховы планетарнага асяроддзя і інш. У адпаведнасці з гэтым створаны Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП, 1948), распрацавана «Сусветная стратэгія аховы прыроды» (1978, 1992), сфарміраваўся шэраг міжнар. грамадскіх арг-цый і рухаў за ахову прыроды («Грынпіс», рух і партыі «зялёных» і інш.). Рашэннем ААН штогод адзначаецца Міжнар. дзень аховы навакольнага асяроддзя (5 чэрвеня).

Ахова прыроды прадугледжвае сістэму практычных мерапрыемстваў: прыродазнаўча-навук. (вывучэнне і навук. абгрунтаванне асн. кірункаў аховы прыроды, экалагічная экспертыза праектаў), матэрыяльна-тэхн. (матэрыяльнае забеспячэнне прыродаахоўных мерапрыемстваў, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі, удасканаленне тэхнал. працэсаў; стварэнне безадходных і малаадходных тэхналогій), эканамічных (забеспячэнне эканам. эфектыўнасці экалагічных мер), вытворчых (гасп. рэалізацыя праектаў аховы прыроды), сан.-гігіенічных (папераджальныя аздараўленчыя меры), ідэалаг. (выхаванне экалагічнага светапогляду), прававых (распрацоўка і экалагізацыя заканадаўства), арганізацыйных (наладжванне дзейнасці органаў кіравання прыродакарыстаннем, прыродаахоўнага кантролю) і інш.

На Беларусі пад дзярж. аховай знаходзяцца ўсе прыродныя багацці незалежна ад ступені іх пераўтворанасці пад уплывам прыродных і штучных фактараў: зямля, воды, глебы, нетры, лясы, тыповыя ландшафты, рэдкія і каштоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, курортныя і памятныя мясціны, раслінны і жывёльны свет, паветра і інш. Асаблівасці аховы прыроды на Беларусі звязаны з вял. маштабамі гідратэхн.-меліярац. работ, лесаахоўных мерапрыемстваў, празмерным развіццём хім., перапрацоўчай і інш. галін прам-сці з вял. уплывам на прыроднае асяроддзе, шырокім выкарыстаннем у сельскай гаспадарцы мінер. угнаенняў і ядахімікатаў, радыеактыўным забруджваннем тэрыторыі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы і інш. У сувязі з гэтым ажыццяўляюцца шырокамаштабныя работы па ўдасканаленні прыродаахоўнага заканадаўства, меліярацыі зямель і рэкультывацыі ландшафтаў, аднаўленні лясоў, ачыстцы сцёкавых водаў, распрацоўцы і ўкараненні зваротных і паўторных сістэм водакарыстання, газаачышчальных і пылаўлоўных збудаванняў, ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уключэнні малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г. вытв-сць, навук. абгрунтаванні аховы і выкарыстання розных тыпаў зямель, распрацоўцы спец. рэсурса- і прыродаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантролі за выкарыстаннем хім. рэчываў, вядзецца азеляненне населеных месцаў, развіваецца сетка асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, распрацоўваюцца комплексныя і рэгіянальныя схемы аховы прыроды, адпаведныя яе палажэнні ўключаюцца ў праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва, бяруцца пад ахову радовішчы лек. мінер. водаў і тарфянікі, унікальныя прыродныя аб’екты абвешчаны помнікамі прыроды, ахоўваецца шэраг відаў каштоўных, рэдкіх і рэліктавых жывёл і раслін (гл. Ахоўныя жывёлы, Ахоўныя расліны), вядзецца Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь (выд. ў 1981 і 1993); прыродна-кліматычныя фактары шырока выкарыстоўваюцца для ўмацавання здароўя чалавека (турызм, зоны адпачынку, санаторыі, курорты і інш.). Як член ААН Беларусь удзельнічае ў ажыццяўленні Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), праграмы «Чалавек і біясфера» (ЧІБ), у агульнаеўрапейскай нарадзе па супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Заканадаўчыя, выканаўчыя і кантрольныя функцыі ў галіне аховы прыроды выконваюць Камісія Вярхоўнага Савета па пытаннях экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржэканамплан, мін-вы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной гаспадаркі, аховы здароўя, па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. Навук. асновай аховы жывой прыроды з’яўляецца экалогія, прыкладнымі пытаннямі займаецца інжынерная экалогія. Важная састаўная частка прыродаахоўнай дзейнасці — залучэнне да аховы прыроды грамадскасці. Дзейнічаюць Беларускае таварыства аховы прыроды і шэраг інш. грамадскіх арг-цый і фарміраванняў прыродаахоўнага профілю, Рэсп. экалагічны цэнтр навучэнцаў. Работу па ўзнаўленні колькасці дзікіх прамысл. жывёл і барацьбу з браканьерствам вядзе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Прапагандай аховы прыроды займаюцца т-ва «Веды», нар. ун-ты, клубы аматараў прыроды, радыё і тэлебачанне. Развіваецца прыродаахоўная і экалагічная адукацыя. У большасці вышэйшых і сярэдніх навуч. устаноў уведзены курсы аховы прыроды. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць БДУ і Бел. тэхнал. ун-т. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя створаны Бел. н.-д. цэнтр «Экалогія». Навук. даследаванні па ахове прыроды каардынуе Навук. савет па праблемах біясферы і Экалагічная камісія АН Беларусі. Кантроль за станам навакольнага асяроддзя ажыццяўляюць станцыя фонавага маніторынгу (Бярэзінскі біясферны запаведнік), пункт кантролю трансгранічнага пераносу паветра (г. Высокае Брэсцкай вобл.), Рэсп. навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш. Выдаецца экалагічны бюлетэнь «Стан прыроднага асяроддзя Беларусі», час. «Родная прырода», газеты «Экологический вестник», «Беларуская лясная газета», «Экология Минска» і інш.

На Беларусі ахова прыроды — канстытуцыйны абавязак кожнага чалавека і ўсяго грамадства. Заканадаўчай асновай аховы прыроды з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (1993), «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1995), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1982), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1982), «Аб ахове здароўя» (1970); кодэксы Беларусі: водны (1972), лясны (1979), аб нетрах (1976), аб зямлі (1990) і інш. палажэнні прыродаахоўнага заканадаўства, якія ўстанаўліваюць забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Па асобных пытаннях аховы прыроды прыняты спец. пастановы і нарматыўныя акты, вызначана адм. і крымін. адказнасць за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства.

Літ.:

Лукашев В.К., Лукашев К.И. Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980;

Марцинкевич Г.И. Использование природных ресурсов и охрана природы. Мн., 1977;

Основы природопользования. Мн., 1980;

Охрана природы: Природные ресурсы Белоруссии и их рациональное использование. 2 изд. Мн., 1972;

Развитие производительных сил и охрана природы. Мн., 1981;

Реймерс Н.Ф., Штильмарк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978;

Реймерс Н.Ф., Яблоков А.В. Словарь терминов и понятий, связанных с охраной живой природы. М., 1982;

Справочник по охране природы. М., 1980;

Рамад Ф. Основы прикладной экологии: Воздействие человека на биосферу: Пер. с фр. Л., 1981.

Н.​М.​Крукава, Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)