ЦЫБУ́ЛЬСКІ (Cybulski) Збігнеў (3.11.1927, Княжы, Польшча — 8.1.1967),

польскі акцёр. Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве (1953). Працаваў як акцёр і рэжысёр у т-рах Гданьска і Варшавы. З 1955 здымаўся ў кіно: фільм А.​Вайды «Пакаленне». У фільмах «Тры старты» (1955), «Канец ночы» (1957), «Попел і дыямент» (1958), «Каханне ў 20 гадоў» (1962) і інш. увасобіў тыповы вобраз суайчынніка ў складаны час маральнага і грамадскага станаўлення. У творчасці спалучаў драм. напружана-эмацыянальную манеру ігры з рамант. кірункам польскай тэатр. школы. Акцёр шырокага дыяпазону. Іграў і характарныя, і камед. ролі ў фільмах «Злачынец і паненка» (1963), «Разводаў не будзе», «Джузепе ў Варшаве» (абодва 1964) і інш. Складаная асоба акцёра, абставіны жыцця і творчасці, грамадскі водгук на яго мастацтва складаюць змест маст. фільма пра Ц. «Усё на продаж» (1968) і дакумент. кіналенты «Збышак» (1969).

Г.​У.​Шур.

т. 17, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)