Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЖАЦКІЯ З’Е́ЗДЫў Кіеўскай Русі,
нарады князёў з дынастыі Рурыкавічаў, на якіх вырашаліся важныя паліт., ваен. і рэліг. пытанні. З летапісных крыніц найб. вядомыя: Вышгарадскі К.з. 1072 (разглядаў пытанні аб перанясенні мошчаў св. Барыса і Глеба ў новую царкву, прыняцці «Праўды Яраславічаў» — новай рэдакцыі «Рускай праўды»), Любецкі з’езд 1097, Віцічаўскі К.з. 1100 (пра заключэнне міру паміж князямі Святаполкам Ізяславічам, Уладзімірам Манамахам, Алегам Святаславічам і інш. і саюз супраць полаўцаў), Долабскі К.з. 1103 (пра арганізацыю паходу супраць полаўцаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛЕ́С,
язычніцкае бажаство ўсх. славян. Лакальныя назвы Валос, Волас. Вялеса лічылі апекуном жывёлагадоўлі (у «Аповесці мінулых гадоў» яго называлі «скоцій бог»), багацця (яго імем кляліся купцы і княжацкія дружыннікі), мастацтва, у прыватнасці паэзіі (у «Слове пра паход Ігараў» княжацкі паэт Баян называецца ўнукам Вялеса). З увядзеннем хрысціянства ў Кіеўскай Русі (канец 10 ст.) уяўленне пра Вялеса паступова знікла, а яго гал. функцыя — апекуна жывёлагадоўлі — нададзена хрысц. святому Уласу (Аўласу), у гонар якога спраўлялі конскае свята 11 лютага ст.ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЧ,
старажытнарускі горад на р. Луква (прыток Днястра) каля с. Крылас Івана-Франкоўскай вобл. Украіны, за 5 км на Пд ад сучаснага горада. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1140. З 1144 цэнтр Галіцкага, з 1199 Галіцка-Валынскага княства. З 2-й пал. 12 ст. дасягнуў найб. росквіту, меў княжацкія палацы, храмы, развітыя рамяство і гандаль, тут складзены Галіцка-Валынскі летапіс. Пасля зруйнавання ў 1241 татарамі прыйшоў у заняпад. Паводле археал. даследаванняў, узнік у 10 ст. У выніку раскопак выяўлены рэшткі Успенскага сабора 12 ст., наземных і паўзямлянкавых жытлаў і майстэрняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЙНЕБУРГ (Heuneburg),
гарадзішча познагальштацкага і раннелатэнскага часу (6—5 ст. да н. э.) на мысе Гойнебург левага берага верхняга Дуная каля г. Рыдлінген (Германія). Вылучана 5 асн.буд. фаз. У пач. 2-й фазы (6 ст. да н. э.) частка гарадзішча перабудавана ў грэч. стылі, на каменным падмурку пабудавана з цэглы-сырцу сцяна выш. 4 м (упершыню ў парэччы Дуная) з вежападобнымі бастыёнамі. З грэч.г. Масалія сюды прывозілі амфары для віна і чорнафігурную кераміку. Магчыма, Гойнебург быў замкам мясц. уладароў, бо непадалёку ад яго выяўлены княжацкія пахаванні (курган Гохміхеле і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
гістарычна-літаратурны помнік Кіеўскай Русі. Захаваўся ў Іпацьеўскім летапісе, дзе працягвае «Аповесць мінулых гадоў» і папярэднічае Галіцка-Валынскаму летапісу. Ахоплівае падзеі з 1118 да 1200. Складзены ў Выдубіцкім манастыры (Кіеў) на падставе мясц. летапісаў і асобых пагадовых запісаў. Прысвечаны пераважна мясц. падзеям (гісторыі Кіева і Кіеўскай зямлі), больш свецкі паводле зместу (апісваецца жыццё і дзейнасць кіеўскіх князёў). У творы асуджаюцца княжацкія ўсобіцы, апісваецца барацьба ўсх. славян з полаўцамі. Захаваў цікавыя і каштоўныя запісы пра важныя падзеі ў Полацкай зямлі ў сярэдзіне 12 ст., якія паводле меркавання некаторых вучоных, з’яўляюцца фрагментамі згубленага Полацкага летапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЗІМІ́НАВІЧЫ,
дынастыя вял. князёў і паліт. дзеячаў ВКЛ, вяльмож Рас. дзяржавы. Верагодны пачынальнік роду Скалмант (Скаламенд, сярэдзіна 13 ст.). Назву атрымалі ад імя яго ўнука Гедзіміна. Гербам Гедзімінавічаў і іх дзяржавы ВКЛ, пачынаючы з Віценя, стала «Пагоня», якая пераходзіла па спадчыне разам з годнасцю вял. князя. Іншыя Гедзімінавічы, удзельныя князі, мелі асобныя гербы. У 14 ст. большасць Гедзімінавічаў, якія дагэтуль былі язычнікамі, перайшлі ў праваслаўе, некаторыя — у каталіцтва, засвоілі бел. культуру. Унук Гедзіміна Ягайла, заключыўшы Крэўскую унію 1385, стаў каралём польскім і заснавальнікам каралеўскай дынастыі Ягелонаў, якая правіла ў Польшчы і ВКЛ (да 1572), у Чэхіі і Венгрыі. З Гедзімінавічаў вылучыліся таксама Альгердавічы, галіна велікакняжацкай дынастыі ВКЛ, і буйныя княжацкія роды Беларусі, Украіны і Расіі: Алелькавічы, Бельскія, Вішнявецкія, Галіцыны, Куракіны, Мсціслаўскія, Сангушкі, Трубчэўскія і Трубяцкія, Хаванскія, Чартарыйскія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКІ КРЭМЛЬ,
архітэктурны ансамбль 17 ст. ў г. Растоў Яраслаўскай вобл. (Расія). Узведзены ў 1670—83 на беразе воз. Нера, да 19 ст.наз. Архірэйскі дом. Уяўляе сабой комплекс культавых, жылых і гасп. пабудоў (гал. з іх пастаўлены вакол цэнтр. плошчы і злучаны арачнымі пераходамі), абкружаных масіўнымі сценамі з 5 вуглавымі, 4 уязнымі і 2 дазорнымі вежамі. Сярод найб. значных арх. помнікаў: цэрквы надбрамныя Уваскрэсення Хрыстова (1670; фрэскі 1675, маст. Д.Грыгор’еў, Г.Нікіцін) і Іаана Багаслова (1683), Спаса-Праабражэнская на Сенях (1675, фрэскі Дз.Сцяпанава, І. і Ф. Карпавых), Адзігітрыі (1698); княжацкія церамы (16—17 ст.), палаты Белая (1672, пл. 300 м²), Красная (1672—80) і Іераршая (17 ст.).
Літ.:
Баниге В.С. Кремль Ростова Великого XVI—XVII в. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАНЕ́Г Пётр, бел. дойлід 12 ст. Прадстаўнік Гродзенскай школы дойлідства. Ім узведзены шэраг манум. будынкаў у Гродне (верагодна, Ніжняя, Барысаглебская і Прачысценская цэрквы, княжацкія палаты і мураваныя абарончыя сцены). У пач. 12 ст. быў асабістым дойлідам кіеўскага кн. Рурыка. Яго прозвішча зафіксавана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1119 пры сведчанні пра ўзвядзенне ў Выдубіцкім манастыры пад Кіевам мураванай падпорнай сценкі з боку р. Дняпро (адначасова з’яўлялася агляднай пляцоўкай). На заказ князя М. пабудаваў цэрквы св. Васіля ў Оўручы, св. Апосталаў у Белгарадзе і Пятніцкую ў Чарнігаве. У гэтых помніках відавочны традыцыі гродзенскай архітэктуры, што дазваляе даследчыкам меркаваць пра аўтарства М.: у сцены ўмураваны каляровыя шліфаваныя камяні і паліваныя керамічныя пліткі, скошаныя вонкавыя вуглы, аналагічныя падпорныя і аглядныя сцены Выдубіцкага манастыра і на мысе Гродзенскага дзядзінца.
Літ.:
Рапапорт П. Пётр Міланег — гродзенскі дойлід XII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 4.