КЕФА́ЛЕВЫЯ (Mugilidae),

сямейства рыб атр. кефалепадобных. 15 родаў, больш за 100 відаў. Пашыраны ў марскіх, саланаватых і прэсных вадаёмах трапічных і ўмераных шырот, у т. л. ў Азоўскім, Каспійскім, Чорным і Японскім морах. Трымаюцца каля берагоў невял. касякамі, спалоханыя часта выскакваюць з вады. Асн. прамысл. віды з роду Mugil: лабан (M. cephalus), сінгіль (M. auratus), вастранос (M. saliens).

Даўж. да 90 (звычайна 35—50) см, маса да 7 кг. Цела валькаватае, тулава і галава ўкрыты буйной луской. На спіне 2 плаўнікі. Рот маленькі, зубы дробныя або адсутнічаюць. Нерастуюць паблізу берагоў у вер.—кастрычніку. Ікра пелагічная. Для нагулу заходзяць у залівы, ліманы. Кормяцца дэтрытам, абрастаннямі, дробнымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу, спарт. лоўлі і развядзення.

Да арт. Кефалевыя. Кефалі: 1 — сінгіль; 2 — лабан; 3 — вастранос.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫЯ РЫ́БЫ,

аб’екты рыбалоўства і рыбаводства, якія выкарыстоўваюцца чалавекам для харчавання і атрымання прадуктаў тэхн. перапрацоўкі (кармавая мука, рыбін тлушч, арган. тукі, скура, клей і інш.). Асн. П.р.: акулы, акунёвыя, асятровыя, камбалавыя, карпавыя, кефалевыя, ласасёвыя, селядцовыя, скарпенавыя (марскі акунь), скумбрыевыя, сомавыя, стаўрыдавыя, трасковыя, тунцовыя і інш. Адрозніваюць асн. (шматлікія) і пабочныя (нешматлікія) віды П.р., колькасць якіх залежыць ад экалагічных умоў вадаёма і можа змяняцца пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. На Беларусі каля 40 відаў П.р. У прамысл. уловах пераважаюць плотка, лешч, шчупак, карась, акунь, гусцяра, карп (сазан) і інш. Гадавы ўлоў азёрна-рачной рыбы 966 т (з азёр 608 т, з рэк 203 т, з вадасх. 155 т); з сажалак каля 4,5 тыс. т, пераважна карпа (1999).

т. 13, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)