Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЯМІ́ЧЫ,
група бескурганных могільнікаў і селішчаў зарубінецкай культуры (2—1 ст. да н.э. — 2 ст.н.э.) каля в. Велямічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл. На могільніках выяўлена 275 пахаванняў, з іх 10 — зруйнаваныя стараж.-рус. курганы, 12 — кенатафы. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; знойдзены грубаляпныя і глянцаваныя арнаментаваныя гаршкі, міскі, кубкі, бронзавыя і жал. фібулы, бронзавыя шпількі, арнаментаваныя трапецападобныя падвескі, кольцы і інш. На адным з селішчаў выяўлены рэшткі 3 пабудоў, адна з якіх зрубная з рэшткамі глінабітнага агнішча, і некалькі гасп. ям; сярод знаходак фрагменты грубаляпнога і глянцаванага посуду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТУ́НІЧЫ,
селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс.м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у тым ліку ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н,
зямельны насып над стараж. пахаваннем, часам засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. Звычай хаваць нябожчыкаў у К. склаўся на мяжы неаліту і энеаліту, на Беларусі — на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. Выяўленыя на Беларусі асобныя К. і курганныя могільнікі належаць усх.-слав. плямёнам, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам, найб.стараж. — плямёнам сярэднедняпроўскай культуры. Вядомы пад назвамі курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія або шведскія магілы. Адрозніваюцца формай, памерамі, унутр. будовай, становішчам нябожчыка, абрадам пахавання, характарам пахавальнага інвентару. Найб. пашыраны круглыя (дыям. 3—18 м, зрэдку да 25), доўгія курганы і падоўжаныя ў плане К. (даўж. 10—110 м). Да канца 1-га тыс.н.э. пахавальны абрад — трупаспаленне, у 11—13 ст. — трупапалажэнне. Найчасцей у К. пахаваны адзін нябожчык, радзей 2—3, зрэдку больш, бываюць пазнейшыя падпахаванні. Больш ранняе трупаспаленне адбывалася па-за межамі К., пазней на месцы насыпу; рэшткі крэмацыі змяшчалі на падсыпцы, на гарызонце, у гаршку ці інш. пасудзіне, у выкапанай ямцы. Трупапалажэнне ў залежнасці ад племяннога абраду адбывалася на гарызонце, у яме, у некат. К. выяўлены рэшткі драўляных трун. Нябожчыка клалі на спіне або на баку, зрэдку ў сядзячым становішчы, галавой у пэўным напрамку свету (ва ўсх. славян звычайна на 3). Пахавальны інвентар складаецца з керамічнага посуду (або яго рэштак), прылад працы і побыту, упрыгожанняў. Сустракаюцца насыпы без пахаванняў — кенатафы. У 14 ст. курганныя пахаванні заменены грунтавымі пахаваннямі на могілках.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Курган. Курганны могільнік каля в. Высачаны Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.