Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КВАС,
напітак з заквашанага жытняга цеста ці хлеба з соладам, з сухароў. Вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Пашыраны ў краінах Усх. Еўропы. На Беларусі робяць таксама з садавіны, ягад, бярозавага і кляновага сокаў (гл.Бярозавік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Хлебны квас 7/388
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Ліпец (квас) 2/259
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎГЕ́НЯ,
у беларусаў кісла-салодкая рэдкая мучная страва. Жытнюю муку размешвалі халоднай вадой, ставілі ў печ парыцца і саладзець, потым вылівалі ў хлебную дзежку, каб укісала. Елі Р., калі яна ўкісне. Вядома на ПнЗ Беларусі. У Мядзельскім, Браслаўскім р-нах Р. рабілі зусім рэдкай і пілі як квас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛІЎКА,
у беларусаў даўняя страва. Спачатку варылі мяса з прыправамі, у посныя дні — грыбы, рыбу. Потым невял. колькасць мукі разводзілі вадой і залівалі ў гаршчок (часам закалочвалі сухую муку), потым далівалі хлебны квас або сыроватку, бурачны расол. У некат. раёнах дадавалі хлебную рошчыну, гатавалі і са свіной крыві. На Магілёўшчыне, у Зах. і Цэнтр. Палессі П. — старая назва заціркі, калатушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІРАВА́НЫЯ НАПІ́ТКІ,
напіткі, насычаныя вуглякіслым газам да 5—10 г/л. Маюць своеасаблівы прыемны смак, асвяжальныя ўласцівасці і т.зв. пеністасць (інтэнсіўнае і працяглае выдзяленне бурбалачак газу). Вуглякіслы газ за кошт кансервавальных уласцівасцей павышае ўстойлівасць газіраваных напіткаў пры захоўванні. Натуральнае газіраванне напіткаў (шампанскае, сідр, піва, пеністае віно, хлебны квас) адбываецца пры браджэнні. Фруктовыя і мінер. воды, шыпучыя віны і ваду газіруюць у спец. апаратах (сатуратары, акратафоры) мех. увядзеннем і растварэннем у вадкасці вуглякіслага газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСНА́К,
у беларусаў даўняе хлебнае печыва ў выглядзе тоўстага бліна. Пяклі з жытняй мукі без закваскі, на содзе і сыроватцы. Цеста замешвалі крута, як на хлеб; выпякалі на патэльні. Спечаны П. пасыпалі соллю, кменам, змазвалі здорам; елі замест хлеба. Часам П. пяклі з хлебнага цеста, якое не падышло, з тоўчанай варанай бульбы і мукі, а таксама з рашчыненага на бліны, крута замешанага цеста. Пяклі П. і спецыяльна на квас. Месцамі П. наз. недакіслы хлеб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАДУ́ХА,
у беларусаў кісла-салодкая мучная страва. Наз. таксама путра. Жыта замочвалі на суткі, потым сушылі і малолі ў жорнах; разводзілі вадой у гаршку, прыварвалі і вылівалі ў дзежку закісаць. Як укісне, елі з бульбай. Часцей С. рабілі з жытняй нясоладавай мукі. Тады яе даўжэй парылі, каб лепш усаладжала, або дадавалі мёд, цукар. С. разводзілі таксама з грэцкай або з сумесі жытняй (2 часткі) і грэцкай (1 частка) мукі. З С. рабілі квас, на ёй некат. рашчынялі хлеб. На Мядзельшчыне, Пастаўшчыне С. наз. ўсаладжалую закалоту з жытняй мукі, з якой разводзілі раўгеню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНІ́КНІЦА (Geum),
кветкавая расліна сям. ружавых. Больш за 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах і ў Арктыцы. На Беларусі 3 віды П.: алепская (G. aleppicum), гарадская (G. urbanum), рачная (G. rivale). Трапляюцца ў лясах, садах, на ўзлесках, уздоўж дарог. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны П. чылійская (G. chiloense) і чырвоная (G. coccineum).
Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 80 см з прамастойнымі малагалінастымі сцёбламі. Прыкаранёвае лісце лірападобна-перыстае, сцябловае трайчастае або трохраздзельнае. Кветкі жоўтыя ці чырванаватыя, адзіночныя або ў шчытковых ці мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак. Карэнішчы П. гарадской («гваздзіковы корань») ужываюць як прыправу, дабаўляюць у піва, квас. Эфіраалейныя, меданосныя, харч., лек., дубільныя, інсектыцыдныя і дэкар. расліны.