клас паўхордавых. Каля 80 відаў. Большасць пашырана ў морах трапічнай зоны, астатнія — у морах умеранай зоны. Жывуць на рознай глыбіні на паверхні дна або ў мяккім муле, мулаватым пяску, на каралавых рыфах. Свабоднарухомыя. Тыповы прадстаўнік К. — баланаглос.
Даўж. ад 3 см да 2,5 м. Цела чэрвепадобнае, мае хабаток, каўнерык і тулава, пакрытае сліззю. Сценкі стрававода ў пярэдняй ч. працяты 2 радамі шчэлепных шчылін (адсюль назва). Кормяцца дробнымі жывёламі, рэшткамі раслін і інш.арган. рэчывамі. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, за выключэннем 1 жывароднага віду (Xenopleura vivipara). Развіццё з метамарфозам. Лічынка (тарнарыя) падобная да лічынак ігласкурых.