«КАЧА́Н»,

бел. народны танец. Пашыраны пераважна на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. мясцовасцях наз. «Капуста». Муз. памер . Тэмп умераны. Выконваецца пад прыпеўкі. У ім рознымі пластычнымі рухамі імітуецца «завіванне качана» (абрастанне яго лісцем). Танцоры, узяўшыся за рукі, становяцца ў ланцужок і закручваюцца клубком вакол апошняга танцора, які стаіць на месцы, ці ідуць за першым, ныраюць у «вароты», утвораныя з рук выканаўцаў. Часам танцуюць утраіх, ныраючы пад рукі адзін аднаму, ці мяняюцца месцамі, круцячыся пад руку. Выконваўся Першай бел. трупай І.​Буйніцкага. Вядомы і інш. варыянты танца.

т. 8, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́ЙЧЫК (Іван Аляксандравіч) (19.3.1935, в. Гута Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.2.1996),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у друку на Брэстчыне, на Бел. радыё, Гомельскай абл. студыі тэлебачання, у газ. «Чырвоная змена», «Гомельская праўда». Друкаваўся з 1954. Аўтар зб-каў нарысаў і апавяданняў «Багацце душы — людзям» (1966), «Пялёсткавы бераг», «Каласам хіліцца долу» (абодва 1969), «Калінавая квецень» (1984); кніг паэзіі «Аснова» (1977), «З маіх крыніц» (1994). Творы прасякнуты публіцыстычным грамадз. пафасам, шчырасцю пачуццяў. Запісаў і літаратурна апрацаваў кнігі партызан Р.​Лазабеева «Лясныя пабрацімы» (1972) и М.​Качана «Апалены ранак» (1994).

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЯ́,

сродак аховы людзей, ваен. тэхнікі, узбраення і абаронных збудаванняў ад снарадаў, куляў і інш.; трывалая абалонка або яе частка. Б. вырабляецца на аснове сталі, арган. і сілікатнага шкла, высокатрывалых лёгкіх сплаваў, пластмасаў і інш. Прамысл. выраб брані пачаты ў 19 — пач. 20 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі.

Бывае процікульная (таўшч. да 30 мм на лёгкіх баявых машынах, самалётах, верталётах і інш. для аховы ад куляў і дробных асколкаў), проціснарадная (30—400 мм на танках, караблях і абаронных збудаваннях для аховы ад снарадаў, уздзеяння ўдарнай хвалі). Паводле спосабу вытв-сці бывае літая, качаная, качана-каваная; гамагенная (аднародная па ўсёй таўшчыні) і гетэрагенная (неаднародная); маналітная (выраблена з аднаго ліста або адной адліўкі), камбінаваная (мнагаслойная; складаецца з асобных слаёў сталі, лёгкіх сплаваў, шкла, керамікі і інш.) і канструкцыйная (выраб асобных вузлоў і браніраваных канструкцый высокай трываласці).

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧА АДА́МА ДОМ-МУЗЕ́Й,

літаратурна-мемарыяльны музей у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Адкрыты 11.9.1938 у будынку, пастаўленым на месцы дома, дзе жылі бацькі А.Міцкевіча. У Вял. Айч. вайну разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1955 да 100-годдзя з дня смерці Міцкевіча. У 1989 праведзена рэканструкцыя сядзібы, якой нададзены выгляд пач. 19 ст. Адноўлены свіронак, альтанка, студня, флігель, які злучаны падземным пераходам з гал. домам. У 1992 адкрыта новая экспазіцыя. У музеі 7 экспазіц. залаў, пл. экспазіцыі 337 м². Больш за 5000 экспанатаў (2000) асн. фонду знаёмяць з жыццёвым і творчым шляхам Міцкевіча, яго грамадскай і паліт. дзейнасцю. Сярод экспанатаў прыжыццёвыя і сучасныя выданні твораў паэта, яго кнігі ў перакладах на мовы народаў свету, асабістыя рэчы, рукапісы перакладаў твораў Міцкевіча бел. паэтамі, карціны мастакоў 19 — пач. 20 ст. Ю.​Аляшкевіча, В.​Ваньковіча, Р.​Мясаедава, творы жывапісу, графікі і скульптуры сучасных бел. майстроў Л.​Асецкага, К.​Качана, П.​Крахалёва, А.​Шыбнёва, прысвечаныя паэту.

С.​М.​Анісімава.

Міцкевіча Адама дом-музей. Фрагмент экспазіцыі.

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да канца чэрв. 1944 у Барысаве і раёне. У ліку першых падп. група на чале з І.​П.​Даўгалавым і У.​У.​Лазоўскім створана на шклозаводзе. Пад яе кіраўніцтвам знаходзіліся маладзёжныя групы Б.​П.​Качана і ў Стара-Барысаве. Пад кіраўніцтвам Ф.​П.​Падаляна і А.​К.​Саламаціна дзейнічала група піянераў на чале з В.​Пашкевічам. Дзейнічалі групы: на чыг. станцыі (кіраўнік Дз.​І.​Лебедзеў), настаўнікаў (У.​К.​Бранавіцкі), на электрастанцыі, з-дах «Камінтэрн» і «Чырвоны металіст», запалкавай ф-цы, дрэваапр. камбінаце і інш. У рабоце падполля ўдзельнічалі ваеннаслужачыя. У горадзе працаваў падп. шпіталь і дзейнічала падп. група мед. работнікаў на чале з П.​Н.​Вусціным. Працавала друкарня Барысаўскага падп. гаркома-райкома КП(б)Б. Барысаўскія патрыёты выявілі школу абвера ў пас. Печы і яе філіял у прыгарадзе Барысава, знішчылі фельдкаменданта горада і нач. будаўнічай школы, вывезлі да партызанаў нач. барысаўскага аддз. контрразведкі штаба 4-й ням. арміі з важнымі дакументамі, здабылі план умацаванняў і ваен. аб’ектаў Барысава, схемы абарончых ліній Антосіна—Брылі, план перапраў цераз Бярэзіну і інш.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СТА (Brassica),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.

К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябло выш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 м выш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 см даўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябло выш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.

Літ.:

Чулкова Е.И., Переднев В.П., Городилов Н.А. Капуста. Мн., 1973;

Советы огородникам. 2 изд., Мн., 1989.

У.​П.​Пярэднеў.

Капуста: 1 — кармавая; 2 — пекінская; 3 — кальрабі; 4 — брусельская; 5 — белакачанная; 6 — цвятная; 7 — чырвонакачанная.

т. 8, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)